Праект партала
Рост
03.04.2018 / 20:19
«Гэтыя песні патрэбныя, каб вы танчылі». Топ-10 самых заўважных альбомаў сакавіка з Беларусі і з-за мяжы15

Сакавік выдаўся досыць урадлівым на музычнай глебе: як у Беларусі, так і па-за межамі. Мы сабралі 10 найбольш прыкметных музычных навінак месяца. Чытаем рэцэнзіі, слухаем і каментуем.

Moby «Everything Was Beautiful and Nothing Hurt»

У юбілейнай, пятнаццатай пласцінцы ветэран электроннай сцэны, здаецца, вяртаецца да вытокаў. Нагуляўшыся ў электрарок з постпанкам, Мобі пераходзіць да меланхоліі і суму, за якія мы яго некалі і палюбілі.

Праца, назву якой дала цытата Курта Вонегута, уздымае сацыяльныя праблемы і ўнутраныя канфлікты чалавека. Але за драпежнай цемрай і апошнім развітаннем музычны мастак пакідае нам надзею на святло.

Editors «Violence»

За 16 гадоў існавання гурт паспеў паэксперыментаваць з рознымі музычнымі жанрамі, але брытанцаў цяжка назваць авантурыстамі: «Violence» — усяго шосты іх студыйны альбом. І з кожным новым Editors нібыта перараджаюцца музычна.

Ідэя альбома — расказаць, як важна быць побач з тымі, каго мы кахаем. І як гэтае пачуццё дапамагае змагацца з усімі жыццёвымі перашкодамі.

Fratellis — «In Your Own Sweet Time»

 

The Fratellis імкліва выбухнулі ў 2006 годзе з дэбютным альбомам. Але пасля гэтага зніклі з музычных радараў.

Можна было б падумаць, што найлепшыя часы гурта засталіся ў «нулявых», і The Fratellis не выйдуць за межы калектыву адной песні «Chelsea Dagger». Але хлопцы працягваюць змагацца.

 

Onuka — «Mozaïka»

 

Здавалася б, тут усё проста. Але за дзясяткам «рознакаляровых» кампазіцый, якія склаліся ў «мазаіку», хаваецца столькі ж складаных мэсэджаў. 

«Mozaïka» — гэта тэмы вызначэння месца чалавека ў сусвеце, адзіноты, страты сяброў і пошуку сябе. Але ва ўсёй разнастайнасці і складанасці закранутых праблем Onuka застаецца выдатным прыкладам захавання народных украінскіх матываў у сучаснай музыцы.

 

Дельфин — «442»

 

Гэты альбом называюць самым злым і палітызаваным у творчасці музыкі. Але сам аўтар кажа, што злосці ў ім няма, ёсць раздражненне.

«442» — гэта надзённы каментар да падзей, якія ўзнікаюць апошнім часам у Расіі. Вытачаныя музычна, лірычна і вобразна, сем трэкаў з лічбавымі назвамі б’юць напавал.

 

Emir Kusturica & The No Smoking Orchestra — «Corps Diplomatique»

Гурт, дзе грае на гітары знакаміты рэжысёр, доўга не выдаваў нічога новага. Але напрыканцы сакавіка вырашыў парадаваць сваіх прыхільнікаў і аматараў балканскай музыкі новым альбомам.

Праслухоўванне можа дадаць крыху паўднёвага сонца ў беларускую халодную вясну.

 

Jack White — «Boarding House Reach»

Падчас асэнсавання і запісу альбома музыка стварыў вакол сябе асяроддзе, якое яго атачала ў 15 гадоў: стужкавы магнітафон, базавыя інструменты і самы элементарны мікшар для запісу. Гэта спроба зноў перажыць пэўныя моманты і абнавіць музычнае ўспрыманне.

Як нам кажа прэс-рэліз альбома: «Джэк Уайт пашырае сваё музычнае неба». І пры першым праслухоўванні рэліза хочацца далучыцца да гэтага працэсу.

 

 

Самое Большое Простое Число — «Мы не спали, мы снились»

Сэнс новай плыткі расійскага гурта можна апісаць, крыху змяніўшы цытату адной з песень: «Гэты песні патрэбныя, каб вы танчылі». Лідар гурта Кірыл Іваноў дадае, што альбом пра тую ступень вясёлага адчаю, калі не засталося аніякай надзеі. Таму застаецца толькі скакаць і рагатаць.

Беларускія рэлізы

МУТНАЕВОКА — «Метро»

 

Як сцвярджаюць музыкі, «Метро» — гэта метафарычнае асэнсаванне чалавечай душы. Са сваёй складанай сістэмай руху, светлымі прыпынкамі і чорнымі тунэлямі. Песні альбома — гэта асабістыя перажыванні аўтара, але падобныя пачуцці блізкія кожнаму слухачу.

Большая частка грошай на стварэнне альбома была сабраная праз краўдфандынг, і ўрэшце можна праслухаць вынік.

 

Бакей — «Nagchampa»

Летась Бакей выпусціў альбом «Нанонить» і стаў адкрыццём рэп-сцэны. У 2018-м Улад працягвае адточваць свой пазнавальны стыль і выпускае новы альбом.

Nagchampa — гэта палачкі духмяных рэчываў. Кагосьці яны заводзяць, а кагосьці расслабляюць. Гэтак жа і з трэкамі мінчука.

А што слухалі ў сакавіку вы? 

Піліп Каваленка

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура