Праект партала
Рост
24.04.2018 / 18:39
Прэм’ера новага сезона «Расповеду служанкі» на падыходзе. Расказваем, чаму варта паглядзець гэты серыял18

25 красавіка адбудзецца сусветная прэм'ера «Расповеду служанкі». Абяцаюць, што неўзабаве стужка з'явіцца і ў інтэрнэце.

Амерыканская антыўтопія, створаная па аднайменным рамане канадскай пісьменніцы Маргарэт Этвуд, паказвае, як лёгка прагрэс можа быць скіраваны назад і як кожны з нас можа аказацца рабом, за якія б правы і погляды не змагаўся.

Дзеянне: таталітарная дзяржава Рэспубліка Гілеяд

Гілеяд утвараецца на тэрыторыі сучасных ЗША пасля таго, як да ўлады пасля перавароту прыходзіць таталітарная тэакратыя. На землях пачынае панаваць царкоўная патрыярхальная дыктатура, стваральнікі якой прытрымліваюцца сваёй трактоўкі пісання ў старазапаветным ключы.

У Рэспубліцы ёсць свой сацыяльны ўклад, згодна з якім грамадства дзеліцца на некалькі катэгорый: гаспадары і слугі, якія на іх працуюць. Пры гэтым калі мужчыны, хай і не па сваім выбары, але ўсё адно маюць нейкія прафесіі кшталту ахоўніка ці кіроўцы, то абавязкі жанчын завязаныя выключна вакол адной місіі: нараджэння нашчадкаў для Рэспублікі.

Справа ў тым, што па сюжэце апошнім штуршком да перавароту стала масавая бясплоднасць жанчын. Вынасіць і нарадзіць дзіця атрымліваецца толькі ў адной з сотні. На хвалі перажыванняў за будучыню краіны рэлігійныя фанатыкі абвінавачваюць у гэтым тых, хто вядзе «грэшнае», на іх погляд, жыццё: геяў, лесбіянак, жанчын, якія паводзяць сябе «распусна». Большасць гэтых грэшнікаў забіваюць адразу. Фертыльных жанчын, хай і лесбіянак, забіраюць на службу ў бясплодныя сем’і, набліжаныя да ўлады, нараджаць дзяцей. 

Усе навокал упэўніваюць служанак у тым, што іх роля ў Гілеядзе — ганаровая і зайздросная. Але па-чалавечы да іх ставяцца толькі тады, калі яны цяжарныя. Увогуле ж служанкі не маюць права выходзіць з дома (толькі на чарговы паказальны абрад пакарання правініўшыхся ды ў краму, і тое па раскладзе), яны абавязаныя насіць бясформенную робу цёмна-чырвонага колеру і весці сябе цішэй вады. У іх нават няма ўласных імён.

Галоўная гераіня Джун (Элізабет Мос) да жыцця ў Рэспубліцы мела мужа, дачку, сяброў, цікавую працу. У жыцці пасля перавароту яе завуць «Of Fred». То бок тая, хто належыць Фрэду — Камандору, які абраў яе з жонкай для зачацця. Пры гэтым сам інтымны працэс прыніжальны: служанка кладзецца на ложак, каля яе галавы ўсаджваецца жонка Камандора. Мужчына мые рукі, здымае нагавіцы і прыступае да палавога акту са служанкай. Пры гэтым ён павінен глядзець у вочы сваёй сапраўднай жонцы.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што жонкі Камандораў вядуць больш свабоднае жыццё, яны ўсё роўна не маюць права на тую ж працу, напрыклад. Іх абавязкі абмяжоўваюцца першапачатковым патрыярхальным прызначэннем жанчыны: ствараць утульнасць і быць маці.

І іронія ў тым, што такія правілы яны пісалі для сябе самі, разам з мужчынамі. Бо былі ўпэўненыя, што праз вяртанне да традыцыйнасці зробяць гэты свет больш шчаслівым. Але хоць у фільме жонкі ніколі не кажуць адкрыта пра свае пачуцці, па іх тварах, рэакцыях і эмоцыях бачна, як яны самі не радыя таму, у чым цяпер бяруць удзел. Як і не радыя маўкліва выконваць абавязкі па дому, пакуль мужчыны займаюцца палітыкай.

Галоўная гераіня як сімвал барацьбы за чалавечую незалежнасць

Нягледзячы на тое, што многія назвалі серыял фемінісцкім, і ён сапраўды створаны жанчынамі пра жанчын, усё ж ён пра агульначалавечыя праблемы.

Галоўная гераіня Офрэд магла б абраць пакорлівае існаванне і службу на карысць створанай дзяржаўнай сістэме. Але яна не збіраецца мірыцца з новымі формамі рабства. Ёй недастаткова проста сядзець у каморцы, хадзіць за прадуктамі і быць «пастаўшчыцай» новых немаўлят. Не звар’яцець ёй якраз дапамагае думка пра магчымыя перамены, у якіх яна гатовая браць удзел пры першай жа магчымасці. Не зважаючы, што кожны тыдзень у Рэспубліцы кагосьці дэманстратыўна вешаюць, турмы перапоўненыя, а многія служанкі, якія яшчэ не страцілі розум, на мяжы суіцыду.

Гэты фільм пра свабоду ўнутры нас і звонку і пра тое, як лёгка яе могуць забраць, нават калі ты жыў годна.

Чаго чакаць ад другога сезона?

Цікава, што калі кніжка Маргарэт Этвуд была ўпершыню апублікавана ў 1985 годзе, яе палічылі радыкальным фемінісцкім выказваннем, якое зусім не адпавядае рэальнасці і не мае каштоўнасці. Менавіта таму, відаць, першая экранізацыя па гэтай кнізе ў 1990 годзе амаль ні ў каго не адклалася ў памяці.

Калі год таму з’явіўся новы фільм, яго суправаджалі міні-скандалы: стужку звязвалі з рэакцыяй на абранне прэзідэнта Трампа. Канечне, новы прэзідэнт Амерыкі і яго дзеянні наўрад ці падобныя да раманнай ваеннай хунты з іх суперкансерватызмам. Аднак фільм усё адно аказаўся вельмі трапным: ён выдатна дэманструе, што ні кансерватызм, ні леварадыкалізм, ні, само сабой, дыктатура не прыводзяць ні да чаго добрага.

Другі сезон зняты ўжо не па рамане пісьменніцы. Гледачоў пазнаёмяць з гісторыяй Рэспублікі Гілеяд, раскажуць, як і чаму яна ўтварылася. Творчая каманда абяцае, што гэтая частка будзе яшчэ больш змрочнай. З іншага боку, у гэтым абвінавачвалі і першы сезон.

Аднак сама пісьменніца Маргарэт Этвуд сцвярджае, што ў яе кнізе няма ніводнай зверскай практыкі гвалту з жанчын, якая б раней не выкарыстоўвалася людзьмі. І лепш нагадаць сабе, да чаго можа скаціцца свет, калі мы аддамо яго ў рукі фанатыкам любога кшталту. Менавіта таму прагляд гэтага серыялу каштоўны, пра шматлікія ўзнагароды і добрыя водгукі кінакрытыкаў згадваць тут не будзем.

Мая Лінь

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура