Мінчанцы Кацярыне Турок — 18 гадоў. Апошнім часам яны захапілася аўтаспортам.
Кацярына Турок. Трэніруецца дзяўчына на стадыёне школы «Золак».
У адказ на пытанне, ці можа яна ў сваёй машыне замяніць, напрыклад, кола, смяецца: «Я матор магу перабраць!»
Кацярына ўпэўненая: калі займацца любой справай, трэба гэта рабіць з разуменнем, з адказнасцю.
«Кожны гоншчык павінен ведаць, што адбываецца з яго машынай. Калі раптам нешта падчас заезду загрукала, трэба ацэньваць, ці зможаш ты скончыць гонку, або лепей спыніцца».
Аўтаспорт прыйшоў у жыццё 15-гадовай Каці выпадкова. Аднойчы бацька павёў дачку на картынг. Дачцэ дальнабойшчыка так спадабалася за рулём, што яна запатрабавала ў бацькоў: «Хачу ездзіць!»
«Першую сваю гонку памятаю добра. Сын майго трэнера не змог паўдзельнічаць у гонцы. Даў мне сваю машыну. Сказаў: «Вось тры педалі, вось стырно, вось каробка. Разбярэшся па ходу».
Гонку тую я, вядома, не закончыла. Кола трапіла ў яму. Але адрэналіну хапіла надоўга». Сёння Каця ездзіць на ВАЗ 2108.
Кацярына з бацькам. Ён дапамагае і падтрымлівае дзяўчыну ва ўсім.
«Гэтая машына лічыцца таннай і пры гэтым з моцным кузавам. Мы з татам набылі старое аўто, выкінулі адтуль грамадзянскія дэталі. Уставілі дэталі гоначныя».
Машына каштавала $5000, эпікіпіроўка — шлем, камбінезон, абутак — яшчэ $1000.
Кацярына — адзіная дзяўчына ў камандзе аўтагоншчыкаў.
«Спачатку мяне не ўспрымалі як суперніцу. Ну ходзіць нейкая дзяўчынка, хай ходзіць. Але пабачылі, як я сябе паводжу на трасе, што выйграю заезды, павага з’явілася. Прыемна, калі нават старэйшыя за цябе хлопцы з табой лічацца, размаўляюць, як з роўнай».
Тут машыны рыхтуюць да гонак.
«У салоне стаіць акумулятар, таму мы ездзім адны, без штурманаў. Да таго ж, на трэніроўках нас вучаць у машыне пераварочвацца. Са мной гэта здаралася двойчы».
Кацярына расказвае, што гоншчык вельмі шчыльна замацоўваецца ў крэсле, таму больш за ўсё страшна атрымаць траўму шыі.
«Ды і тое цяпер есць хамуты, якія фіксуюць шыю. І яна не боўтаецца».
Насуперак таму, што спорт траўматычны, бацькі Каці цалкам на яе баку.
«Бацька Аляксандр дапамагае як механік. Маці і брат таксама падтрымліваюць. Хаця брат да гэтага кпіць з мяне, пасля таго, як на грамадзянскай машыне я заглохла на скрыжаванні».
«Падчас гонкі трэба трымаць сябе ў руках. Заставацца вытрыманай. Пасля гонкі — вызваляйся ад эмоцый, як хочаш.
Праўда, для мяне аўтаспорт — гэта толькі пазітыўныя эмоцыі. Ніколі не злуюся ні на сябе, калі нешта не атрымліваецца, ні на машыну, ні на сапернікаў».
Кацярына вучыцца на трэцім курсе Магілёўскага тэатральнага каледжа. Яна — будучая актрыса драматычнага тэатра і кіно.
«Мне цікава брацца за любыя ролі. Спрабаваць сябе ў розных амплуа. Мой трэнер — каскадзёр, і я думала пра тое, каб таксама ў кіно быць каскадзёркай. Але ў ідэале было б самой быць у кадры і выконваць трукі».
Сваякі Кацю называюць Шумахерам. А сама Каця на гонкі «Формулы-1» глядзіць з прафесійнага пункту гледжання.
«Мне цікава, як пілоты выбудоўваюць траекторыю, як выстаўляюць машыну. І яшчэ перад самым пачаткам гонкі, калі буйным планам паказваюць твары гоншчыкаў, вельмі цікава бачыць, пра што яны думаюць, угадваць па іх эмоцыях і настроі, ці выйграюць яны сённяшні заезд. Паверце, гэта відаць заўсёды».
Так атрымалася, што Каця ездзіць за стырном з 15 гадоў, а правы кіроўцы атрымала толькі цяпер.
«У гонках яны не патрэбныя. І ўменне кіраваць гоначнай машынай мне хутчэй перашкаджала, калі я здавала на правы. У ДАІ здала з пятага разу: рэзкая язда добрая на гонках, а ў горадзе трэба рухацца плаўна, быць флегматыкам».
Машыну вяртаюць у гараж.
Што дапамагае Каці падчас трэніровак і гонак? Гурт «Акіян Эльзы».
«Іх песні заўсёды граюць у машыне. Яны паслухаць і для таго, каб слухаць адзін на адзін, і тады, калі мы з татам едзем у яго рэйс, гутарым пра ўсё на свеце ўсю ноч».
Каця верыць, што самыя яе галоўныя старты і перамогі наперадзе.
«Чаму? А проста не баюся памыляцца».
Наталля Тур, фота Сяргея Гудзіліна