Сёння ўжо нікога не здзівіш тым, што ты каштаваў фалафель і ведаеш, у якой з крамак Камароўкі яго робяць лепш за ўсё.
Мяне саму некалькі год таму літаральна зачаравала гэтая дзіўная і крыху смешная назва. Тады я вырашыла паспрабаваць зрабіць фалафель самастойна. І самым складаным аказалася не гатаванне, а пошук прадуктаў і рэцэпта.
Сёння прадукты знайсці не праблема, а вось рэцэптаў распладзілася такая вялікая колькасць, што не ведаеш, які лічыць правільным і самым смачным.
Варыянт, які вы знойдзеце тут, мне вельмі спадабаўся сваёй колькасцю зеляніны і абранымі спецыямі.
Фалафель — страва з нуту, якая паходзіць з Егіпта. Уяўляе сабой шарыкі са здрабнёнага нуту, смажаныя ў алеі;
Нут, ці турэцкі гарох — бабовая расліна з яскравым арэхавым смакам;
Булгур — від крупаў, які вырабляецца з пшаніцы;
Кумін, ці зіра — спецыя, выглядам падобная да кміну, але з гаркаватым прысмакам. Ужываецца для гатавання фалафеля, плову і страваў з мяса;
Тахінная паста — алейная паста са смажанага кунжуту.
Нут замачыць на ноч. Зліць ваду, зрабіць з яго пюрэ ў камбайне ці пры дапамозе мясарубкі. Цыбулю і часнок дробна парэзаць, зеляніну пасекчы. Дадаць да нуту булгур, зеляніну, цыбулю, часнок і ўсе астатнія складнікі. Добра перамяшаць. Дадаць 3 ст. л. вады і пакінуць у халадзільніку мінімум на паўгадзіны.
Сфармаваць з масы мокрымі рукамі 18 шарыкаў. На патэльні разагрэць алей (вышыня алею павінна быць каля 1—2 см). Падсмажыць шарыкі з усіх бакоў да залацістай скарынкі. Перакласці на папяровыя ручнікі, каб прыбраць залішні алей. Падаваць з соусам і свежай салатай.
Смачна есці!
Вольга Чарнова, фота на застаўцы eda.ru