Праект партала
Тонус
14.09.2018 / 12:11
10 сезонных прадуктаў-вітамінаў, якія трэба набываць восенню4

Восень не можа быць дрэннай, калі ведаць, што ў прыгожай сумцы, якую ты нясеш з рынку, ляжаць сакавітыя яблыкі, пузатыя грушы, зверху ўсё гэта прыкрытае пругкай зелянінай, а збоку выглядаюць чырвоныя шапачкі падасінавікаў. 

Гэта цэлы скарб вітамінаў, які абавязкова трэба пакаштаваць восенню, пакуль уся гародніна, садавіна, ягады і зеляніна самыя свежыя, самыя спелыя, самыя смачныя.

Мы адправіліся на Камароўку і распыталі ў тамтэйшай гаспадыні, персанажа бабы Раі, што самае карыснае і смачнае набываць восенню.

Яблыкі

Яблыкаў на Камароўцы на любы густ і колер. Вялікія, дробныя, салодкія, кіслыя, чырвоныя, жоўтыя, свойскія і з фермерскіх гаспадарак.

Калі вы купіце хаця б па адным яблычку кожнага гатунка, то запасу вітамінаў вам хопіць на тыдні два, не менш. Яблыкі ўтрымліваюць вітамін С, вітаміны групы B, калій, фосфар, клятчатку і іншыя карысныя рэчывы. Таксама яны багатыя на жалеза, ёд, фоліевую кіслату.

З яблыка можна прыгатаваць шарлотку, штрудзель, можна спячы яго, а можна насушыць і цэлую зіму варыць кампот. Але ў верасні лепш хрумстайце свежымі.

Грушы

Калі ў сумцы дастаткова месца, пакладзіце побач з яблыкам духмяную грушу.

Дарэчы, на Камароўцы можна купіць гатунак вялікай, сакавітай ігрушы, які так і называецца — «духмяная».

Грушы ўтрымліваюць у сабе макра- і мікраэлементы, якія неабходныя для здаровых крывяных клетак. Таму, калі вы хутка стамляецеся, з'ешце ў абедзенны перапынак ігрушу. Груша таксама дапаможа ад галавакружэнняў, якія ўзнікаюць пры ўзмоцненай фізічнай нагрузцы.

Арганічныя кіслоты пладоў грушы ўзмацняюць працэсы стрававання, паляпшаюць абмен рэчываў, стымулююць дзейнасць печані і нырак.

У рэшце рэшт, грушы — гэта проста смачна. Рэцэптаў з грушамі безліч. Можна прыгатаваць грушы ў карамельным сіропе або з сырам рыкота. 

Вінаград

Чым яшчэ варта ад’есціся ў верасні, дык гэта вінаградам.

Дыетолагі, праўда, сцвярджаюць, што ў вінаградзе шмат цукру, таму тым, хто сочыць за фігурай, не варта налягаць на салодкія бубачкі, але раз у год можна.

Тым больш што вінаград утрымлівае шмат антыаксідантаў і алеяў, якія спрыяюць умацаванню клетак і амаладжэнню скуры і ўсяго арганізма цалкам.

А выбар вінаграду вялікі. І зялёны, і чорны, і ружовы, з костачкамі і без іх.

З вінаграду можна прыгатаваць дэсерт пана-кота, або дадаць ягадку ў салату, або нават закатаць слоічак-другі марынаванага вінаграду. 

Інжыр

На Камароўскім рынку ў продажы з’явіўся свежы інжыр. Каштуе адна штука 1—1,50 рубля.

У інжыры ўтрымліваюцца клятчатка, фруктоза, глюкоза, бэта-карацін, вітаміны В, С, калій, кальцый, магній, фосфар і натрый, арганічныя кіслоты і дубільныя рэчывы.

А вось калію ў інжыры амаль столькі ж, колькі ў арэхах. Наяўнасць гэтага рэчыва неабходна для нармальнай працы сардэчнай мышцы і крыватвору.

Інжыр карысны пры захворваннях нырак і печані, бо валодае мачагонным эфектам. Прадукт асабліва запатрабаваны тымі, хто мае праблемы з сасудамі, таму што выдатна пашырае іх і здымае непатрэбнае напружанне. Дабратворна ўплывае інжыр на страўнік, ён валодае лёгкай слабільнай уласцівасцю, інжыр спрыяе нармалізацыі метабалізму.

Інжыр можна запякаць, рабіць з яго варэнне, але найбольш карысна з'есці свежую «цыбулінку» інжыра. Магчыма, нават не адыходзячы ад прылаўка. 

Капуста раманэска і брокалі

Замарожанай брокалі ці, скажам, квяцістай капустай нікога не здзівіш ні летам, ні зімой. Але тое ж замарожаная. А вось восенню на прылаўках рынку з’яўляюцца зялёныя гронкі свежай капусты брокалі і раманэска.

Раманэска — гэта гібрыд брокалі і квяцістай капусты.

Дзякуючы вітамінам, капуста раманэска паляпшае эластычнасць крывяносных сасудаў, робіць іх больш трывалымі, а таксама разрэджвае кроў. Капуста спрыяльна ўплывае на працу кішэчніка.

З такой капусты можна прыгатаваць безліч страваў. Яе смажаць, вараць, запякаюць, выкарыстоўваюць у салатах, з яе робяць соус. У прынцыпе, тое самае робяць і з брокалі, якая па сваіх карысных уласцівасцях не саступае капусце раманэска.

А вось калі вы хочаце разнастаіць сваю кухню, то раім прыгледзецца да такой расліны, як фенхель.

Фенхель

Гэтую расліну называюць лекавай, бо надта ж ужо шмат карысных рэчываў утрымлівае гэты ўкроп-пераростак. У ім і вітаміны, і мінералы, і карысныя элементы.

Фенхель ядуць і каб пазбавіцца ад праблем са страўнікам і кішэчнікам, яго раяць есці пасля багатых застолляў. Фенхель — незаменны прадукт для тых, хто сядзіць на дыеце. Яго ядуць у свежым выглядзе або заварваюць чай.

Патысоны

Гэтая гародніна выглядае як маленькія лятаючыя талеркі іншапланецян. Чаму б не паспрабаваць прыгатаваць іх на якую-небудзь вераснёўскую вячэру? Тым больш што карысных рэчываў у патысонах больш, чым у гарбузе і кабачках.

Патысоны лепш за ўсё засвойваюцца пры спажыванні з бялковымі прадуктамі, а ў прыватнасці з мясам. Патысоны — абавязковы пункт у меню людзей з хваробай жоўцевага пузыра, печані і язвамі стрававальных органаў.

Самы просты рэцэпт з патысонамі — нафаршыраваць іх мясам.

Падасінавікі, белыя грыбы, лісічкі 

Калі ў вас катастрафічна няма часу схадзіць у вераснёўскі лес на ціхае паляванне, то 10—15 рублёў у кішэні і візіт на Камароўку вас выратуюць.

Цяпер тут сезон на грыбы: белыя, лісічкі, падасінавікі.

У грыбах, напрыклад, бялку больш, чым у мясе, але засвойваецца ён горш. Затое ў грыбах шмат іншых карысных рэчываў.

Ну і што можа быць смачнейшым за талерку грыбнога супа, ад аднаго водару якога бягуць слінкі?

Бульба 

Раз вы ўжо на рынку, то прыхапіце з сабой з кілаграм бульбы. Гатункаў якой больш, чым гатункаў яблык.

Ну а з чым, як не з бульбачкай, есці грыбочкі, якія вы толькі што купілі?

Абавязкова не прамініце і прылавак з рознай зелянінай. Базілік, кінза, тархун, пятрушка толькі разнастаяць вашу вячэру. 

Шыпшына

Памятаеце шыкоўныя радкі Уладзіміра Дубоўкі?

О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!

Шыпшына — ягада, без якой вераснёўскае меню было б не поўным.

Ешце яе ў сырым выглядзе, назапашвайце вітамінамі. І абавязкова насушыце на зіму.

Шыпшына выкарыстоўваецца як танізавальны сродак, які ўмацоўвае імунітэт і агульны стан арганізма, ён выдатна ачышчае крывяносную сістэму, паляпшае абмен рэчываў, адказвае за прафілактыку атэрасклерозу і павышае супраціўляльнасць арганізма пры інфекцыях. Лячэбны адвар з шыпшыны паніжае ціск.

Насычайце арганізм вітамінамі. Хутка доўгая зіма. 

Наталля Тур, фота аўтаркі 

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура