17 кастрычніка ў межах праекта «Сваё кіно» у мінскім «АРТкінатэатры» адбудзецца творчы вечар рэжысёркі Мары Тамковіч. Яна прэзентуе (упершыню на радзіме) два кароткаметражныя фільмы: псіхалагічную драму «Дачка» і чорную камедыю «Fucking story».
Пасля атрымання прызавых месцаў на еўрапейскіх міжнародных фестывалях польскае кіно, створанае беларускай, нарэшце змогуць убачыць і суайчыннікі Мары.
Расказваем, каму будзе цікавае гэта кіно.
Даведка:
Мара Тамковіч, рэжысёрка. Амаль 13 гадоў таму пераехала ў Польшчу: апынулася там па праграме Каліноўскага і засталася вучыцца рэжысуры. Да таго як заняцца кіно, працавала ў сферы журналістыкі. Фільм «Дачка» стаў яе дыпломнай працай, грошы на яго дала прыватная школа, у якой Мара і навучалася (з улікам таго, што абсталяванне далі бясплатна, акцёры таксама гралі без ганарараў, на 30-хвілінную трагедыю 16-ці гадовай дзяўчыны і яе бацькі сышло каля 5 тысяч еўра). Дарэчы, Мара — дачка вядомага журналіста Аляксандра Тамковіча.
Трэйлер фільма «Дачка».
«НН»: Каго вы чакаеце на паказе 17 кастрычніка, каму будуць цікавыя вашы працы?
Мара Тамковіч: У «Дачкі» няма мэтавай аўдыторыі, фільм не скіраваны на абраную ўзроставую групую з пэўным узроўнем даходаў. Я разлічваю на шырокае кола гледачоў, але перадусім фільм ацэніць публіка, якая цікавіцца сучасным еўрапейскім кінематографам. Кароткаметражкі ў прынцыпе — досыць нішавы прадукт, яны не маюць шырокай дыстрыбуцыі. Гэта фільмы з катэгорыі «Іншае», якія хутчэй упісваюцца ў канцэпцыю еўрапейскага аўтарскага кіно, чым у жанравае амерыканскае.
«Дачка» — гэта маё аўтарскае выказванне на тэму бацькоўства і правоў жанчын, а «Fucking story», хоць і быў зняты па апавяданні Захара Прылепіна, таксама мне вельмі блізкі. Дарэчы, «Fucking story» здымалася як праца на залік, яе бюджэт склаў каля 100 даляраў.
«НН»: Чаму так атрымалася, што сусветная прэм’ера «Дачкі» адбылася ў красавіку, «Fucking story» увогуле выйшла ў пракат у 2015-м, яны паездзілі па фестывалях, але ў Беларусі дэманструюцца толькі цяпер?
МТ: Відаць, я дарасла да гэтага. Фільмы ўпершыню будуць паказвацца не проста ў межах фэстаў ці выключна для каманды або прадстаўнікоў медыя, гэта першы індывідуальны паказ з рэкламай, мой дэбютны творчы вечар. І мне вельмі прыемна, што гэта падзея адбудзецца менавіта ў Мінску, на радзіме.
«НН»: «Дачка» пачала здымацца раней, чым распачаўся рух Me Too, але стужка якраз «цытуе» тэму гвалту, і так бы мовіць, трапіла ў хвалю. Чым тэма дамаганняў, гвалту вам блізкая?
МТ: «Дачка» не з’яўляецца аўтабіяграфічнай. Гэта нават не чыя-небудзь канкрэтная біяграфія, як было, напрыклад, з маім фільмам «Ураўненне». Гэта зборнік розных расповедаў, якія я збірала ў працэсе падрыхтоўкі да здымак: знаёмілася з тым, як разглядаюцца справы ў паліцыі, як у гэтай сістэме выглядае змаганне за справядлівасць, калі дзяўчына становіцца ахвярай.
Перш, чым пачаць здымаць кіно, заўсёды шукаеш тэму, да якой будзеш неабыякавай, якая дасць імпульс да таго, каб аформіць нейкае выказванне. А яно, у сваю чаргу, стане ўдзельнікам грамадскай дыскусіі. Любое аўтарскае кіно — гэта нейкая пазіцыя. У пошуках тэм я пастаянна праглядаю газеты, уважліва слухаю жыццёвыя гісторыі — гэта рэгулярная і манатонная праца.
«НН»: То бок, самі вы з гвалтам не сутыкаліся?
МТ: Не. Але калі шырока разглядаць кампанію Me Too, харасмэнт ці нейкія сітуацыі на мяжы, то са мной аднойчы здарыўся выпадак, які можа выклікаць смех, калі я пра яго распавядаю цяпер, але тады мне было зусім не да смеху.
Я ехала ў цягніку «Мінск-Варшава» і апынулася ў купэ з двума мужчынамі, абодвум было за 40—50 гадоў. Пайшла спаць на верхнюю паліцу, аднак пасярэдзіне ночы прачнулася ад таго, што адзін з іх стаяў і лізаў мне руку. Я разумела: дзверы ў купэ зачыненая. Пакуль я наверсе, то маю нейкую перавагу, магу неяк адбівацца, але як толькі паспрабую выйсці, прайграю. Крычаць? Сумнеўна: дзверы зачыненыя, не факт, што нехта адразу мяне пачуе. Я ў стрэсе даехала да Мінску, разважаючы, што я мушу рабіць далей. Уявіла сабе сітуацыю, калі я падыду да правадніцы і папрашу выклікаць міліцыю, бо мяне лізнуў мужык. Уявіла сабе яе рэакцыю: «Девушка, вы чего, вы о чем?».
У нашым грамадстве ахвяры не давяраюць. Ды і самі яны часта вінавацяць сябе ў тым, што адбылося. Чамусьці, калі ў знаёмага, напрыклад, скралі тэлевізар, нашым першым імпульсам не будзе сказаць яму: «А сапраўды? Можа, ты хлусіш і хочаш абвінаваціць у злачынстве суседа, якога не любіш?». А калі ідзе гаворка пра гвалт, то аўтаматычна адна з пешых рэакцый будзе наступнай: «А можа яна ўсё ж такі перабольшвае, можа, гэта быў жарт ці яна недастаткова выразна казала «не»?». І калі згадваць абмеркаванні ў кінатэатрах, якія ладзіліся пасля дэманстрацыі «Дачкі», то ўсе яны былі пацвярджэннем таго, у якім стане знаходзіцца грамадская свядомасць: мы аўтаматычна скажона глядзім на гэтую праблему.
За працай.
«НН»: Кіно будзе ісці ў «АРТкінатэатры» па-польску, але з субцітрамі?
МТ: Так, фільм зняты а польскай мове і будзе дэманстравацца, наколькі я ведаю, з расейскімі субтытрамі.
«НН»: А ці ёсць у вас планы на цалкам беларускае кіно, што тычыцца месца здымак і мовы?
МТ: Так, я хачу зняць фільм у Беларусі. І ўжо маю сюжэтны сінопсіс, а таксама прадзюсарку, якая выказала зацікаўленасць са мной пасупрацоўнічаць. Гэта мара-план на дадзены момант: зрабіць дэбютны поўнаметражны фільм на радзіме (як мінімум, часткова, і каб галоўная гераіня дакладна была беларускай). Больш пакуль нічога не скажу. Акрамя таго, што актыўна заахвочваю ўсіх патэнцыйных партнёраў з беларускай кінаіндустрыі, каб яны далучыліся да нашай творчай каманды.
«НН»: Ці глядзелі вы фільмы маладых каляжанак, якія нядаўна ішлі ў шырокім пракаце ў Мінску — «Крышталь» Дар’і Жук ці «Заўтра» Юліі Шатун? Што можаце пра іх сказаць? Як вам «Крышталь» як прадстаўнік Беларусі на «Оскары»?
МТ: Я сачу за лёсам гэтых фільмаў, але, на жаль, не мела пакуль магчымасці паглядзець: разміналася з імі ў Мінску. Але я вельмі радая, што ў беларускім кіно з’яўляюцца імёны, і што іх творы выходзяць у шырокі пракат, на які не трэба прымусова заганяць школьнікаў. І яшчэ больш мне прыемна, што беларускае кіно цяпер — гэта таксама жанчына! Трымаю кулачкі за «Крышталь» на Оскары і зычу камандзе поспехаў.
«НН»: У 2016-м годзе вы працавалі і з дакументалістыкай: прынамсі выступілі рэжысёркай мантажу стужкі «Трымайся, братка» пра добраахвотнікаў атрада ва Украіне, які ратуе параненых салдат проста на полі бою. Сёння вас больш цікавіць гульнявое кіно?
МТ: У дакументалістыцы, акрамя «Трымайся, братка» для Белсата, я таксама на замову зрабіла аўтарскі дакументальны фільм пра польскага гоншчыка. Але дакуменаталістыка заўсёды мела другія ролі ў маім жыцці, пакуль я больш камфортна адчуваю сябе у гульнявым кіно.
Беседовала Катерина Карпицкая, фото Александры Сковран