Летась з глыбіні гламурных кабакоў на мінскую рэп-сцэну вырвалася беларускамоўная рэперка Барбара Гузарэвіч.
Яна дзёрзка расказвала пра жаночы поспех і недасяжнасць ды шкадавала хлопцаў, якія жывуць з мамамі.
За год Барбара выпусціла некалькі кліпаў, у адным з іх у дэталях апісвала працэс трапяткога сэксу і казала, што на такія тэмы яе натхняе каханне. Але як аказалася, акурат у гэты час каханне з яе жыцця пачало знікаць.
Барбара Гузарэвіч, фота з сацыяльных сетак
Як стала вядома «Нашай Ніве», напрыканцы мінулага года шлюб Гузарэвіч пахіснуўся: муж-праграміст не разумеў жонку і не толькі не падтрымліваў яе ў новых захапленнях, але і кпіў з творчасці. Жыць у такой атмасферы Барбара не магла, пакрысе аформілася думка аб непазбежнасці разводу.
У жніўні 2020-га пара развялася. Але праз нейкі час былы муж перагледзеў погляды на каштоўнасці і ўзяўся вяртаць рэперку. Яна здалася.
«Цяпер усё змянілася: раней усё, што я хацела рабіць, было не ок, цяпер усё — ок. Нават падтрымаў мяне ў маім захапленні сферай прыгажосці, я думаю пра сваю студыю прыгажосці. Калі мы разыходзіліся, я не планавала вяртацца, але ён быў вельмі настойлівы і не здаваўся», — расказала Гузарэвіч «Нашай Ніве».
Другі раз маладыя ўзялі шлюб у лістападзе.
NN.by