Праект партала
Тонус
06.03.2021 / 08:00
Чаму валасы сівеюць праз стрэс — ёсць навуковае абгрунтаванне

Кажуць, валасы каралевы Францыі Марыі-Антуанэты сталі цалкам сівымі ўсяго за адну ноч — перад яе абезгалоўліваннем. Менавіта таму хуткае пасівенне валасоў сталі называць сіндромам Марыі-Антуанэты. Аднак не ўсе вераць у праўдзівасць гэтай гісторыі, як і ў тое, што валасы могуць ссівець пасля раптоўнага і моцнага стрэсу. Пры гэтым існуе нямала выпадкаў, калі менавіта нервовае напружанне выклікала такі эфект.

Фота Depositphotos.com

Скура галавы чалавека мае ў сярэднім 100 тысяч валасяных фалікулаў. Унутры іх знаходзяцца стваловыя клеткі, якія з’яўляюцца крыніцай меланацытаў — клетак, якія вылучаюць пігмент меланін і тым самым вызначаюць колер валасоў.

Нармальны цыкл росту валасоў мае тры стадыі: анаген (актыўная фаза росту), катаген (дэгенерацыя клетак) і тэлаген (стадыя адпачынку). 

Малюнак Depositphotos.com

Выпрацоўка меланацытаў пачынаецца на пачатку стадыі анагену. З узростам колькасць гэтых клетак скарачаецца, у выніку чаго пігментаваныя валасы спачатку становяцца шэрымі, а пасля ўвогуле белымі, калі валасяныя фалікулы цалкам губляюць пігмент.

Аднак акрамя старэння, ёсць і іншыя фактары, якія ўплываюць на заўчаснае пасівенне. Сярод іх дэфіцыт харчавання, такія разлады, як алапецыя (інтэнсіўная страта валасоў) ці вітыліга (парушэнне пігментацыі), а таксама стрэс. Раней лічылася, што стрэс паскарае працэс старэння, а ўжо яно робіць валасы сівымі. Але нядаўнія даследаванні выявілі, што на сівізну стрэс уплывае непасрэдна.

Крэмавая формула стойкай фарбы для валасоў Hair Happiness насычана расліннымі пратэінамі, якія надзейна абараняюць цэласнасць структуры валасоў у працэсе афарбоўвання, а таксама ўтрымлівае ланалін, які дазваляе захаваць пругкасць, гладкасць і надае валасам раскошны бляск.

Пластычная тэкстура фарбы забяспечвае зручнае раўнамернае нанясенне і аднастайны, насычаны колер.

Бін Чжан (Bing Zhang), супрацоўнік Гарвардскага ўніверсітэта, разам з калегамі правялі вопыт з мышамі. Жывёл або падвяргалі болю, або абмяжоўвалі рух, або выклікалі для іх складаную псіхалагічную сітуацыю — ва ўсіх выпадках мышы перажывалі моцны стрэс. Як сцвярджаецца ў артыкуле Nature, незалежна ад таго, што было прычынай стрэсу, у валасяным фалікуле змяншалася колькасць меланацытаў, праз што ў поўсці мышэй з’яўлялася сівізна.

Чаму так адбываецца?

Спачатку адно з тлумачэнняў было звязана з уздзеяннем стрэсавага гармону, вядомага як картыкастэрон, які мае ўплыў на колер валасоў. Другое тлумачэнне — аўтаімунная рэакцыя, у выніку якой імунітэт праз стрэс памылкова знішчае клеткі меланацытаў.

Аднак пазней даследчыкі паспрабавалі прадухіліць у арганізме мышэй картыкастэронавы сігнал, а таксама падавіць актыўнасць імунітэту, каб пазбегнуць аўтаімунных атак. Але ў абодвух выпадках пасля стрэсу ўсё роўна назіралася пасівенне.

Прычына была ў іншым: у меланацытных клетках знайшлі рэцэптары да нейрамедыятара, вядомага як норадрэналін, які задзейнічаны ў стрэсавых рэакцыях. Норадрэналін удзельнічае ў нервовых ланцужках, якія вырашаюць, ці хавацца арганізму ад крыніцы стрэсу, ці спрабаваць ёй процідзейнічаць. Калі даследчыкі адключалі рэцэптары да норадрэналіну, поўсць мышэй не сівела пасля стрэсу.

Крыніцай норадрэналіну з’яўляюцца нейроны сімпатычнай нервовай сістэмы, якая настройвае арганізм на надзвычайныя абставіны. Даследаванні выявілі, што вельмі шмат такіх нейронаў злучаныя з валасяной сумкай, дзе і знаходзяцца меланацыты. Калі навукоўцы адключалі гэтыя нейроны ці падаўлялі выкід норадрэналіну з іх, то стрэс ніяк не ўплываў на колер поўсці мышэй. І наадварот, калі тыя ж нейроны наўмысна спрабавалі актываваць, то мышы сівелі, нават калі крыніц стрэсу не было.

Меланацытныя стваловыя клеткі працуюць цыклічна. Калі колер валасоў мусіць аднавіцца, вылучаецца частка меланацытаў, але пры гэтым частка з іх застаецца на месцы, каб падтрымліваць колькасць стваловых клетак, якія пасля таксама становяцца меланацытамі. Падчас стрэсу норадрэналін занадта моцна актывізуе стваловыя клеткі, у выніку чаго яны амаль усе ператвараюцца ў меланацыты. Гэта пазбаўляе стваловыя клеткі крыніцы для аднаўлення ў будучыні.

Аднак не толькі меланацытныя стваловыя клеткі рэагуюць на стрэс. Ёсць звесткі, што тое ж самае адбываецца і са стваловымі клеткамі крыві. Праз стрэс яны пакідаюць свае зоны ў касцяным мозгу, дзе знаходзяцца там, каб стваловыя клеткі маглі аднаўляцца. Такі ўплыў тлумачыць, чаму стрэс паслабляе імунітэт, выклікае розныя захворванні і агулам прымушае арганізм хутчэй старэць.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура