Праект партала
Густ
10.06.2021 / 12:49
Тры месяцы працы: спявачка Кацярына Ваданосава пашыла беларускі народны строй ФОТЫ

Спявачка Кацярына Ваданосава пашыла беларускі народны строй. Традыцыі спалучыла з аўтарскім бачаннем касцюма. Андарак, кашуля, гарсэт, фартух, намітка, пояс, каралі — усё гэта Кацярына зрабіла ўласнаручна.

«Мае бабулі і прабабулі добра шылі, некаторыя рэчы, створаныя імі, у мяне захаваліся, — распавядае яна. — Але ніхто з іх мяне не паспеў навучыць, яны даволі рана памерлі. Мне «пашанцавала»: я была хваравітым дзіцем, і калі ўсе мае аднакласнікі хадзілі ў школу, я сядзела дома. У мяне быў небагаты выбар, чым займацца, — рукадзельнічаць ці кніжкі чытаць. Я чаргавала гэтыя два віды дзейнасці. 

Калі мне трэба зрабіць гістарычную рэканструкцыю, я падымаю літаратуру. Я ведаю, якімі швочкамі рабіць строй ХІІІ стагоддзя, а якімі — XVI стагоддзя».

Новы строй — гэта эклектыка традыцый некалькіх рэгіёнаў. Кашуля — Гомельшчына, клятчастая спадніца — Гродзеншчына, гарсэт з вытачкамі — мода Заходняй Беларусі.

«Найбольшым натхненнем у гэтым строі для мяне паслужыла вышыўка белым па белым. Яна характэрна для маленькага рэгіёна — вёскі Неглюбкі. Часта такія бялявыя кашулі рабіліся або на вяселле, або на пахаванне. Мне хацелася пашыць нешта лёгкае, урачыстае, светлае.

Гэта маё аўтарскае бачанне беларускага народнага строя. І для мяне яшчэ важна было зрабіць так, каб кожны элемент быў прыдатны ў штодзённым жыцці. Можна надзець, напрыклад, кашулю і зверху сучасны сарафан».

На пашыў строя ў Кацярыны пайшло каля трох месяцаў. Практычна ўсё — ручная праца. 

«Я карыстаюся машынкай пачатку ХХ стагоддзя, дзе трэба круціць кола рукой. І ёсць «Зінгер», які падчас вайны закопвалі ў зямлю, каб немцам не дасталася. Працэс пашыву на гэтых машынках таксама не вельмі адрозніваецца ад ручнога», — дадае спявачка.

Фартушок з тонкага льну яна аздобіла самаробнымі карункамі і мярэжкай (ажурная вышыўка, калі з палатна выцягваюць частку нітак, а астатнія перавіваюць). Гарсэт з воўны стварала так, як яе бабуля: кожную частку ставіла на падкладку асобна, а пасля сшывала дэталі паміж сабой. На андараку зрабіла 9 шэрагаў маршчэння па таліі, дзе даўжыня кожнага шыўка — два міліметры. Такімі шыўкамі трэба было прайсці палатно шырынёй тры метры, каб пасля сцягнуць да патрэбнага памеру.

«Самае складанае для мяне, напэўна, ткацтва. Гэта цяжка з пункту гледжання арганізацыі працы. Спачатку трэба матаць ніткі, пасля выганяць з пакоя дзяцей і ката, каб ніхто не замінаў, — усміхаецца Кацярына. — Бо абматаныя стаяць крэслы, каб пасля ніткі можна было рассартаваць, заправіць у дошчачкі. Гэта аднастайная, марудная і механічная праца.

Я не вельмі люблю вязаць. А паколькі на фартуху ёсць карункі, вязаныя шыдэлкам з тонкіх катушачных нітак, на іх у мяне сышло шмат часу. Калі на вышыўку ў мяне рука ўжо настолькі набіта, што хоць навобмацак магу, хоць у машыне падчас руху, то тут трэба было ўглядацца, а паколькі зрок у мяне дрэнны, вочы вельмі стамляліся».

Усяго ў спявачкі два самаробныя беларускія жаночыя строі. Кацярына таксама шыла ўборы для дзяцей і мужа.

У цяперашні складаны час шытво для яе стала аддушынай.

«Ратуе надзея на тое, што дзеяннямі сваімі я хаця б крышку спрыяю распаўсюду беларускай культуры. Бо вельмі цяжка разумець, што мала што магу зрабіць зараз, акрамя шытва ды навучання дзяцей у школе».

НЛ, фоты Арцёма Тарасевіча

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура