Праект партала
Дома Праверце, ці бяспечны ваш дом для малых дзяцей — топ галоўных прычын траўм у немаўлят1
24.01.2019 / 11:41

Доктарка Наталля Наўроцкая, кіраўніца Цэнтра падтрымкі мацярынства і дзяцінства «Мамстарт» і праекта «МамЭксперт», разам з калегамі распачала працу над новым праектам пад назвай «Дзеці ў бяспецы»*.

У ім яны хочуць інфармаваць будучых бацькоў пра тое, як зрабіць свой дом бяспечным для малых дзяцей і такім чынам знізіць колькасць траўм і дзіцячых смяротнасцяў праз няшчасныя выпадкі.

Паразмаўлялі з Наталляй пра тое, на што трэба звярнуць увагу ўсім бацькам у першыя месяцы жыцця іх дзіцяці.

Наталля Наўроцкая.

— У свой час я скончыла медыцынскі ўніверсітэт, працавала кансультанткай для маці з эндакрыннай паталогіяй. Я і сёння працягваю карэктаваць парадзіхам гарманальны фон у Мінскай абласной радзільні. Аднак пасля таго, як здабыла досвед нараджэння і выкормлівання трох уласных дзяцей, мне захацелася пагрузіцца ў мацярынскую тэму яшчэ глыбей. Захацелася дзяліцца ведамі з іншымі маці, якім не хапае банальных падказак.

Мне здавалася, што я, як чалавек з медадукацыяй, які доўгі час працаваў з цяжарнымі жанчынамі і маладымі маці, буду ведаць пра тэму мацярынства ўсё. Аднак калі ў 2005 годзе нарадзіўся мой першынец, усё аказалася зусім не так.

На той момант інфармацыя ў інтэрнэце для маці была вельмі разрозненай, і толькі пазней я зразумела, што дапусціла ў выхаванні шмат памылак, якіх можна было б пазбегнуць (напрыклад, не імкнуцца быць ідэальнай маці, не перажываць за кожную хваробу, памятаць пра сябе, права на адпачынак і ўласныя цікаўнасці).

Сёння тэматычных артыкулаў у інтэрнэце шмат, аднак ад гэтага жанчынам не прасцей: з дзясяткаў крыніц складана выбраць адну, якой можна было б даверыцца і не перажываць за яе дакладнасць. Каб дапамагаць такім самым разгубленым маці, як і я, я і стварыла ў 2014 годзе праект «МамЭксперт».

У адным месцы мы збіраем экспертныя адказы на галоўныя пытанні: як аднавіцца пасля родаў, як наладзіць грудное выкормліванне, якім лекам не варта давяраць, на якія хваробы дзіцяці звярнуць увагу, а якія — не вартыя панікі і гэтак далей.

Канечне, на нашы курсы і вебінары запісваюцца і таты, нават часам па сваёй ініцыятыве прыводзяць да нас жонак. Аднак усё адно менавіта маці ў Беларусі ў першую чаргу займаюцца выхаваннем дзіцяці. У нас пакуль не Швецыя, дзе мужчына на 100% нароўні з жанчынай даглядае дзяцей.

У нашым грамадстве адсутнічае ўласнае жаданне падстрахавацца, прадумаць нейкія моманты наперад. Звычайна нейкія дзеянні ўзнікаюць толькі як адказ на нешта, калі ўжо нейкая бяда адбылася. Толькі постфактум мы пачынаем разумець, што гэта было небяспечна. Таму мне самой захацелася сфакусавацца на тэме бяспекі.

Асноўныя парады будучым бацькам па рэарганізацыі сямейнага гнязда ў больш бяспечнае месца

— Нованароджаныя ў асноўным спяць, ядуць і гуляюць. Таму трэба закцэнтаваць увагу на гэтых трох варыянтах жыццядзейнасці.

Дарэчы, думаць пра бяспеку трэба яшчэ з моманту выпіскі з радзільні. Многія доўга абіраюць прыгожыя канверты, але лепш бы пераключыліся на набыццё аўтакрэсла — менавіта ў ім трэба транспартаваць малога з першага дня яго жыцця па-за межамі радзільні.

З ложкам тая ж сітуацыя: замест таго, каб думаць пра балдахін і ўпрыгожванне спальнага месца, загадзя паклапаціцеся пра галоўныя складнікі: добры цвёрды матрац, лёгкую коўдру, корпус ложка, які не павінен мець вялікія шчыліны (не больш за 6—7 см).

Матрац павінен шчыльна прылягаць да самога ложка: здараліся выпадкі, калі дзеткі правальваліся паміж ложкам і матрацам, уткнуўшыся носам у дзірку, не маглі павярнуцца і задыхаліся. Бамперы на ложку павінны быць надзейна зафіксаваныя, а завязкі не перавышаць 10 см.

Падушку да года лепш увогуле не выкарыстоўваць. Коўдру — толькі калі вельмі халадно, і тое, яна павінна быць лёгкай: лепш уцяпліць дзіця адзеннем. Майце на ўвазе спецыяльныя фіксатары для пакрывала, якія не дадуць яму збіцца.

Бялізну абірайце без усялякіх гузікаў і вышыўкі. Складнік — бамбук ці бавоўна.

У дзяцей ад 0 да 3 месяцаў самымі распаўсюджанымі траўмамі з’яўляюцца аспірацыя (калі страўнікавае змесціва трапляе ў дыхальныя шляхі), падзенні (малыя не ўмеюць поўзаць і хадзіць, але лёгка могуць адштурхнуцца ад сценкі спавівальнага століка нагой — і такім чынам выпасці адтуль) і апёкі.

Да 6 месяцаў непажадана, каб дзіця спала на жываце: гэта павышае рызыку сіндрому раптоўнай дзіцячай смерці. Існуюць спецыяльныя фіксатары, якія не даюць дзеткам пераварочвацца. Найлепшы сон для малых — на спіне. Але калі яны схільныя да зрыгвання, то можна падкласці пад матрац скручаны ручнік (каб, калі малы засне, усё, што ён зрыгне, лепш выцякала). У такім выпадку таксама дапускаецца сон на баку.

Фота: gstatic.com.

Да гэтага часу дыскутуюць наконт таго, дзе сон лепшы: у асобным ложку ці побач з маці?

З псіхалагічнага пункту гледжання, канечне, з маці больш камфортна. Але з пункту гледжання бяспекі — не. Трэба сто разоў падумаць, перш чым рызыкнуць пакласці дзіця на вашы вялікія падушкі і коўдры. Чаго дакладна не варта рабіць — дык гэта ўкладваць яго паміж маці і татам. У жанчыны, калі дзіця побач, сон неглыбокі: меншая рызыка, што яна прышчэміць малога. А вось тата лёгка можа прыціснуць, стаміўшыся пасля працы і моцна заснуўшы. Лепш за ўсё — зняць бакавую сценку дзіцячага ложка і прысунуць яго да спальнага месца маці. Так жанчына зможа кантраляваць дыханне сына ці дачкі, фазы сну сінхранізуюцца.

Як толькі дзіця пачынае поўзаць, прыбіраем з-пад ног усе правады: яны могуць падацца вельмі цікавымі, будзе спроба іх пагрызці. Дарэчы, пры дасягненні дзіцём узросту 8—9 месяцаў атручванні выходзяць на першы план. Малыя ўжо вельмі актыўныя і цягнуць у рот усё, каб пазнаць гэты свет, пачынаючы ад сродкаў бытавой хіміі і заканчваючы знойдзенымі манеткамі. У дзіцячым хірургічным цэнтры апошнім часам былі вымушаныя дадаваць стаўкі хірургаў: бонсцікі і манеты — тое, што пастаянна дастаецца з дзетак.

У 5—6 месяцаў дзеці пачынаюць спрабаваць стаць на ногі і, прытрымліваючыся, цягнуць на сябе ўсё: менавіта таму пазбаўцеся на гэты перыяд усіх абрусаў з рэчамі на іх. Не садзіцеся з нашчадкам за стол, калі там стаіць нешта гарачае, і гэтак далей.

Сёння многія бацькі любяць вучыць немаўлят плаваць. Гэта крута, бо ў тых развіваецца нервовая і апорна-рухальная сістэмы. Аднак не забывайцеся, што спецыяльныя кругі для плавання — гэта толькі ілюзія бяспекі: адтуль можна хутка выскачыць ці набраць у рот вады падчас актыўных рухаў нагамі і рукамі і захлынуцца, варта маці толькі на хвіліну адвярнуцца. Акрамя таго, трэба быць вельмі ўважлівымі да тэмпературы вады: часцяком бацькі мераюць яе па сабе, а грудныя дзеткі потым ходзяць з апёкамі.

Час бяжыць хутка, таму загадзя стварыце бяспечную прастору для вашага «даследчыка»: аснасціце разеткі заглушкамі, зрабіце нешта з вострымі кутамі ў мэблі, зачыніце шафы і вокны блакатарамі, а дзверы аснасціце фіксатарамі, забяспечце надзейную фіксацыю для шаф, камодаў, тэлевізара, зачыніце доступ да небяспечных зон брамамі бяспекі.

Цікава ведаць: на сайце праекта «МамЭксперт» у сакавіку з'явяцца інтэрактыўныя мапы — кватэры з рознымі пакоямі, на кожным з якіх дэманструецца, якія аб’екты, мэбля ў кватэры могуць быць небяспечнымі для дзяцей у розным узросце. Хутка ў беларускіх лякарнях пачнуць з’яўляцца перасоўныя боксы з макетамі такіх кватэр: куткі бяспекі першапачаткова можна будзе патэсціраваць у Мінскай абласной радзільні, Салігорску, Маладзечне і Барысаве.

* Сацыяльны праект «Дзеці ў бяспецы» — ініцыятыва Наталлі Наўроцкай, кіраўніка Цэнтра падтрымкі мацярынства і дзяцінства «Мамстарт» і кампаніі «МамЭксперт». Рэалізуецца ў рамках праграмы «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Беларусі» («БЕЛМЕД»), што фундуецца Еўрасаюзам і ажыццяўляецца ПРААН, СААЗ, UNICEF, UNFPA ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота на застаўцы parents.ru

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні