Праект партала
Гісторыі Адзіная беларуская парода коней можа знікнуць праз дзесяць гадоў16
09.10.2019 / 11:16

Наталля Сазановіч аднойчы кінула прэстыжную работу зубнога тэхніка ў сталіцы, каб пад Жодзінам працаваць на конезаводзе «Зарэчча», адзіным месцы ў Беларусі, дзе сёння разводзяць мясцовую пароду коней — беларускую запражную.

Гісторыя гэтай пароды пачалася стагоддзі таму. У беларускай запражной пароды і ў дзікіх тарпанаў, якіх не так даўно вярнулі ў Налібоцкую пушчу, адзін і той жа продак.

У канцы ХІХ стагоддзя ў Беларусі працавалі 22 конезаводы, у якіх было 1300 пляменных кабыл і 170 пляменных коней. 

Падчас Другой сусветнай вайны ўсе коні гэтай пароды былі або знішчаныя, або вывезеныя з Беларусі.

У 1946 годзе пачалося аднаўленне пароды, якая тады называлася Ашмянская папуляцыя, а ў 2000 годзе Мінсельгаспрад нарэшце зацвердзіў пароду, якая афіцыйна стала называцца «Беларуская запражная».

Электрапастуха падключае муж Наталлі, а чатырохгадовы Ягор дапамагае яму. 

У 2019 годзе мы маем наступнае: у сённяшняй Беларусі засталося толькі каля 250 матак гэтай пароды, і можа так стацца, што праз пару год парода знікне назаўсёды.

Але, калі прыязджаеш у «Зарэчча», пра гэтую катастрофу забываешся, бо тут ёсць Наталля і яе муж Дзяніс, іх дзеці, сабака, які ганяе коней на пашу, ёсць штодзённы клопат, без выхадных, без адпачынку, ёсць жыццё, у якім галоўнае месцы займаюць коні.

Ягор вельмі любіць коней.

Коні — гэта захворванне з дзяцінства

Наталля Сазановіч расказвае, што коней палюбіла з самага дзяцінства.

«На лета мяне на канікулы адпраўлялі да бабулі ў Гомельскую вобласць. Там была калгасная стайня. Я памятаю, што яшчэ ў ровары не даставала да рамы, а ўжо садзілася на «Аіст» пад раму і ехала ў поле. Не было ніякага страху, што конь можа неяк траўмаваць. Хадзіла побач, часала ім грывы. Я не ведаю, як патлумачыць гэтую любоў да гэтых жывёл. Я і зараз назіраю, што бацькі, бывае, прывозяць дзяцей катацца, а якая дзяўчынка 10 гадоў толькі ўбачыць каня, выскоквае з машыны, вочкі ад трашчаць, яна бяжыць да іх, гладзіць. Вось адкуль гэта ў гарадскога дзіцяці? У яе і цацкі з канямі, і ўпрыгожанні, і кніжкі. Наш сын Ягор таксама коней любіць. Я раз-пораз бяру яго з сабой на канюшню, ён ідзе ў дзенніку, а жывёлы морды высоўваюць. А ён кожнага абдымае», — дзеліцца Наталля.

Кожны дзень Наталля выганяе коней на пашу.

Да 2008 году Наталля Сазановіч заставалася гарадской жыхаркай.

Падтрымай працу журналістаў «Нашай Нівы»: аформі падпіску на платныя матэрыялы НН.

«Я працавала ў клініцы, рабіла зубныя пратэзы. Па выходных ездзіла ў пракат, каталася на конях. Заробак быў у мяне добры. Грошай дастаткова. Вырашыла, што мне патрэбен свой конь, пасля купіла яшчэ аднаго, пасля яшчэ», — расказвае Наталля.

Коні стаялі на ферме ў Смалявічах, там Наталля пазнаёмілася з людзьмі з Жодзіна. На той момант разам з аднадумцамі Наталля думала купіць уласную ферму.

«Паехалі ў «Зарэчча». Там былі пэўныя праблемы з выкупам, але дырэктар, які працаваў тады, прапанаваў мне маіх коней трымаць у іх. Я спыталася: «А на працу брыгадзірам возьмеце?». Дырэктар пагадзіўся. Яшчэ некаторы час каталася паміж Мінскам і Жодзіна, працавала і там, і там. Паступова знаёмілася з асаблівасцямі племянной конегадоўлі. І ў пэўны момант настолькі палюбіла гэтых коней, што сёння не ўяўляю сваё жыццё без іх», — прызнаецца Наталля Сазановіч.

Пераехаўшы ў Жодзіна, першае, што зрабіла Наталля, гэта паступіла ў коледж на заатэхніка. Цяпер жанчына атрымлівае вышэйшую адукацыю заатэхніка ў Гродзенскім універсітэце.

Марыць Наталля пра тое, што калісьці зможа аддзяліць сваіх коней ад астатняй гаспадаркі ў калгасе ў асобную ферму, і займацца толькі імі.

Абдымашкі любяць усе.

Для беларусаў лепшай пароды, чым беларуская запражная, быць не можа

Беларуская запражная парода — гэта нешта сярэдняе паміж рысакамі і цяжкавозамі. «Беларусы» выдатныя на працах на зямлі, яны ідэальныя для заняткаў іпатэрапіяй, іх можна без праблем выкарыстоўваць у верхавой яздзе. Гэтыя коні любяць людзей.

«Ведаеце, ёсць у коннікаў такі выраз: «Дзе спартыўны конь страціць прытомнасць, беларус толькі крыху здзівіцца». Гэта значыць, што коні нашай пароды — сангвінікі. Яны спакойныя, адэкватныя. Лёгка паддаюцца дрэсіроўцы. Вельмі спакойна сябе паводзяць у збруі. Канечне, за ўсіх коней гаварыць не буду, але ёсць у нас такія, што кроку не могуць без чалавека ступіць.

Наталля Сазановіч расказвае, што некаторыя коні наогул не адыходзяць ад людзей. Патрабуюць увагі і пяшчоты.

Вось ты займаешся на канюшні сваімі справамі, а ён будзе хадзіць за табой, тыкацца мордай, прасіць увагі да сябе, разглядаць, што ты робіш. Вось так цэлы дзень і ходзіць хвастом, не адчапіцца», — смяецца Наталля.

А яшчэ адна асаблівасць беларускіх коней у тым, што яны маюць вельмі розны акрас. Нават у зарачанскім табуне ёсць і вараныя, і буланыя, і гнядыя, і мышастыя коні, і вельмі рэдкая ізабэлавая кабыла. Гэта кабыла Піка — крэмавага колеру з блакітнымі вачыма.

Але хутка ўсмешка Наталлі Сазновіч змяняецца на іншую, сумную.

«Коні цяпер нікому не патрэбныя. Ні гаспадаркам, ні людзям. Вы толькі падумайце, дзе ў якім калгасе цяпер ёсць канюшні? Дзе хто трымае коней? Прасцей жа купіць матаблок, заправіць яго бензінам, папрацаваць і закрыць у хлеве да вясны. А конь… Яго трэба любіць», — кажа Наталля.

Сёння ў Зарэччы гадавалае жарабя можна купіць за 1000 рублёў.

«Бачыце, цэны такія, што кожны сярэднестатыстычны беларус можа сабе дазволіць свайго каня», — расказвае Наталля.

У «Зарэччы» на кожнага каня ў год выдзяляецца 200 рублёў.

«Самая вялікая бяда, што амаль у кожнай гаспадарцы коні знаходзяцца пры кімсьці: пры каровах, пры свіннях. І гэтыя 200 рублёў гаспадаркай размяркоўваюцца паміж усімі жывёламі. А конь? З яго ж малака і мяса не возьмеш, таму гэтых датацый коні, як правіла, не бачаць зусім. Добра, калі з сенам хаця б перабояў няма», — расказвае Наталля Сазановіч.

На канюшні.

Яна расказвае, што ў мінулым годзе фактычна выратавала 30 маладых жарабят.

«Зноў жа, вялікая праблема ў тым, што конегадоўляй на фермах ніхто не хоча займацца. У мінулым годзе мы праехаліся па навакольных фермах, пафатаграфавалі коней, змясцілі фота ў інтэрнэт, і 30 коней прадалі. Усіх астатніх жа: і маладых жарабят, і матак, гаспадаркі проста здалі на мясакамбінат», — кажа Наталля Сазановіч.

Наталля ўпэўненая, што без падтрымкі дзяржавы, усіх коней беларускай пароды чакае мясакамбінат.

«З конегадоўляй цяпер у Беларусі вялікая бяда. А тут яшчэ быў удар, калі ў Налібоцкую пушчу завезлі галандскіх тарпанаў. Нашы коні — гэта нашчадкі тарпанаў. Яны не баяцца холаду і могуць круглы год жыць на вуліцы. Толькі вібрысы шэранню пакрыюцца, а так яны бегаюць па снезе, і абсалютна шчаслівыя. Ну чаму не ўзялі нашых коней? Я б сёння ж сабрала чамаданы і пераехала за сваімі хлопцамі ў пушчу», — кажа Наталля.

Насамрэч, Наталля з’ездзіла ў Налібоцкую пушчу, каб пагутарыць пра магчымасць уладкаваць коней туды.

«З аднаго боку, гэта складаная працэдура. А з іншага… Усяго і трэба, каб наша гаспадарка аддала туды коней, а там жа, у пушчы, палі бясконцыя, трава бясплатная, угоддзі неабсяжныя. Нашым коням было б там добра», — расказвае Наталля.

Зараз у «Зарэччы» разам з Наталляй, на 89 коней, працуе толькі адзін конюх. А коней трэба штодзень выводзіць на пашу, карміць іх, даглядаць.

«Летам яшчэ прыязджаюць валанцёры, студэнты, школьнікі. А зімой мне, акрамя конюха, дапамае толькі муж», — расказвае Наталля.

Замуж выйшла таксама на канюшні

Наталлю і Дзяніса звёў сам лёс.

Наталля расказвае, што Дзяніс таксама не мясцовы, прыехаў сюды з сябрам выпадкова. Яму проста захацелася пераменаў у жыцці, Дзянісу хацелася рабіць тое, чаго ніколі ў жыцці не рабіў. Трапіў да Наталлі на канюшню.

Дапамагаў ёй, чым мог. Рамантаваў дзеннікі, ставіў электрапастухі. А пасля разгледзеў, што Наталля — тая самая. Адзіная. Цяпер у пары падрастаюць двое сыноў. Ягору — 4 гады, Назару — 7 месяцаў.

«Мы пазнаёміліся на канюшні, ды і пажаніліся тут. Да коней жа Дзяніс ставіцца вельмі роўна, як расказваў ён сам, у яго любоў да коней набытая. Ён — мая тэхнічная і маральная падтрымка. Калі б трэба было сарвацца з месца і паехаць за маімі канямі бог ведае куды, ён бы гэта зрабіў», — упэўненая Наталля.

Коні любяць ласавацца яблыкамі з рук сваёй гаспадыні. 

Неяк раз Дзянісу нават давялося ратаваць Наталлю з-пад ног кабылы.

«Была ў нас такая бяда, што кабыла загінула, а ў яе засталося жарабя. Трэба было некаму яго падсунуць, каб выкормлівалася. Паспрабавалі аддаць адной кабыле. А ёй гэта не спадабалася. Яна раз’юшылася, стала біць капытамі і па мне, і па жарабяці. Я легла на падлогу, Дзяніс адцягваў увагу кабылы, а я па-пластунску, разам з тым жарабём на руках, выбіралася з дзенніка», — расказвае Наталля.

Дзяніс разам з Ягорам.

Толькі калі пачуе сваё імя, конь супакоіцца

Усіх 89 коней з «Зарэчча» Наталля ведае ў твар, ведае па імёнах.

«Проста яны ўсе розныя па масці, па характары, іх лёгка запомніць і адрозніць адзін ад аднаго», — кажа Наталля.

Кожную раніцу Наталля з Дзянісам выганяюць коней на пашу, кожны вечар заганяюць назад.

«Раней коні пасвіліся ў нас круглыя суткі. Але нехта панадзіўся красці іх на мяса. Неяк у нас забілі трох коней, разабралі іх проста ў жыце. Таму на ноч сталі заганяць коней на ферму», — рассказвае Наталля.

Здаралася і такое, што коні збягалі.

«Я стараюся пра гэта не думаць, але перыядычна прыходзіцца вяртаць іх назад. Ёсць у нас такі перадавы атрад, якім не сядзіцца ў табуне. Абавязкова трэба абляцець дрот пад токам па перыметры, калі знойдуць дзе дзірку — бяда. Збягуць. Але калі ўпэўняцца, што ўсё у парадку, спакойна ходзяць разам з усімі», — расказвае Наталля.

Як у любым вялікім калектыве, у коней здараюцца свае спрэчкі, свае разборкі.

Наталля расказвае, што, калі зробіш завадатару заўвагу, калі аклікнеш яго па імені, яны хутка гэта разумеюць, і робяць выгляд, што гэта не яны толькі што насіліся і кусалі сваіх таварышаў.

Цяпер Наталля заклапочаная тым, каб дамовіцца з Міністэрстам сельскай гаспадаркі аб правядзенні ўліку ўсіх коней беларускай пароды.

«Ведаеце ж, бывае ў гаспадарцы па дакументах лічацца 20 коней, а іх там даўно няма. Вось я хачу даведацца, колькі ж беларусаў засталося па факце», — расказвае Наталля.

Ёсць у Наталлі і штодзённыя турботы.

«Ужо кастрычнік, а сена на зіму пакуль не хапае», — хвалюецца Наталля Сазановіч.

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні