Праект партала
Густ Дырэктарка конкурсу прыгажосці плюс-сайз: «Мы змагаемся за талерантнасць знешнюю, дык не, нас абвінавацілі ў нацыянальнай»
16.10.2019 / 17:33

Скандал на конкурсе прыгажосці «Каралева XL» разгарэўся пасля таго, як адна з паўфіналістак, беларуска афрыканскага паходжання Ванэса Марская, прызналася СМІ, што будзе прадстаўляць на міжнародным подыуме не Беларусь, а Нігерыю.

Дырэктарка беларускага конкурсу, Яўгенія Цюленева, пракаментавала «Камсамольскай праўдзе», што, калі мулатка Марская будзе прадстаўляць Беларусь, гэта можа выклікаць у грамадстве шмат негатыўных водгукаў:

Яўгенія Цюленева.

«Ванэса яркая і ўзрушаючая, адразу спадабалася ўсім членам журы! Але мы падумалі, што будзе дзіўна адпраўляць яе ад Беларусі. Сам конкурс для публікі — ужо выклік. А калі мы яшчэ адправім мулатку ад Беларусі, разумею, што нарвемся на шмат негатыўных водгукаў».

Ванэса Марская. 

«Нашай Ніне» Яўгенія Цюленева патлумачыла:

«Ай, ну смешна! Мы змагаемся за талерантнасць знешнюю, дык не, нас абвінавацілі ў нацыянальнай! Я вельмі рада, што наша грамадства настолькі талерантнае, што гатовае назваць цемнаскурую мулатку памеру плюс-сайз самай прыгожай беларускай, гэта шчыра. А што датычыцца ўдзелу Ванэсы ў конкурсе ад Нігерыі, гэта было чатырохбаковае рашэнне: арганізатараў ад Беларусі, Ванэсы, нігерыйскага боку і арганізатараў міжнароднага конкурсу. Мы падумалі, што гэта будзе ідэальнае рашэнне, якое задаволіць усіх, тым больш што Нігерыя літаральна з рук вырывала нашу Ванэсу», — расказвае Яўгенія Цюленева.

Конкурс прыгажосці Top of the World Plus Size 2019 адбудзецца ў Кіеве ў пачатку лістапада.

«Гэта крута, што грамадзянка Беларусі будзе прадстаўляць іншую краіну. Ну глядзіце: чаму на «Еўрабачанне» ад Беларусі ездзяць і ўкраінцы, і расіяне, а беларусам нельга прадставіць іншую краіну? Нават калі пераможа Нігерыя, і конкурс, і карона пераможцы прыедзе ў Беларусь. І ў нас цяпер больш шанцаў. З Беларусі едзе не пяць, а шэсць прыгажунь», — адказвае Яўгенія Цюленева.

Ванэса Марская: «Калі б конкурс быў неталерантным, у топ-12 я б не трапіла»

Ванэса расказвае, што да рашэння прадстаўляць Нігерыю яе наогул падштурхнулі сваякі.

«Як было. Калі на сайце «Камсамолкі» праводзілася галасаванне за тое, хто з дзяўчат трапіць у паўфінал, я падняла ўсю сваю радню галасаваць за мяне. Прозвішча таты — Уменне, вельмі паважанае ў Нігерыі, у нас там шмат сваякоў, таму за мяне прагаласаваў амаль увесь горад. Тады мне сталі званіць і пытацца: «Ванэса, што за справы? Чаму ты не прадстаўляеш нашу краіну на конкурсе?» Я падзялілася гэтымі думкамі з Яўгеніяй Цюленевай, і яна мяне падтрымала», — кажа Ванэса Марская. 

А пра тое, што конкурс неталерантны, Ванэса, пачуўшы гэта, рассмяялася:

«Смешна. Каб кагосьці на гэтым конкурсе бянтэжыла мая знешнасць, я б не трапіла ў топ-12», — падсумавала Ванэса Марская. 

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан, Яўгеніі Прыгодзіч