Проект портала
Рост
07.08.2017 / 09:08
Увлекательный дневник архитектора Александры Бояриной, решившей перейти на белорусский язык37

Многія людзі цяпер штодзённа штосьці пішуць у інтэрнэце, у сацыяльных сетках, як некалі вялі дзённікі на паперы. Калі збіраеш фэйсбучныя запісы ў адно, атрымліваецца тэкст зусім іншага маштабу. Яны як мазкі, што складаюцца ў карціну.

Аляксандра Баярына архітэктарка, дызайнерка, стылёвая і цэльная да апошняга гузіка і цвіка.

Разам з мужам, архітэктарам і будаўніком Вадзімам Пракопчыкам, нават жытло яны сабе выбралі проста над Нацыянальным мастацкім музеем у самым цэнтры Мінска. Аляксандра Баярына — чалавек, які нязмушана, але паслядоўна збірае ўсё, што датычыць аўтэнтычна беларускай эстэтыкі, дэталі хараства. Дарэчы, яна сястра філосафа, паэта­герметыка і перакладчыка з санскрыту на беларускую Міхася Баярына.

Аляксандра Баярына — гэта і філосаф, і эстэт, і жывы практычны чалавек у адным, выдатная наша сучасніца. І ўсё гэта пераплецена ў адным інтэрнэт­-дзённіку, у якім можна зазірнуць у жыццё іншага чалавека. Аляксандра з мужам гадуе дваіх — ужо дваіх, другое нарадзілася ў самым канцы чэрвеня, — дзяцей. Старэйшая, два гады, Яніна Марыя, а меншага назвалі Ян Караль.

Прапануем вам яе дзённік.

17 мая

Раптам аказалася, што беларусы зарабляюць і будуць зарабляць менш за кітайцаў. То бок з хваста Расіі нас пераўтварылі ў хвост сусвету?

* * *

Спраектавала агародзік для нашага лецішча:

На прыступках буду сядзець я з кубкам кавы, справа і злева будуць матляцца злакавыя расліны. З адваротнага боку будуць ляжаць мае кабачкі, тырчаць базілік «Долі», кропы ды салаты. Муж зарубіў, патрабуе больш аўтэнтычнага развязання з выкарыстаннем традыцыйных элементаў. Сяджу, думаю: прыбраць трэндавыя брусочкі ці мяне з кубкам кавы, бо піць каву у агародзе не аўтэнтычна?

18 мая

Беларусь па плошчы — як Швейцарыя, Нідэрланды, Данія, Бельгія, Малдова, Македонія разам узятыя. А мы працягваем лiчыць сябе маленькiмi. А гэта проста не адпавядае рэчаiснасцi. Лiчыць Беларусь маленькай можа толькi iмперац з замахам на памеры Расii цi ЗША.

* * *

«Усё хатняе здаецца найлепшым і найпрыгажэйшым, адзіным у свеце, што стаіць на мяжы дасканаласці» — Ян Булгак, «Край дзіцячых гадоў».

І такога кшталту прыгожых сказаў яшчэ 400 старонак. Не кніга, а жывапіс.

А вось да пытання патрэбнасці экспарту ў Беларусі: [тут людзі] «прытрымліваліся старога вясковага правіла, што за грошы купляюць толькі соль і жалеза, а ўсё астатняе трэба мець самім, хатняй вытворчасці». 

Успаміны выбітнага беларускага фатографа Булгака — неймаверны па эмацыйнасці, паэтычнасці і адценнях тэкст!

19 мая

Тыя пры ўладзе, хто займаецца знiшчэннем апазiцыi, кепска вучылiся ў школе, не тое што ва ўнiверсiтэце. Так неадукавана думаць, што знiшчэнне невялiкай колькасцi няправiльна думаючых грамадзян можа прывесцi да стану, калi такiх грамадзян больш не будзе. Не будзе гэтых, адразу паўстануць новыя, i паўстануць з самых, здавалася б, цiхiх i неактыўных. Рускамоўнае насельнiцтва, якому нi разу не блiзкiя iдэi незалежнасцi краiны, выдасць вам новых апазiцыянераў у асобах сваiх дзяцей. I нiчога вы з гэтым зрабiць не зможаце. Дзецi шунявак папоўняць шэрагі апазiцыi, i вы нiчога з гэтым зрабiць не зможаце. Здавайцеся, карацей, не трымайцеся за дурную нежыццяздольную iдэю вынiшчэння беларускага з беларускай зямлi, схавайце сваю неадукаванасць, пераступiце праз яе. Не будзьце дабрэйшымі i чалавечнейшымі, дастаткова стаць больш адукаванымi.

* * *

Пачытала пра стаўленне Навадворскай да Пазняка. Яна лiчыла сiмвалам Беларусi Кастуся Калiноўскага i лiчыла, што палiтычны лiдар мусiць жыць згодна з вершам «Пагоня» [Максіма Багдановіча], шукаць смерцi ў барацьбе за свабоду на Радзiме. На яе погляд, Пазняк павiнен быў усе гэтыя гады па турмах сядзець i памерцi, калі прыйдзецца. 

Для мяне тут нейкi канфлiкт, можа, нават гiстарычных пазiцый. Караткевiч апiсаў, наколькi важным было шляхцiчу не зазнаць цягам жыцця нiякiх выпадкаў гвалту над сабой. З самага нараджэння рука дарослых не падымалася на дзяцей. Што гаварыць пра гвалт ад асобаў, якiя нiжэйшыя за цябе па ўзроўні развiцця i грамадскай iерархii! Годнасць бераглi i песцiлi, адзiн выпадак мог паламаць шляхцiчу жыццё. 

Гэта падобна да стаўлення да дзяўчыны, гонар якой таксама быў аднаразовы. Цi яна захоўвала яго i песцiла ўсё жыццё, цi адначасова губляла i больш нiколi ў вачах грамадства не падымалася з новага статусу нягоднай, скажам так. 

Пазiцыi гэтыя старамодныя, глыбока традыцыйныя, не адпавядаюць сучаснаму стылю жыцця «з кiм хачу, з тым сплю, вас не запытала».

Пазняк гарманiчны цалкам у гэтым традыцыйным стане сваiх меркаванняў i перакананняў. Мне гэта iмпануе.

* * *

У кожнага свой выбар i свой шлях. I ўсе шляхi патрэбны.

22 мая

Пішуць, што затрыманых катуюць за кратамі. Не сумняюся, бо ім патрэбна прызнанне, каб кагосьці пасадзіць. Такая сістэма, такія метады. Кагосьці з пустым позіркам трэба паказаць за кратамі на судовым працэсе, каб падмацаваць усяго толькі адзін недарэчны ляп кіраўніцтва.

У думках пасылаеш хлопцам сіл і трываласці і ідзеш далей з дзіцячым вядзеркам у руках. Сядзіш на арэлях, чытаеш фэйсбук, пакуль тата катае дачушку з горкі, думаеш, што прыгатаваць на вячэру. Эх.

* * *

Нядаўна прачытала, што лiдары дзейнiчаюць, а блогеры рэагуюць. Цяпер увесь час звяртаю ўвагу на рэплiкi пад статусамi сяброў, дзе невядомыя «злачынцы» спрабуюць перашкодзiць блогерам рэагаваць. 

Блогеры, не слухайце iх, рэагуйце. Хай яны дзейнiчаюць, калi яны такiя лiдары, а не займаюцца рэагаваннем на рэагуючых.

* * *

У Маскве ніхто кошты на будаўнічыя і аздабленчыя працы для рэалізацыі дызайн­-праекта інтэр'еру не распісвае. Ніхто не падлічвае колькасць швоў для падрэзкі пліткі і ўсё астатняе, нават не істотна, будзе фарба ці шпалеры. Прарабы выстаўляюць кошт за квадратны метр плошчы. Толькі закуп матэрыялаў ідзе з падрабязнымі лічбамі. Мне падабаецца такі падыход. А то ў нас ніхто ніколі не ведае, на якую суму рэалізацыя выйдзе ў выніку. 

І так працуем мы, дызайнеры, выстаўляем кошт за метр плошчы. Часам працы аказваецца куды болей, чым планаваў, але лічбы ўжо не мяняеш.

23 мая

«Перастану грашыць, калі Бог пакліча і бабла падкіне», — напісаў Валера Краснагiр. Дарэчы, сябравалi мы на ФБ з Аляксандрам Бежэлевым. I ён нам казаў: вось зрабiлi б нармальныя мульты для дзяцей па­-беларуску, каб з героямi адметнымi былi, тады, можа, i зрабiў бы ён крок у бок мовы. Але потым аказалася, што проста раздражняем мы яго сваёй мовай i пазiцыяй, i ён хацеў бы жыць далей так, як жыве. Але я стаўлюся да ўсяго гэтага некатэгарычна. Сёння — не, заўтра — так.

31 мая. Для мамачак, хто вазок збіраецца набыць

Два гады катала Яню на вазку Dada Paradiso Group Carino (злева). Па горадзе вельмі зручна, лёгкі ў кіраванні — не тое слова. Адзін мінус — цяжкі, 12 кг. Вадзіму прыходзілася яго вынасіць кожны раз, бо няма ў нашым пад’ездзе прасторы яго пакінуць. 

А як здымалі лецішча каля Глебкаўскага заказніка, дык катала Яню па лесе, спакойна ездзіла па моху без ўсялякіх сцежак, пераадольвала рвы і паваленыя дрэвы. 

А потым вырашыла: хопіць, трэба лёгкі вазок набыць, каб самой яго насіць. І выбрала вось такі Graco (на здымку справа), каля 6 кг, складваецца добра, ёсць цэлыя дзве падстаўкі пад шклянкі і бутэлькі, што падалося мне асабліва актуальным.

І што вы думаеце!!! Ён увогуле не здольны заехаць у лес, не тое што праз рвы ездзіць. Любы каменьчык на дарозе становіцца перашкодай, крыху нахілу звычайнай дарогі на лецішчах — і ён становіцца колам. У горадзе таксама нязручны, нагой увесь час наступаеш яму на тормаз, такая эрганоміка непрадуманая, ён бразгоча, як тая бляшанка з каменьчыкамі, складаны ў паваротах, на бардзюр заехаць можна толькі з дадатковымі намаганнямі. Сядзенне кароткае, увесь час падаецца, што дзіця выпадзе, а пасамі прышпільваць не хочацца, бо Яня не церпіць несвабоды. 

А па выглядзе і не скажаш, што гэтыя вазкі могуць ТАК адрознівацца. 

А калі б мы пачалі з гэтага Graco і не ведалі, што існуе іншая рэальнасць? Кожны дзень бы дызайнераў кепскім словам узгадвала.

3 чэрвеня

Пытанне пра электрычнасць. Аказваецца, галоўная праблема садовых таварыстваў — нехта ўвесь час крадзе электрычнасць. Па лiчыльнiках адны паказнiкi, а па факце электрычнасцi таварыства з’ела куды больш. I нiхто не можа гэтую праблему вырашыць, скрадзеную электрычнасць аплачваюць з грамадскіх грошай i абмяжоўваюцца заклiкамi плацiць i не красцi. 

Можа, хто ведае шлях вырашэння гэтай праблемы?

Сход садовага таварыства.

* * *

А самае сумнае ў пытаннi беларускай мовы, па­-людску сумнае, гэта тое, што амаль у кожнага крутога рускамоўнага мiнчука, стылёвага рэстаратара цi папулярнага тэлевядоўцы, у амаль кожнай моднай рэдактаркi i спявачкi недзе ў беларускай вёсачцы не так даўно памерлi беларускамоўныя бабулi i дзядулi, якiя шчыра зычылi сваiм унукам шчасця.

Прыгожая веранда пад Івянцом.

5 чэрвеня

Юры Зісер кажа, што беларускай мовай на tut.by карыстаецца 1,5% карыстальнікаў. Я і раней такое чытала, гады чатыры таму, палезла паглядзець, як жа скарыстацца мовай. Аказалася, сапраўды можна абраць беларускую мову, што для мяне было сюрпрызам, бо карыстаешся поштай на «тутбаі» 10 гадоў і карыстаешся, нешта пачытваеш часам, на ўсё астатняе ўвагі і не звяртаеш.

Выбрала. І змянілася меню, было «Новості», стала «Навіны», было «Почта», стала «Пошта». Астатняе — па-­руску. Карацей, я не зразумела прыколу.

* * *

Якое ні ёсць гэтае лета, а трэба паспець пакупацца. Дызайнеры рэкамендуюць. Ад +5. Мадэль з усталяваным электрападагрэвам ад +1:

* * *

А яшчэ мы ўчора сабралі свой першы ўраджай на лецішчы. І гэта — бэз! 

7 чэрвеня

Неяк усё разам мне на новую ўзроставую катэгорыю намякае. Па-­першае, лічба, што я атрымала на свае народзіны, яна ўжо такая… непад’ёмная, як выйду з дэкрэту, буду сапраўды «жэншчына, я за вамі!». Па­-другое, статус мамы, ён адразу перамясціў мяне ў даросласць. Ну, і па­трэцяе, я не падпісалася на Бумагу пасля таго, як я не падпісалася на Дзіму Ермузевіча і Кацю Коба. Такая стабільнасць і паслядоўнасць у непадпісках сведчыць, што ўсё — я амаль пенсіянерка. Да таго ж, яшчэ і кабачкі збіраюся вырошчваць. Пачатак канца, відавочна. Яшчэ і ФБ, дзе мне так утульна і весела, раптам аказаўся кансерватыўным жытлом «завумных» інтэлектуалаў. 

Шчыра кажучы, я ад нараджэння такой была, адразу дарослай, мяне здзіўляла ўсё, з чаго фанацелі дзеці, падлеткі і дарослыя навокал. Бонсцікі ў нас дома валяюцца нераскрытымі, нават Яня не здагадалася, што ад іх можна фанацець. Я не магу ад канцэрта музычнай групы атрымаць гэты драйв фаната. Чаму я не магу быць фанатам?

9 чэрвеня

Так нам бракуе беларускiх вясёлых асобаў! Лёгкiх трындзёжнiкаў. Не гэтых у тэлевiзарах, якiя ўвесь час намагаюцца даказаць самi сабе, што яны самастойныя, а не ценi Урганта. I не гэтых, хто так i працягвае ехаць на постмадэрнiсцкiм гумары а­ля «я ржу з усіх i таму я такi круты».

* * *

Студэнты тайваньскага ўніверсітэта сабралі ваду з забруджаных вазёр і рэк, замарозілі, агарнулі ў поліэфірныя смолы і аформілі ў выглядзе 100 марозіваў. Прыгожы экалагічны праект:

10 чэрвеня

Яні на два гады падарылі двух чабурашак.

Янечка па чарзе іх нармальна ўспрыняла, але калі яны раптам аказаліся разам, доўга разглядала, пераводзіла позірк з аднаго на другое (ці другога?) А нам, дарослым, было вельмі весела. 

І вось маем яшчэ аднаго: мае замоўцы перадалі нам два вялікія пакункі цацак. 

Кадр прысвечаны дню мыцця цацак. Яны ўсе сёння купаліся ў пральнай машыне, сушыліся — ў сушыльнай і цяпер адпачываюць на канапе.

11 чэрвеня

Прыгадала словы Кураева. Ён казаў, што зразумела спачуваць гору кепскага чалавека, нескладана. Але як складана парадавацца за кепскага чалавека, калі ягоны сын атрымае павышэнне па службе.

12 чэрвеня

Думаю пра СМІ і пра тое, што яны стварылі за ўсе гэтыя гады. Як мне думаецца, сёння абвастрылася розніца паміж матэрыяламі ПРА БЕЛАРУСЬ і матэрыяламі ПА­-БЕЛАРУСКУ. Пра Беларусь можна пісаць бясконцыя карысныя тэксты, але ўсе яны ў выніку чамусьці аказваюцца на акупацыйным баку. І гэта цікава. Можна 25 гадоў пісаць пра Каліноўскіх, пра беларускія сядзібы, пра беларускую культуру, пра беларускую літаратуру, пісаць шчыра і якасна, і пры гэтым стаць чарговым цвіком у труне беларускай культуры. І выключэнняў не бачу. Артыкулы ПРА Беларусь — гэта рубрыка «в мире животных». Які цікавы свет жывёлаў, якія класныя перадачы, як цудоўна глядзець іх, калі захочацца, і выключаць іх, як надакучыць.

І быццам ніхто не вінаваты ў гэтым, людзі ўжо дакладна не нясуць за гэта адказнасць. А СМІ нясуць адказнасць. Недзяржаўныя СМІ, скажам так.

Можа, і не былі б такія паводзіны СМІ трагічнымі, калі б не стан грамадства. Выміранне вёскі адбывалася адначасова, вясковыя носьбіты мовы выміралі і імкнуцца дасягнуць у сваёй колькасці нуля, рубрыка «в мире животных» працуе без перапынку і пункт сустрэчы нуля з рубрыкай можа стаць нейкім заўважным вузлом гісторыі.

Важна зразумець, што нармальна быць рускамоўным маладым беларусам з савецка­-постсавецка­-руска­-беларускім нутром, калі ў цябе ёсць беларускі тыл. І зусім іншая справа пасля смерці ўсіх тылоў стаць самім тылам для сваіх дзяцей з усёй гэтай неймавернай кашай у галаве і валоданнем толькі адной рускай мовай.

Безумоўна, не толькі СМІ адказныя за ўсё гэта, і доля іх адказнасці ў параўнанні з дзеяннямі іншых адказных зусім невялічкая.

Проста хацелася сказаць, што ўся іх шматгадовая рускамоўная праца на карысць Беларусі — гэта не толькі пшык у паветры, але і рэальная сякера ў крыві.

Нам з вамі, сябры, неабавязкова было карыстацца мовай, бо жыла наша вёска. А сёння толькі мы, жыхары гарадоў, можам выправіць сітуацыю.

Перайсці самім на мову складана, але не складана даць яе дзецям, патрабаваць дасканалых ведаў. Як патрабаваць і ведаў ангельскай.

Ангельская і руская мова патрэбны для таго, каб жыць і працаваць, беларуская — для таго, каб быць.

13 чэрвеня

Паставы, будынак. Ружовыя калоны на жоўценькім фоне. І белыя шклопакеты. А ўсё разам — абаяльнае i прывабнае. Хаця i сумнае, i нават трагiчнае:

Фота Andrew Chernyakov, facebook.com.

* * *

Мы з Янечкай i маiм запісам пра мову трапiлi на старонку галоўнага iнфармацыйнага СМІ краiны. «Наша Нiва» прапануе абмеркаваць мае выказваннi, i па каментарах бачна, што iх прызналi замяккiмi. 

Ну, а я працытую Элiну Шындлер, якая сёння другi раз нагадала, што патрэбны мiльён карыстальнiкаў мовай, каб мове не пагражала смерць. Давайце будзем багатымi, давайце будзем мiльянерамi. Багацце адкрывае шмат файных магчымасцяў. Быць мiльянерамi крута!

14 чэрвеня

Крызіс, інвестараў няма, а хтосьці цішком замаўляе праектнаму інстытуту дэтальны праект са зносам такой вялікай плошчы

Галоўнае пытанне: хто замоўца? Ад гэтага залежыць, ці змогуць жыхары адстаяць свае кварталы. Можа, і пранясе Асмалоўку, калі адначасовыя намаганні жыхароў і штрафы за нясвоечасовыя праектныя працы падвесяць рэалізацыю ў паветры. 

А калі гэта робіцца як аванс для прыцягнення аднаго ці некалькіх інвестараў з ужо традыцыйнай мэтай — абдзерці бізнэсоўцаў, як толькі яны грошы ўкладуць, то грамадскі ўплыў мае большы ўплыў, і зараз ёсць шанец вымусіць будучых інвестараў адмовіцца ад будаўніцтва.

Але я, як песіміст, бачу тут ціхую руку «а-­ля Тапаза», для якога законаў не існуе.

* * *

Спадарства, калі вы прымаеце статус эліты, карыстаецеся выгодамі свайго статуса, ходзіце па дабрачынных подыумах у чырвоных сукенках, уплываеце сваім выглядам на людскія лёсы — адпавядайце свайму статусу! Ці майце адвагу сказаць мне ў камеру, што вам пляваць на Асмалоўку.

* * *

Жызнеўскi — бомж, Асмалоўка — баракi. Безумоўна, Юры Зiсер мае права на любыя ўласныя меркаваннi, але i я маю права назваць публiчную асобу з такiмi меркаваннямi — чалавекам з сацыяльнымi асаблiвасцямi. Мне проста цiкава, дзе тыя межы ў публiчнай прасторы, за якiмi ўжо абавязкова прыносiць публiчныя выбачэннi, цi кожны можа проста ўдакладнiць сваю думку пра каталiкоў­-забойцаў i на гэтым закрыць пытанне? 

Не абавязкова дапамагаць захоўваць i аднаўляць, скажам так, але адкуль бярэцца ў людзях энергiя дапамагаць руйнаваць. Можна хаця б прамаўчаць.

* * *

Нас моцна зацiснулi на сваёй уласнай зямлi, пазбавiлi элементарных правоў, акупавалi нашыя дзеяннi i магчымасцi. Акупацыя настолькi ўсеагульная, што застаўся, бадай, апошнi прадмет для абароны — кавалак чалавечнасцi ў прасторы. Нашы каштоўнасцi — дрэва, мець магчымасць сказаць, ушанаваць памяць, добрае жылое асяроддзе.

16 чэрвеня

Новы савецкі Мінск замест 900­-гадовага Менска быў адмыслова спраектаваны правінцыйным у параўнанні з Масквой. Жывіце шчасліва, мінчукі-­правінцыялы, ведайце сваё месца. 

17 чэрвеня

Скажыце, ці ёсць адназначны адказ у навуковай сферы, чаму адзін чалавек, які стаў ахвярай гвалту ў дзяцінстве, становіцца педафілам, а другі пасля гэтага ўсё жыццё абараняе дзяцей ад гвалту?

А ў мяне ёсць такая думка. Адзін мой мудры сябар нейк сказаў, што пачуцце віны абавязкова пераходзіць у агрэсію. Калі пытанне «гвалт за гвалт» разглядаць з гэтага пункту гледжання, то застаецца толькі зразумець, у чым згвалтаваны сваю віну бачыць.

18 чэрвеня

Ёсць лімбічныя рэакцыі чалавека на стрэс і агрэсію. Збегчы, змагацца і замерці. Так, за 27 гадоў адны збеглі, другія змагаліся, а трэція прыкінуліся памерлымі. Немагчымасць сабраць кворум у любой грамадскай арганізацыі, немагчымасць загнаць на выбары, спробы злавіць дармаедаў­ціхушнікаў — усё гэта праца з насельніцтвам, якое прыкінулася дохлым.

* * *

Сучасныя шлюбы, дзе М і Ж паводзяць сябе як два традыцыйныя М, бо рэалізуюць усе свае жаданні і свабоды ў сферах, у якіх хочуць, падобныя да звычайных шлюбаў мастакоў, дзе мастак М і мастачка Ж пастаянна маюць праблемы з прафесійнай рэалізацыяй, пакутуюць праз недалюбленасць і недаацэненасць.

19 чэрвеня

Я калi на вынiкi работы нашых мадэльераў гляджу, заўсёды звяртаю ўвагу на памеры месца ўрэзкi рукава. I амаль кожны раз памеры слановыя. Калi адзенне без рукава, то ў гэтую дзiрку бачна не толькi руку, а i палову тулава, рука займае ў лепшым выпадку траціну, а то i чвэрць прызначанай ёй прасторы. А вось калi па буцiках адзенне замежных дызайнераў мераць, нiколi не сустрэнеш такiх проймаў. 

Ведаю, што мала хто з дызайнераў сам можа кроiць адзенне, па гэтую паслугу звяртаюцца да закройшчыцы, якой прыносяць свае эскiзы. I вось сядзiць сабе недзе жанчынка, якая скончыла тэхнiкум у якiм 1980, i ўплывае на ўвесь свет беларускай моды.

Самы ўплывовы чэл. Яна хоць ведае маштабы свайго ўплыву?

* * *

Раз Люся Лушчык з млявымі поглядамі пранікае ў маю стужку праз рэкламу, дазволю сабе не вельмі прыстойнае пытанне: як можна зрабіць такую шыю з той шыі, што была? 

* * *

Ну, i пра манную кашу. Вару яе больш за год, часта. Да гэтага не бачыла яе з дзiцячага садка, дзе яе прыносiлi абавязкова з камякамi i пенкай. Залезла ў сецiва, пачытала, як варыць, i за год нi разу з камякамi не зварыла. I маю справядлiвыя прэтэнзii да цётачак у дзiцячых садках! Адкуль столькi садызму i нелюбовi да дзетак?

* * *

Думала яшчэ пост напісаць, але гэта быў бы чацвёрты пост за раніцу, а гэта ўжо рызыка. Працоўны панядзелак, а нехта тут піша і піша. Як казаў мне некалі Вадзім: проста выйдзі з фэйсбука.

20 чэрвеня

А яшчэ хацела пацвердзіць, што метад камунікацыі з дзецьмі, пра які я летась прачытала, сапраўды працуе. Сэнс у тым, каб не задаваць пытанні, калі трэба высветліць, што хвалюе дзетку ці ад чаго дзетка плача, а сцвярджальнымі фразамі адгадваць прычыну. 

Усё так і ёсць. Можна пытаць шмат разоў, але яна плача і плача. А можна сказаць: «Ты хацела яшчэ соку», «Ты хацела яшчэ пабегаць», «Ты не хочаш гэта есці» — і Яня адразу спыняецца плакаць і ківае галавой, што менавіта так і было. Вось дзіва, і здагадаўся ж хтосьці, што пытанні не працуюць.

* * *

Вельмі падабаецца назіраць, як маленькі чалавек пачынае нешта сваё прыдумляць. Наша гісторыя з гаршком. Доўга не ўдавалася ўгаварыць хадзіць на гаршчок, раніцай раз-­два сходзім, а пасля абеду ўжо гара мокрых майткоў і калготак ляжыць. І, каб не нерваваць Яню, адкладаю спробы на дзень­два. І вось раптам Яня пакрыўдзілася на прапанаваны памперс і стала сама хадзіць на гаршок. А я не верыла, калі прачытала, што дзетка пачне тады карыстацца гаршчком, калі сама вырашыць, што яна дарослая. А праз тры дні Яня патрабавала са скандалам, каб яе на ўнітаз пусцілі. Потым памякчэла і спынілася толькі на гаршку.

21 чэрвеня

Янiна Марыя зацанiла бацькоўскiя намаганнi: cпіць проста на падлозе. Чарговы пакой атрымаў сваю белую фарбаваную падлогу. Нарэшце!

У нас амаль усё ў кватэры — 1955 года пабудовы: ляпнiна, сцены i столь з дранкай, драўляныя перакрыццi, вокны, якiя дыхаюць, невертыкальныя высокiя дзверы 6­-сантыметровай таўшчынi, радыятары, па якiх вада ўжо ледзь цячэ. У дом заведзена толькi халодная вада, якая грэецца газавай калонкай.

Падлогу Вадзiм уручную шлiфаваў, каб старая дошка свайго рэльефу не згубiла, акрамя гэтага пакоя, тут хлопцы з барабаннай машынкай прыязджалi, але я прасiла iх не надта старацца раўняць. Дошку папярэднiя гаспадары ў двух пакоях мянялi — каб не гэта, мелi б мы цалкам аўтэнтычную дошку 1955 года. 

Плiнтус прыйшлося мяняць, замовiлi ў столяра драўляны, высокi i тоўсты.

Вадзiм набыў неяк на аўкцыёнах для дзвярэй клямкi розныя латунныя, спадзяюся, хутка паставiць. Карнiзы павесiм белыя. Мэблю расставiм. Карцiны распакуем.

Не паверыце, тры з паловай гады гэта ўсё цягнецца, нiяк не можам распакаваць усе рэчы, бо няма куды. Скрынi i мяхi займаюць палову жылой прасторы, я ўжо нават не памятаю, што ж там ляжыць i чаму гэтага так шмат.

Карацей, жыць у рамонце — гэта цяжкае бытавое выпрабаванне. Нiкому не пажадаю. Гатовая на радасцях, як Янечка, ляжаць на падлозе.

23 чэрвеня

Дарэчы, калі б магла, накапала б у прыгарадзе Мінска шмат азёраў і стварыла б некалькі водных сістэмаў па прыкладзе Вілейска-­Мінскай з пад'ёмам вады для далейшага самацёку. Бо кожны жадае жыць з відам на ваду. І каб першая лінія. У няшчасныя Лапаровічы не ўціснуцца, цэны зашкальваюць. Участкаў пад Мінскам з лесам і вадой катастрафічна не хапае. УСТАВІЦЬ ФОТА 

* * *

Быць багатым прыемна і добра. І ствараць вакол сябе якасную жылую прастору цудоўна. І па сілах толькі багатаму чалавеку.

* * *

Навінка ад брэнда Бетон. Усё беларускае: мазгі, рукі, бетон і сам прадукт. Трэба браць! Вось:

26 чэрвеня

— Янечка, марозіва будзеш?

— Ма! Ма! 

Слова «марозіва» адразу робіць позірк дачушкі вельмі ўважлівым і канцэнтраваным.

* * *

Немагчыма не падзяліцца. Кастынг чорных катоў у Галівудзе для фільма «Чорны кот» паводле Эдгара По, 1961:

30 чэрвеня

Як жа прыемна, што ў нас ёсць маладыя і багатыя. Увогуле, па спецыфіцы працы ўсе 17 гадоў камунікую з багатымі людзьмі. Я архітэктарка і дызайнерка інтэр'ераў.

Мне падабаецца, колькі ўвагі яны даюць сваім дзецям, як разам займаюцца самымі рознымі і складанымі відамі спорту, як дбаюць пра добрую адукацыю для дзяцей, як ставяцца да дысцыпліны і арганізацыі жыцця, як вандруюць, адпачываюць, як клапоцяцца пра эстэтыку свайго дома, з якой увагай выбіраюць аздабленне і мэблю ў інтэр'ер.

І ненавіджу ўсе намаганні дзяржавы трымаць людзей у жабрацтве, пазбаўляць людзей магчымасці зарабіць на самае элементарнае.

25 чэрвеня

Дарагія гульні ў танкі для краіны, дзе анкахворыя не могуць атрымаць своечасовую дапамогу, а большая колькасць грамадзян жыве за рысай галечы. Як дастала гэтае пачварнае стаўленне да людзей.

Я за такія парады: На кані мой бацька, Юры Баярын. Гэта тэатралізаванае шэсце ў гонар Дня беларускай вайсковай славы ў 1994-­м. А танкі хай па Краснай плошчы рассякаюць.

* * *

Патэлефанавала бабуля. Кажа, адкрыла «Нашу Ніву» і там прачытала мой артыкул. Сказала, што вельмі ўражана гэтым усім. І скончыла размову абмеркаваннем бульбы, чаму яшчэ не пабудавалі і якая добрая ідэя.

Карацей, я зразумела: узгадванне бульбы ў тэксце было стратэгічнай памылкай. 

Усё пайшло не так.

Бульба — гэта мегабрэнд, які пераедзе ўсіх і нават не заўважыць.

* * *

Іншыя нацыі чэрпаюць і чэрпаюць, а нас так прыціснулі, што ні рукой, ні нагой параварушыць. Спадзяюся, усё зменіцца і лёс будзе на нашым баку.

27 чэрвеня

Што можна сказаць пра людзей, для якіх круты той, хто больш забіў? Сталін. І Пушкін.

Як і ва ўсім свеце. Амерыкосы крутыя, бо забілі ўвесь кантынент мясцовага насельніцтва, а потым пераключыліся на замежжа. Ангельцы — лідары ўсяго свету, бо больш за ўсіх рабавалі і забівалі за сваімі межамі. Калі стала няма чаго красці, усталявалі жалезнае права на прыватную ўласнасць, каб у іх хто не адабраў скрадзенае. Цяпер яны гаранты прыватнай уласнасці ў свеце. Яны!

Хто больш забіў і скраў, той круты. Свет недаразвітых паўдуркаў з пачварнай мараллю. Як я гэтага ўсяго не прымаю і не паважаю.

Ён кажа — Сталін. А томік Пушкіна ў руцэ дае яму ўпэўненасць, што ён не апошняе гаўно на зямлі. Такія ж гаўнюкі ўсе культурныя лідары свету, рукі і гісторыя якіх у крыві. І можна сёння прыкрывацца Сэлінджэрамі, Пушкінымі і ўсімі, кім толькі здагадаецеся, вы як былі гаўном для чалавецтва, так ім і застаняцеся.

28 чэрвеня

Усё зазіраю пад артыкул на «НН» пра апоўзень у Вільні, каб якія цікавыя каментары пачытаць, але каментары зусім не пра апоўзень, а пра паходжанне імені Гедымін ідуць. Вось, думаю, СМІ маюць у руках сапраўдны спіс таго, што хвалюе насельніцтва, яны могуць скласці гэты спіс па такіх вось плынях каментароў не па тэме. Грамадскае невымоўнае. Толькі, мабыць, крыху ад профілю сайта вынікі будуць адрознівацца. Анлайнераўскіх больш грошы хвалююць, зайздрасць.

* * *

Парайце, даражэнькія, які лепш кранштэйн набыць, каб ровар падвесіць на сцену. Гарызантальна. 

Цудоўнае, чыста беларускае рашэнне… Маці, як заўсёды, пры дзецях, а бацька галоўны, думае, што ён тут руліць. З інстаграм majakrainabelarus, Салігорск.

* * *

Янечка сёння цішком з гардэробнай прынесла тэлефонную слухаўку і стала ёю на маніторы камп'ютара каналы пераключаць. Звычайна яна мне «мама-­мама» кажа і паказвае, што пераключыць мульт трэба. Выбірае пальчыкам, што хоча глядзець, і адбягае ў падушкі, бо мы з татам запэўнілі яе, што трэба глядзець мульты здаля. 

А пульт яна толькі ў бабы з дзедам бачыла, у нас няма тэлевізара. 

Карацей, навошта мне мама, калі можна свой уласны пульт мець. Незалежнасць і права выбару — гэта крута.

29 чэрвеня

Думаю, адзіныя, хто б абрадаваўся зносу сваіх дамоў, — жыхары панэльных дамоў. Перасяляюць цябе з брыдкай, старой панэлякі недзе каля Партызанскага праспекта ў новую панэляку ў Каменнай Горцы, з новымі камунікацыямі, з гіперамі і больш сучаснай інфраструктурай. І будуйце сабе элітнае жытло замест панэлек, якія па сваім тэрміне службы павінны былі быць знесены 20—30 гадоў таму. 

Але калі паглядзець, колькі сілаў і намаганняў ідзе на захаванне старых панэльных дамоў, з якой энергіяй і актыўнасцю ўлады змагаюцца за захаванне пачварных панэлек, колькі грошай не шкада на падтрымку іх трэцяга тэрміну жыцця, то становіцца ясна, што тут няма выпадковасці.

Свядома ці несвядома, але ўлады зачышчаюць толькі культурны слой. Так паводзяць сябе толькі акупанты. Мы жывём у часы татальнай акупацыі, ведаем мы пра гэта ці не ведаем, прызнаём мы гэта ці не прызнаём.

Каторы раз пераконваюся, няма выпадковасцяў у архітэктуры. Усе працэсы лагічныя і асэнсаваныя.

* * *

Глядзець на здымкi вызвалення. Месяцы чакання i невядомасцi. Слёзы, радасць, абдымкi.

* * *

Як цудоўна і дзіўна: з'яўляецца новы чалавечак, са сваім характарам, сваімі асабістымі патрэбамі і жаданнямі. І ад цябе так шмат залежыць, а з другога боку, нічога ад цябе не залежыць, чалавечак возьме ад цябе тое, што сам вырашыць. Янечцы нашай ужо два гады і два месяцы. Першы наш год мне падаваўся вечнасцю, а цяпер час уцякае з такой хуткасцю.

* * *

Тэкст «Модныя мінскія даўншыфцеры» яшчэ не чытала, адной назвы хапае. Даўншыфтынг — гэта ж жыццё для сябе замест гонкі за модай. А тут сядзяць шчасліўцы, якія здолелі дагнаць моду. 

Даўншыфтынг сёння, як мне падаецца, — гэта пачаць займацца любімай працай, за якую не плацяць, і нарадзіць двух-­трох дзетак.

Чытайце таксама: 

Моцная, слабая, усё сабе даравала: жанчына з-пад Любані жыве ў Варшаве і вядзе фантастычны дзённік па-беларуску 

Чужая ў Гомелі

32-гадовы мінчук пераехаў жыць у дзедаву хату ў глухім Палессі. Дзённік + фоты

facebook.com/Аляксандра Баярына

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура