Мы калісьці распавядалі, што Маша Чаракова знайшла сваё каханне менавіта ў Беларусі, калі пасля магістратуры ў Галандыі прыехала на некалькі гадоў у Мінск — адчуць родны горад.
Маша пражыла ў Беларусі ўсяго восем год, а пасля сям’я пераехала ў Галандыю. Там Маша скончыла школу, універсітэт, там жа падчас студэнцтва пазнаёмілася з будучым мужам Джорджам. Праўда, тады яны яшчэ былі проста сябрамі. Пачуцці з’явіліся толькі праз дзесяць гадоў, у Беларусі, калі Джордж вырашыў наведаць добрую сяброўку і пабачыць яе радзіму.
Пэўны час пара падтрымлівала стасункі на адлегласці [Джордж — швейцарац], ездзілі адно да аднаго, але два гады таму вырашылі недзе асесці і абралі Амстэрдам. А літаральна днямі Маша і Джордж зладзілі вяселле, не захапляцца якім проста немагчыма.
На цырымонію, што праходзіла на пляжы ў Нідэрландах, з’ехаліся госці з шасці краін.
«Вяселле было фантастычным! З Беларусі прыляцелі каля дзесяці нашых сяброў, сям’я. Цырымонія праходзіла ў вельмі вузкім коле, насамрэч, нас і ажаніў наш сябар. А пасля было барбекю, гульні і танцы да раніцы», — кажа Маша.
Мядовы месяц маладыя праводзяць у Грузіі. Дзяцей на гэты час яны пакінулі з бабулямі і дзядулямі.
«Для нас важна пабыць удвох, бо апошнія два з паловай гады мы не былі ў адпачынку разам. Гэта магчымасць па-новаму адкрыць адно аднаго, — прызнаецца Маша. — Мы сумуем па нашых дзецях, але ведаем, што пакінулі іх у надзейных руках. І, канечне ж, ратуе скайп!»
Nina.nn.by