Праект партала
Рост
11.10.2017 / 17:16
Натхненне: інстаграм мастачкі Надзі Жалезнай, якая малюе нефармальны Мінск1

Штотыдзень мы дзелімся з вамі талковымі профілямі. Для натхнення і не толькі. Кожную сераду — новая гераіня ці герой!

Сёння ў выпуску — інстаграм вэб-дызайнеркі і мастачкі Надзеі Жалезнай.

Надзея Жалезная (гэта сапраўднае прозвішча, калі што).

Чарга ў «Макдональдс», эскалатары, будоўля і трамвайны прыпынак — у сваіх скетчах Надзея Жалезная прадстаўляе Мінск такім, якім мы яго бачым кожны дзень. Тут не толькі гламурны, вылізаны і турыстычны бок горада, але і непрычасаныя дворыкі, прыватны сектар.

Надзея вучылася маляваць з дзяцінства: спецыяльна наведвала мастацкую школу, але вечныя «збанкі, драпіроўкі і гуаш» на занятках паступова адбілі жаданне займацца гэтай справай.

Надзя вярнулася да свайго захаплення толькі паўтара гады таму: пачала з абстракцый на папяровых кубках падчас рабочых лятучак: «Мне вельмі спадабалася эстэтыка працэсу. Тое, з якім гукам кончык алоўка дакранаецца да паперы, як ён пакідае на ёй лінію або кропку, у залежнасці ад фактуры і націску. Гэтых сапраўдных фізічных адчуванняў мне вельмі не хапала на асноўнай працы: я займалася вэб-інтэрфейсамі».

Профіль @z_h_a_r_t з'явіўся, каб актыўна практыкавацца: было важна набіць руку і перастаць баяцца рэакцый людзей на тое, што іх нехта малюе. Надзя кажа, што з устаноўкай «знаходзіць прыгожае ў звычайным» па-іншаму стала глядзець на Мінск: «У нашым горадзе шмат месцаў, якія хочацца намаляваць, проста трэба гэта ўбачыць».

Падпісацца на інстаграм «Нашай Ніны» можна тут

Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура