Праект партала
Дома
21.10.2017 / 17:47
«Калі дзеці спрабуюць ткаць на кроснах, іх за вушы не адцягнуць» — запісвайце сваіх1

Заняткі па ткацтву праводзіць Наталля Ярмалінская. Досвед у яе багаты: ужо гадоў 12 як яна тчэ паясы і гады чатыры, як забралася за кросны. Цяпер Наталля шукае пераемнікаў, якім было б цікава паспрабаваць сябе ў традыцыйным беларускім ткацтве.

Кросны. Фота wikimedia.org.

«Мы асвойваем традыцыйныя тэхнікі. То бок габелены мы не робім, а больш засяроджаныя на традыцыйных беларускіх тканінах, — тлумачыць Наталля. — Насамрэч, гэта цікавы і незвычайны занятак.

Я ўжо з практыкі бачыла, што калі проста запрашаеш дзяцей на ткацтва, то яны не дужа разумеюць, што гэта такое, і асабліва не рэагуюць. Але калі яны трапляюць да нас у майстэрню, дзе ў нас стаяць старадаўнія аўтэнтычныя кросны, ім усім становіцца вельмі цікава. І калі ўжо яны спрабуюць на іх ткаць, то, канешне, іх за вушы не адцягнуць».

Наталля кажа, што найперш заняткі ткацтвам развіваюць уседлівасць і ўменне засяродзіцца на самім працэсе. Натуральна, творчасць тут таксама ёсць, але адметнасць менавіта ў вось гэтых перыядах проста манатоннай працы. Аднак Наталля ўпэўнівае, што калі дзіця ведае, што ў яго на выхадзе атрымаецца, яно гатовае прыкладаць намаганні, гэта дысцыплінуе. Плюс праца з ніткамі актыўна развівае дробную маторыку, што, у сваю чаргу, добра ўздзейнічае на агульнае развіццё, на мысленне.

«Што тычыцца развіцця творчых здольнасцяў, то гэта таксама ёсць. Трэба падабраць колер, фактуру, ажыццявіць нейкую сваю задуму. Гэта і фантазію развівае, і мастацкі густ, бо мы заўжды разглядаем традыцыйныя ўзоры тканін, аналізуем каларыстыку, матэрыялы, спрабуем стварыць штосьці новае, прыгожае, але ў межах нашых традыцыйных тэкстыльных канонаў», — дадае Наталля.

Яна кажа, што першыя вынікі дзеці могуць убачыць ужо на першых занятках. Зусім нядаўна да яе прыйшлі дзве васьмігадовыя дзяўчынкі і за адну сустрэчу паспелі самі зрабіць бранзалеткі. Канешне, не з нуля, былі падрыхтаваныя асновы, але тым не менш.

Дарэчы, што тычыцца працягласці заняткаў. Тут дзецям трэба з бацькамі самім вызначыцца, як ім больш камфортна. Каму восем-дзесяць год, звычайна хапае некалькіх гадзін, не больш. Старэйшыя могуць сядзець і тры гадзіны. Але ўсё індывідуальна. Калі дзіцяці цікава, то чаму б не папрацаваць даўжэй? Тым больш, падчас заняткаў можна рабіць перапынкі, можна выпіць той жа гарбаты.

«Ёсць і яшчэ адзін выхаваўчы момант. Падчас працы з ніткамі заўжды сутыкаешся з тым, што яны блытаюцца, з’яўляюцца каўтуны, вузлы і гэтак далей. Але любыя каўтуны можна разблытаць і расправіць. І я вучу, што калі нешта зблыталася, не трэба панікаваць, а трэба выдыхнуць, засяродзіцца і разабрацца. Гэта такі філасофскі момант», — заўважае Наталля.

Як трапіць

Заняткі ў Наталлі праходзяць два разы на тыдзень, па панядзелках і серадах, ад 15-й да 21-й гадзіны. Паколькі яны арганізаваныя ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь» (Кастрычніцкі раён), то для школьнікаў цалкам бясплатныя. Сустрэчы праходзяць па адрасе вуліца Казінца, 120 (клуб «Княжы гуф»).

Калі хочаце далучыцца, звязвайцеся наўпрост з Наталляй (+375 29 3309940). Для запісу спатрэбіцца копія пасведчання аб нараджэнні дзіцяці і заява, яе можна запоўніць на месцы.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура