Праект партала
Накіпела
24.10.2017 / 16:42
Беларуска Варшавы: Нядаўна ў краме мне сказалі «Рускі, дадому!»142

Мара Тамковіч амаль 12 гадоў таму пераехала з Беларусі ў Польшчу, і адзначае, што цягам апошніх гадоў у краіне абвастрыліся ксенафобскія настроі.

Мара апынулася ў Варшаве, калі ёй было 17 гадоў: адвучылася па праграме Каліноўскага на журналістыцы і ў Беларусь не вярнулася. Нейкі час працавала па спецыяльнасці, а цяпер паступіла на рэжысуру і здымае гульнявое кіно: так, у верасні дзяўчына скончыла працу над чарговай караткаметражкай «Дачка», якая закранае праблемы мацярынства і правоў жанчын. Мара і сама нядаўна стала маці, яе дачка мае польскае грамадзянства.

Мара, працоўныя моманты.

Дзяўчына прызнаецца, што вельмі любіць Польшчу і адзначае, што за час свайго знаходжання ў краіне ні разу ні сутыкалася з негатыўным стаўленнем да яе персоны, але літаральна на днях з ёй здарыўся непрыемны выпадак, пра які яна распавяла ў сваім фэйсбуку. Нам ён стаў цікавы як тэндэнцыя, таму мы папрасілі пераказаць яго нам больш падрабязна:

«Разам з 9-месячнай дачкой мы абіралі ў краме абутак. Я вырашыла патэлефанаваць маці, бо яна ў мяне лепш разбіраецца, якія боцікі для малых дзетак лепш, на што звярнуць увагу і гэтак далей. Я размаўляла па-руску, і нечакана пачула ў свой бок: «Рускі, дадому!». Прамовіў гэта самы звычайны мужчына, на выгляд 60-гадовы.

Не жабрак, але і не багач. Я спецыяльна не звярнула ўвагу на тое, што ён кажа, але ён успрыняў гэта як нагоду паўтараць яшчэ гучней: «Рускі, дадому! Рускі, дадому!». Тут я ўжо не стрымалася, сказала, што не пану вырашаць, дзе мне жыць. Падтрымалі мяне і іншыя кліенты, што стаялі у краме побач. Больш за ўсё мяне бянтэжыла тое, што для мужчыны такія паводзіны былі актам патрыятызму — гэта яскрава адчувалася».

Мара ўдакладняе, што яна не скардзіцца на жыццё, але адзначае, што падобныя ксенафобскія настроі ў Польшчы апошнім часам усплываюць усё часцей: «Я, канечне, не эксперт, магу давяраць выключна ўласным адчуванням. Аднак гісторыі, падобныя той, што здарылася са мной, расказвалі мне знаёмыя рускія, украінцы і беларусы. Так, мая сяброўка напрыклад шукала кватэру, але гаспадар, пачуўшы яе акцэнт, адмовіў у арэндзе, бо «здае кватэру толькі палякам».

Гэта не звязана з пэўнай нацыянальнасцю (хаця хваля нелюбові да ўкраінцаў, у сувязі з тым, што іх шмат пераехала сюды пасля вайны, ідзе моцная), гэта больш шырокая справа. Усё часцей тут здараюцца выпадкі, калі дзесьці нападаюць на кебабную, дзесьці — на студэнта з Індыі… На мой погляд, гэта адбываецца таму, што цяперашняя правая ўлада дазваляе такія паводзіны.

Агульны антыэмігранцкі трэнд не з’явіўся толькі што: не маглі ўсе быць талерантнымі і ветлівымі, а потым рэзка ператварыцца ў ксенафобаў. Але раней тут не выпадала казаць пра гэта адкрыта і ўголас».

Беларуска спадзяецца, што да радыкалізацыі гэтых настрояў не дойдзе. 

КК

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура