Праект партала
Рост
03.11.2017 / 20:58
Топ-9 містычных фільмаў пра вядзьмарак7

Беларускія вядзьмаркі былі больш актыўныя ў Купальскую ноч ці на Запусты, а ўвосень, як і ўсе тутэйшыя, станавіліся млявымі. Але ў астатнім яны даволі падобныя да сваіх замежных каляжанак — звычайна злыя, могуць ператварацца ў жывёлаў, могуць быць прыгожымі маладзіцамі ці зусім старымі, але рэдка чымсьці пасярэдзіне.

Увесь гэты тыдзень праходзіць пад знакам містыкі — спачатку Хэлаўін, пасля — Дзяды, і калі вы не збіраецеся наведваць міжнародны кінафестываль «Лістапад», то можна пабавіць час за праглядам фільма пра нячыстую сілу дома ды параўнаць розныя звычаі і забабоны.

«Корань усяго зла — неспатольная пачуццёвая прага»

Молат вядзьмарак / Kladivo na carodejnice

Атакар Вавра, 1969 год

Жанчыны мыюцца ў лазні, агідны чорны манах ледзь не пырскае слінай, распавядаючы пра грахі… Так ужо з першых кадраў уводзяцца дзве галоўныя тэмы фільма. Чэшскае кіно заўсёды было моцнае адчуваннем цялеснай пачуццёвасці, але сэксуальны прыгнёт у Вавры рыфмаваўся з палітычным, суды над абвінавачанымі жанчынамі — з вядомымі савецкімі паказальнымі судамі, і фільм быў забаронены. У гэтым свеце толькі інквізітар можа перамагчы.

«Мы заваюем прыроду. Яна не паглыне нас»

Вядзьмарка / The Witch

Роберт Эгерс, 2015 год

Дэбютны фільм, што адразу стаў класікай хорару. Вусцішны сваёй рэалістычнасцю (дыялогі створаныя на аснове сапраўдных дзённікаў і лістоў XVII стагоддзя), дасціпны, але без апрыкрага постмадэрнісцкага падміргвання. Этнаграфія становіцца мастацтвам, але чалавечая мара ўпарадкаваць сусвет пачынае здавацца нездзяйсняльнай.

«Я бачу скрозь слёзы, але ніхто не прыйдзе выцерці іх»

Дзень гневу / Vredens dag

Карл Тэадор Драер, 1943 год

Па-пурытанску строгі, каліграфічна вывераны фільм быў зняты вялікім датчанінам, калі многія думалі, што ён ужо назаўсёды пакінуў кіно. Паважаны пастар жыве разам з маладой жонкай і маці, да іх вяртаецца яго сын з папярэдняга шлюбу. На тым жа матэрыяле магла б атрымацца забаўная рамантычная камедыя, але добрыя пабожныя грамадзяне шукаюць вядзьмарак, і аказваецца, што ў рэпрэсіўным грамадстве няма невінаватых.

«Бог памёр! Цяпер вы ведаеце»

Баба Яга / Baba Yaga

Карада Фарына, 1973 год

Часам аўтарскае і «глядацкае» кіно спалучаюцца асабліва ўдала — як у гэтым фільме, дзе сярод трасянкі з самых неймаверных складнікаў цяжка занудзіцца ці не знайсці штосьці на свой густ. «Баба Яга» заснаваная на папулярным коміксе для дарослых, а персанаж галоўнай гераіні — на адной з лепшых актрыс «вялікага нямога», Луізе Брукс. Тут ёсць асноўная дэтэктыўна-містычная лінія (з вялікасвецкай Бабай Ягой), нацысты, Жан-Люк Гадар (завочна), прыгожы кот, прылады для бандажу, баксёры і лялькі вуду.

«Эксперты кажуць, што мужчыны — кволыя істоты. Калі паводзіцца занадта ўпэўнена, гэта знішчае іх»

Вядзьмарка кахання / The Love Witch

Ана Білер, 2016 год

Ана Білер зрабіла ў гэтым забаўным фільме ўсё — ад дызайну мэблі і строяў да музыкі. Таксама ўдала яна спалучыла класічную галівудскую меладраму з фільмам жахаў, таму часам цяжка зразумець, калі нешта гаворыцца сур'ёзна, а калі — іранічна. І кожную хвіліну падзеі і дыялогі — рэдкая асалода.

«Калі я згублю магію, я згублю ўсё, што маю»

Вядзьмаркіна служба дастаўкі / Majo no Takkyūbin

Хаяо Міядзакі, 1989 год

У Японіі не было вядзьмарак, але калі еўрапейцы прывезлі іх з сабой, то Міядзакі стварыў самую мілую. Яна апранаецца выключна ў чорнае (са свавольнай чырвонай стужкай), размаўляе з катом. Адрозненне ў тым, што яна і не думала пра нейкія там дамовы з д'яблам і пераследаванне ўласных прыхамацей. Кікі сціпла імкнецца дапамагчы іншым, а галоўнае выпрабаванне на яе шляху — страта ўмення лятаць.

«Мужчыны баяцца нас, бо мы ведаем праўду. Бог — гэта жанчына»

Вядзьмаркі Сугарамурдзі / Las brujas de Zugarramurdi

Алекс дэ ла Іглесіа, 2013 год

Двое падзельнікаў (у выглядзе Хрыста і натаўскага вайскоўца) вырашаюць абрабаваць ламбард. Адзін з іх у разводзе і бярэ з сабой сына, і падчас уцёкаў дарослыя мала пра што гавораць. Акрамя таго, якія жанчыны жахлівыя. Можа падацца, што фільм вельмі мізагінісцкі, але калі небаракі аказваюцца ў вёсцы баскскіх вядзьмарак, сюжэт закручваецца куды складаней. Правільней сказаць, што сярод персанажаў няма станоўчых, і мужчыны такія ж нікчэмныя, як жанчыны.

«Галоўнае — калі ёсць, каго абвінаваціць»

Далей у лес / Into the Woods

Роб Маршал, 2014 год

Казачны мюзікл, дзе ў цёмным лесе збіраецца мноства персанажаў, але галоўны з іх — злая вядзьмарка ў выкананні цудоўнай Мэрыл Стрып. Паляванні на вядзьмарак звычайна пачыналіся, калі трэба было кагосьці абвінаваціць у невырашальных праблемах, але гэтым разам усё будзе не так проста. Мэрыл Стрып не згодная быць ахвярай і спрабуе навучыць звычайных людзей стаць трошкі больш, чым яны ёсць.

«Я не хачу замуж. Вядзьмарка я ці не, але служанкай не буду»

Кірыку і вядзьмарка / Kirikou et la Sorciere

Мішэль Асело, 1998 год

Надзвычай папулярны сярод гледачоў і крытыкаў мультфільм, які часткамі рабіўся па ўсім свеце, стаў мюзіклам і меў некалькі сіквелаў. Кірыку — хлопчык, што ўмеў размаўляць і хадзіць адразу, як нарадзіўся. Акрамя таго, ён смелы ды кемлівы і спрабуе абараніць сваіх аднавяскоўцаў ад злой вядзьмаркі. Гуманізм усё ж не абавязкова нудны, а тут становіцца добрай прышчэпкай супраць таго, каб навешваць цэтлікі на іншых, нават калі яны — вядзьмаркі.

Максім Карпіцкі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура