У сваім інстаграме Дзіяна Пінчук, якая працуе рэдактарам у юрыдычным часопісе, дзеліцца цудоўнымі беларускімі краявідамі, даказваючы, што неабавязкова ехаць за мяжу, каб адпачыць і ўбачыць нешта новае, бо і тут хапае недаацэненых месцаў.
Мы, як заўсёды, штотыднёва дзелімся з вамі з вамі талковымі профілямі. Для натхнення і не толькі. Кожную сераду — новая гераіня ці герой. Вось пазнаёмцеся з Дзіянай.
Дзіяна Пінчук.
Дзіяна нарадзілася ў Асіповічах, але калі была зусім маленькай, яе бацькі набылі ў вёсцы Боркі, што ў Старадарожскім раёне, старую драўляную школу: там яны доўгі час і жылі. Акрамя Дзіяны і яе сястры, там не было ніякай моладзі, сёння ж у вёсцы жыве ўсяго 11 чалавек.
Заняцца ў Борках асабліва не было чым, таму дзяўчынка актыўна чытала кніжкі, якія брала ў бібліятэцы суседняй вёскі. Менавіта з дапамогай літаратуры Дзіна вандравала па ўсім свеце, а хутка пачала рабіць гэта і на самой справе: у першую чаргу адправілася па розных кутках Беларусі, паралельна стала адкладаць адкладаць грошы ў скарбонку «Кругасветка».
«З любой мясцінай, якую я наведвала, у мяне звязаныя свае цёплыя ўспаміны і пачуцці. Чамусьці ўсіх шакіруе гэты факт, але мой самы любімы горад — Бабруйск. Ён нейкі такі самабытны і сапраўдны. Вось сучасны Слуцк, напрыклад, мне зусім не падабаецца: яго «прылізалі» жоўтымі і ружовымі фарбамі, таму ён падпадае пад кляймо «дажынкавы горад», хоць гэта месца і са слаўнай гісторыяй. Калі згадваць яшчэ нейкія кропкі на беларускай мапе, то мяне вельмі ўразіла Белавежская пушча з яе непаўторнай прыродай. Люблю таксама Навагрудак за яго ўзгорысты ландшафт…», — расказвае Дзіяна.
Пачытаць пра яе вандроўкі па Беларусі можна, дарэчы, як у інстаграме, так і больш падрабязна ў блогу Арт Сядзібы «І гэта Беларусь?!»
КК