Проект портала
Вокруг
06.12.2017 / 14:06
Куда сводить детей на новогодний праздник по-белорусски — топ событий в Минске2

Новы год не за гарамі, а, як вядома, больш за ўсё гэта свята любяць дзеці. Афішамі з прапановамі правесці зімовыя канікулы разам з Дзедам Марозам і Снягуркай на спектаклях ды балях абвешаны ўвесь горад, але беларускамоўных сярод іх няшмат. Мы пашукалі і сабралі іх разам у адным месцы.

Для самых маленькіх

Беларуска-нямецкія Каляды

Музей Максіма Багдановіча прапаноўвае забіць двух зайцаў адразу: пазнаёміцца з традыцыямі і беларускага святкавання Калядак, і нямецкага. Акрамя традыцыйных хэнд-мэйд майстар-класаў, падчас якіх вас навучаць упрыгожваць пернікі і калядныя цацкі, абяцаюць батлейку і выступ ансамбля народнай песні «Гаманіна». Да імпрэзы трэба падрыхтаваць Дзеду Марозу верш і згатаваць што-небудзь салодкае — самым таленавітым і шчырым гасцям ён шчодра аддзячыць.

  • Калі: 15 снежня а 17.30
  • Дзе: Музей Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 13)
  • Узрост: 0+
  • Кошт: па папярэдняй рэгістрацыі

Казка «Як Кікімара Снягуркаю была»

Ад 20 снежня па 2 студзеня ў Тэатры юнага гледача дзецям будзе дазволена тое, што звычайна не дазваляюць тут дарослым: танчыць, гучна крычаць і нават есці. Усё гэта ў межах навагодняй казкі «Як Кікімара Снягуркаю была». Акрамя агучанай Кікімары, забаўляць дзетак будуць лясун Лёха і Дзед Мароз.

  • Калі: 20 снежня — 2 студзеня
  • Дзе: Тэатр юнага гледача, вул. Энгельса, 26
  • Узрост: 0+
  • Кошт: 5—8 рублёў

Казка «Як літара Ў уратавала Каляды»

Літара Ў — адна з галоўных адметнасцяў, упрыгожанне беларускай мовы. Таму не дзіва, што ў гонар яе называюць кавярні, ставяць ёй помнікі і вось цяпер прысвячаюць казку, якую можна будзе паглядзець 30 снежня і 4 студзеня. Казка пра тое, як аднойчы літара ўратавала Каляды. Схадзіце дазнайцеся, як у яе гэта атрымалася, і пасля добра аддзячце за тое, што не згубілі гэтае цудоўнае свята продкаў.

  • Калі: 30 снежня і 4 студзеня
  • Дзе: Моладзевы тэатр эстрады, Маскоўская, 18а
  • Узрост: 0+
  • Кошт: 9.5 — 17 рублёў

Паказ «Прыгоды на Калядкі»

Перад Новым годам, вядома, нас чакаюць не менш разухабістыя Калядкі. Калі вашаму дзіцяці пакуль рана хадзіць па хатах у вобразах казы ці мядзведзя, можаце паглядзець, як гэта робяць іншыя. Студыя традыцыйных беларускіх святаў «Ланцужок» пакажа «Прыгоды на Калядкі». Абяцаюць не толькі расказаць, куды і адкуль ідуць калядоўшчыкі, але і пачаставаць смачнымі пернікамі і традыцыйнай куццёй.

  • Калі: 25 снежня і 14 студзеня
  • Дзе: культурная прастора «Мёд», Талбухіна, 4
  • Узрост: 4+
  • Кошт: дарослы — 5 рублёў, дзіцячы — 12 рублёў

Для школьнікаў

Квэсты і майстар-класы «Да Коласа на Новы год»

Ужо з 11 снежня музей Якуба Коласа запрашае на святочную праграму з майстар-класамі па вырабе паштовак і календароў, квэстамі і лялечнымі паказамі. Выдатная магчымасць прадэманстраваць дзецям, што музеі — гэта зусім не сумна. Асабліва інтрыгуе анансаваная гульня-спаборніцтва на найлепшы кароткаметражны ролік «Як бы Якуб Колас адзначаў Новы год у ХХІ стагоддзі». А сапраўды, як?

  • Калі: 11 снежня — 5 студзеня
  • Дзе: Музей Якуба Коласа, вул. Акадэмічная, 5
  • Узрост: 6+
  • Кошт: 1—2 рублі

Экскурсіі «На Каляды ў музей»

Свае Калядкі будуць святкавацца і ў Раўбічах у Музеі беларускага народнага мастацтва. З калядоўшчыкамі, нацыянальнымі спевамі і танцамі — усё як мае быць (хто не ўмее танчыць, таго навучаць). А яшчэ прадэманструюць майстэрства саломапляцення, таму дамоў вы дакладна вернецеся не з пустымі рукамі, а як мінімум з уласнай цацкай-анёлам.

  • Калі: 23 снежня і 6 студзеня
  • Дзе: Раўбічы, Музей беларускага народнага мастацтва
  • Узрост: індывідуальна
  • Кошт: 16 рублёў

Канцэрт «Зімовыя святкі»

Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята» вядомы канцэртнымі нумарамі са спевамі палешукоў. Цымбалы, гармонік, барабан і розныя старадаўнія інструменты ў спалучэнні з народнымі спевамі і танцамі — моцная энергетыка. Праўда, перад тым, як весці на канікулах у філармонію дзіця, вызначце дакладна, ці здольнае яно спакойна прасядзець як мінімум гадзіну.

  • Калі: 30 снежня ў 19.00
  • Дзе: Белдзяржфілармонія, пр-т Незалежнасці, 50
  • Узрост: 12+
  • Кошт: 12—17 рублёў

Дарэчы, асобнай праграмай у філармоніі аб’яўлены снежны бал, які можна будзе наведаць у любы дзень з 24 снежня па 7 студзеня (і нават на самы Новы год).

Калі вы ведаеце яшчэ пра нейкія навагоднія падзеі для дзетак на беларускай мове, асабліва ў іншых гарадах Беларусі, — пішыце ў каментарах!

Кацярына Карпіцкая, фота на застаўцы Сяргея Гудзіліна

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура