Праект партала
Стасункі
22.12.2017 / 18:23
Хлопцы ўпершыню зрабілі макіяж сваім дзяўчатам — зірніце, што атрымалася19

Памятаеце адну з забаўных сцэн папулярнага серыяла «Сябры», калі Рос дапамагаў Рэйчал рабіць макіяж, бо яна была прыхварэўшы? Мы вырашылі яе паўтарыць і запрасілі закаханыя пары паўдзельнічаць у конкурсе-фотапраекце. І каб было цікавей, паабяцалі адной з іх зімовы святочны кошык падарункаў ад сеткі «Зялёных аптэк».

Хлопцы змаглі паставіць сябе на месца дзяўчат і зразумець, як гэта — штодзень аддаваць частку жыцця на фарбаванне твару. І заадно высветлілі ў дзяўчат, навошта яны гэта робяць.

Паўдзельнічаць у фотапраекце пагадзіліся чатыры цудоўныя пары.

Юля і Віталь Голубевы. Псіхалагіня і айцішнік. Спачатку Юля і Віталь здымалі розныя пакоі ў адной трохпакаёвай кватэры разам з яшчэ адным суседам, але, калі прыйшоў час змяніць папярэдняе жытло на іншае, ужо ведалі дакладна, што хочуць жыць толькі ўдвух.

Яна і Яша Пятровы. Бармэнша і дызайнер. Пазнаёміліся праз агульных знаёмых, абодва «варыліся» ў сферы кавярняў і бараў — былі знаёмыя гадоў пяць, але блізка не камунікавалі. Ініцыятыву ў свае рукі ўзяў Яша: аднойчы прыйшоў да Яны на працу і запытаўся, ці не сустракаецца яна з кім-небудзь. Праз дзень яны ўжо жылі разам, а праз тры месяцы Яша зрабіў Яне прапанову.

Паліна Трохаўцава і Яўген Дзяшук. Журналістка-капірайтарка і кухар. Паліна яшчэ вучылася ў школе, ездзіла на заняткі на 28-м аўтобусе, калі ў адзін дзень звярнула ўвагу на Яўгена. Ён ездзіў па тым жа маршруце ў каледж. Нейкі час яны працягвалі перакідвацца позіркамі ў аўтобусе. Але адной раніцай, калі Паліна выходзіла з пад’езда, убачыла на асфальце надпіс «Дзяўчына з 28 аўтобуса, я ў цябе закаханы!». Наступным разам, калі яны зноў сустрэліся ў транспарце, Паліна падышла да Яўгена, і яны, нарэшце, пазнаёміліся. Разам маладыя амаль 8 год. Летам збіраюцца пабрацца шлюбам.

Яўген і Адар’я Гладкія з дачкой Агаткай. У 2013 годзе Адар’я развіталася са сваім былым хлопцам, таму сяброўка ўсяляк ратавала яе ад магчымай дэпрэсіі. Яны бавілі час на канцэртах і ў клубах, на самых розных імпрэзах, каб не хандрыць. На чарговым канцэрце Адар'я ўбачыла Яўгена, ён быў адзіным, хто ў той вечар танчыў у «Лофце». Адар’я расказвае, што ніколі не верыла ў гісторыі кахання з першага погляду, але ў той момант яна асэнсавала, што гэта якраз той чалавек, з якім ёй ісці побач усё жыццё.

Запрошаныя пары да апошняга моманту не ведалі, што менавіта ім давядзецца рабіць: мы проста папрасілі іх узяць з сабой касметыку, якой яны карыстаюцца. Мы таксама падрыхтавалі дадатковы агульны набор сродкаў, які знаходзіўся ў свабодным доступе.

Калі госці пачулі, што хлопцам давядзецца фарбаваць дзяўчат, то гучна рассмяяліся. Нехта крыху напружыўся, але прыйшлося даверыцца адно аднаму цалкам.

Вось як праходзіў творчы працэс:

А вось, што атрымалася ў выніку:

Віталь у макіяжы для Юлі спрабаваў перадаць вобраз лясной феі.

Яша імкнуўся падкрэсліць натуральную прыгажосць Яны.

У макіяжы для Паліны Яўген хацеў перадаць іх агульную любоў да цяжкай музыкі, таму паўтараў дэталі з эстэтыкі рок-музыкаў.

Яўген кіраваўся тым, што Адар’я ў прынцыпе амаль не карыстаецца касметыкай. Ён таксама зрабіў толькі мінімальныя акцэнты на вачах і вуснах.

Пачуўшы ад хлопцаў, што яны найперш цэняць натуральную прыгажосць, а не нафарбаваныя бровы ці вусны, мы запыталіся ў дзяўчат: дык навошта яны працягваюць рабіць макіяж ледзь не кожны дзень?

Адар’я: «У нашым соцыуме прынята фарбавацца, гэта больш звычайна, чым хадзіць без макіяжу. Не трэба аспрэчваць: сапраўды ёсць выпадкі, калі касметыка дапамагае людзям выглядаць лепш. Але мне здаецца, калі б аднойчы ўсе жанчыны на планеце прачнуліся і вырашылі, што яны прыгожыя, то індустрыя прыгажосці прыйшла б у заняпадак. Макіяж — усё ж досыць навязаная штука».

Юля: «Гэта ўсё ад няўпэўненасці ў сабе. У мяне ёсць шмат знаёмых дзяўчат, якім без макіяжу нават страшна выйсці ў краму».

Яна: «Калі макіяж мінімальны, без нейкіх шалёных броваў, то чаму б і не? Людзі імкнуцца выглядаць лепш — і гэта нармальна».

Паліна: «Для мяне макіяж — гэта прышпільная гульня. Ты можаш кожны дзень выдумляць нешта новае і мяняць свае вобразы».

А каму ж з гэтых пар дастанецца галоўны падарунак — кошык ад сеткі «Зялёных аптэк»? Гэта мусіце вызначыць вы, нашы чытачы. Пішыце ў каментарах, якая пара найлепш справілася з нашым заданнем і чаму, а мы абярэм самую цікавую з фармулёвак.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура