Праект партала
Накіпела
11.02.2018 / 18:03
Бацькі заклікалі Мінадукацыі ўзяцца за беларускамоўныя садкі: «Спыніце свае адпіскі! Пабачце рэальныя сем’і з іх патрэбамі!»140

«Зямны паклон сем’ям і адданым сваёй справе выхавальнікам, дзякуючы якім мы маем хаця б тыя кволыя парасткі беларускамоўнай дашкольнай і школьнай адукацыі». Бацькі беларускамоўных дзяцей, Мінск, 2018.

Праблема першая: ніхто не пытаецца ў бацькоў, на якой мове яны хочуць садок для дзяцей

Бацькі імкнуцца запісаць дзяцей ва ўстановы дашкольнай адукацыі адразу пасля нараджэння, бо агульнавядома, што садкі перапоўнены і можна не трапіць у пажаданы, калі запісацца позна.

Запіс адбываецца праз службу «Адно акно» ў раённай адміністрацыі. Гэта першы і абавязковы крок пры пастаноўцы на ўлік. Бацькі выбіраюць адзін ці некалькі садкоў, у якія хочуць аддаць дзіця. Абраць мову навучання пры гэтым немагчыма. На пытанне, у якіх садках будуць групы з навучаннем па-беларуску, спецыялісты «Аднаго акна» адказваюць «не ведаем», бо групы фарміруюцца на пачатак кожнага новага навучальнага года. Форму пастаноўкі на ўлік супрацоўнік запаўняе ў камп’ютарнай праграме. Гэты працэс не бачны бацькам, яны атрымліваюць на рукі раздрукоўку з нумарам чаргі і спісам абраных садкоў. Сам бланк ёсць толькі на рускай мове.

Звычайна на гэтым этапе бацькі і здаюцца, бо на руках немаўля, якое патрабуе ўвагі 24 гадзіны на дзень, а ў садок яшчэ толькі праз два ці тры гады. Яны запісваюцца ў бліжэйшы і хаваюць рускамоўную раздрукоўку ў сумку.

Далей [згодна з пастановай Міністэрства адукацыі Беларусі № 234 ад 16.08.2011] дадзеныя бланкаў уліку заносяцца ў табліцу з назвай «Спіс дзяцей, якія маюць патрэбу ў накіраванні ва ўстанову адукацыі для атрымання дашкольнай адукацыі». Графы з пажаданай мовай навучання ў гэтай табліцы няма. Менавіта гэтая пастанова — галоўная перашкода атрымання беларускамоўнай адукацыі. Яна не прадугледжвае збор інфармацыі пра пажаданую мову навучання.

Згодна з гэтай пастановай фарміруецца адна агульная чарга, у якой беларускамоўныя дзеці, а таксама дзеці, бацькі якіх хочуць аддаць іх у групы з беларускай мовай навучання, апынаюцца далёка адзін ад аднаго. І нават калі ўявіць, што бацькі самаарганізуюцца і прыйдуць вялікай кампаніяй у 20-30 чалавек у «Адно акно», каб запісацца адзін за адным у канкрэтны садок, то і гэта не гарантуе «аазіс беларушчыны», бо перад імі акажуцца запісанымі яшчэ столькі ж чалавек з іншымі прыярытэтамі.

Апошнія некалькі месяцаў раённыя адміністрацыі ажывіліся і пачалі прапаноўваць упісваць мову навучання ў графу для запісу нумара садка. Але незразумела, як яны збіраюцца выкарыстоўваюць гэтую інфармацыю, калі пастанова № 234 не прадугледжвае сістэматызацыю такіх звестак.

Праблема другая: у сямі з дзевяці раёнаў Мінска няма беларускамоўных садкоў

Цалкам беларускамоўных садкоў у Мінску два: № 534 у Фрунзенскім і № 187 у Цэнтральным раёнах. Толькі ў гэтых двух раёнах можна стаць на ўлік і быць упэўненым, што тваё дзіця будзе чуць беларускую мову на занятках. У іншых сямі раёнах горада такіх садкоў няма. Адпаведна, ніхто не ведае, будзе створаная беларускамоўная група праз некалькі гадоў у абраным садку ці не.

Нават калі вы сарвалі джэк-пот, і ў вашым двары ёсць сад з беларускамоўнай групай, то шанцаў, што ваша дзіця будзе туды хадзіць, вельмі мала. Пакуль сфарміраваную групу не давядуць да школы, новую не набіраюць праз адсутнасць персаналу, які валодае беларускай мовай.

«Стварэнне» ў садку новай групы з беларускай мовай навучання таксама можа аказацца зусім не радаснай навіной, бо туды аўтаматычна пераходзіць набраная за год да гэтага рускамоўная ясельная група.

Шанец навучацца па-беларуску мільгае перад бацькамі пры залічэнні ў садок. Яны запаўняюць анкеты, дзе могуць пазначыць мову навучання. Калі большасць бацькоў выкажуцца за беларускую мову, група можа пачаць навучацца па-беларуску. Аднак часта адміністрацыя настойвае на тым, што ў групе, рускамоўнасць якой вызначана загадзя, нельга абраць беларускую мову пры паступленні, бо такі парадак афармлення дакументаў. Затым загадчык можа адмовіць стварыць беларускамоўную групу з прычыны недахопу метадычнага матэрыялу і адсутнасці выхавальнікаў, якія добра размаўляюць па-беларуску. Прапанова знайсці кваліфікаваных выхавальнікаў таксама адхіляецца, бо «штат укамплектаваны, і я не хачу яго мяняць».

У любым разе, механізм прыняцця рашэння выбару мовы навучання ў групе не прапісаны ў заканадаўстве, таму нават калі большасць бацькоў за беларускую мову, ніхто нічога не гарантуе.

Праблема трэцяя: выхавальнікі не ведаюць беларускай мовы

І цяпер найбольш істотнае. Нават калі вам пашанцавала і вы пераадолелі ўсе перашкоды, ваша група з беларускай мовай навучання — абсалютная фікцыя.

Сфармаваная па агульнай чарзе на 90% з рускамоўных дзяцей, яна з раніцы да вечара стасуецца па-руску. Рускамоўная камунікацыя пачынаецца з апраўданняў выхавальнікаў, што дзеці іх кепска разумеюць. І гэта нармальна для рускамоўных дзяцей, калі ўжо Мінадукацыі так стварае групы. Але праходзіць месяц, два, год, гады, а камунікацыя застаецца рускамоўнай, таму што ад выхавальнікаў беларускай не патрабуюць. Чаму не патрабуюць? Таму што большасць дзяцей — рускамоўныя. Чаму большасць рускамоўныя? Таму што так стварае групы пастанова № 234 Мінадукацыі. Гэта пастанова, без перабольшвання, з’яўляецца падмуркам русіфікацыі грамадства. Зрабіўшы беларускамоўных бяспраўнай меншасцю, можна рабіць усё што заўгодна. Напрыклад, сёння выхавальнікам па заканадаўстве нават не патрэбна ведаць беларускую мову, каб працаваць у групе з беларускай мовай навучання!

Але нават у выпадку, калі большасць дзетак у групе могуць размаўляць па-беларуску, яны ўсё адно пераходзяць на рускую мову, бо па-руску праводзяцца заняткі музыкі, фізкультуры, матэматыкі, па-руску размаўляюць няні, іншыя выхавацелькі, бацькі дзяцей, ды нават намесніца загадчыцы і загадчыца. Такое лічыцца нармальным і прымальным у «групе з беларускай мовай навучання».

Заняткі, якія павінны праводзіцца па-беларуску, уяўляюць сабой расповед па-руску пра беларускую мову. Дзеці вучаць беларускую мову так, як вучылі б замежную. У малодшай групе для дзяцей ад 3 да 4 гадоў выхавальнікі пачынаюць уводзіць беларускую мову: на занятках яны знаёмяць дзяцей з некаторым беларускімі словамі кшталту «добрай раніцы» ці «смачна есці». Што павінны рабіць на гэтых занятках дзеці, якія дома ад нараджэння размаўляюць па-беларуску?

Са святаў толькі каляндарныя беларускія ладзяцца па-беларуску — напрыклад, Калядкі. Калі пацікавіцца, як яны праходзяць, то акажацца, што пад традыцыйным святкаваннем супрацоўнікі разумеюць чытанне беларускіх вершаў, выкананне беларускіх песень і беларускіх народных танцаў. Камунікацыя пры гэтым ідзе па-руску.

Можна сцвярджаць, не баючыся памыліцца, што груп, куды б дзеці прыходзілі і траплялі ў атмасферу беларускай мовы, дзе б яны і ўсе навокал размаўлялі па-беларуску, цяпер не існуе. Тое, што Міністэрства адукацыі называе «групай з беларускай мовай навучання» па сутнасці з’яўляецца групай, дзе беларускую мову чуюць на некаторых занятках некалькі разоў на тыдзень.

У цалкам беларускамоўных садках сітуацыя аналагічная, бо туды трапляюць дзеці па агульнай чарзе. І нават у самым папулярным садку Мінска № 314, які даўно вядомы як найлепшы выбар для беларускамоўных дзяцей і бацькоў, у групе можа аказацца толькі палова такіх дзетак.

Гэта ілюзія, што недзе ў Мінску існуе «правільная» беларускамоўная група, якую трэба толькі знайсці. У рэальнасці кожны, хто аказаўся ў такой групе, перажывае моцнае расчараванне, бо беларускай мовы, за якой ён прыйшоў, у садку не аказваецца. «Пакідае ўражанне суцэльнай прафанацыі» — прыкладна такой фармуліроўкай бацькі дзетак апісваюць становішча з беларускай мовай у садках.

Увосені 2017 года неабыякавыя беларусы накіравалі ў Міністэрства адукацыі калектыўны зварот, у якім прасілі змяніць існуючую сістэму ўліку дзяцей і дадаць магчымасць выбару мовы навучання на першым кроку запісу ў дашкольныя ўстановы ー у раённых адміністрацыях. Было сабрана 482 подпісы, аднак міністэрства не ўбачыла праблемы.

У той жа час у Маладзечне было сабрана 500 подпісаў за змену сістэмы ўліку.

У Гомелі на працягу двух гадоў бацькі дамагаюцца стварэння асобнай чаргі ў групы з беларускай мовай навучання.

Прапановы, адрасаваныя Міністэрству адукацыі:

— Змяніць сістэму запісу дзяцей у садкі. Дадаць графу «Пажаданая мова навучання (беларуская ці руская)» у бланк, які запаўняецца пры пастаноўцы на ўлік у службе «Адно акно». Стварыць бланк на беларускай мове. Весці адкрытую статыстыку пажаданняў бацькоў.

— Сфарміраваць асобную чаргу для бацькоў, якія хочуць аддаць сваіх дзяцей у групы з беларускай мовай навучання. Размяркоўваць дзяцей з адной чаргі ў групы разам.

— Увесці ў службовыя патрабаванні да педагагічных работнікаў (кваліфікацыйны даведнік) пункт пра абавязковае валоданне беларускай мовай на ўзроўні свабоднага выканання працоўных абавязкаў.

— Нарматызаваць паняцце «група з беларускай мовай навучання» і ясна прапісаць у заканадаўстве механізм стварэння і патрабаванні да такіх груп.

— Укамплектаваць дзіцячыя садкі настаўнікамі музыкі, фізкультуры і іншымі, якія валодаюць беларускай мовай.

— Спыніць штогадовую ратацыю груп з беларускай мовай навучання па выпадковых садках.

— Стварыць у кожным раёне Мінска цалкам беларускамоўны садок. У некаторых раёнах, дзе большая колькасць жыхароў, зрабіць некалькі такіх садкоў.

— Стварыць рознаўзроставыя групы з беларускай мовай навучання.

Просім Міністэрства адукацыі, Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама нарэшце ўзяцца за справу. Праблема існуе — спыніце свае адпіскі. За бравурнымі справаздачамі варта пабачыць рэальныя сем’і з іх патрэбамі. З іх правам, замацаваным асноўным законам краіны, правам, якое, на вялікі жаль, і на 27-м годзе Незалежнасці застаецца толькі на паперы. …Інакш не «аддзелацца» ад пытання: «А навошта вы тады існуеце (за наш кошт!), высокія міністэрствы і ведамствы?»

Усіх неабыякавых чытачоў просім не заставацца ў баку ад гэтай дыскусіі!

* * *

Бацькі таксама стварылі анлайн-петыцыю «Пераможам дыскрымінацыю дзетак па моўнай прыкмеце!», яе можа падпісаць кожны ахвотны.

* * *

Ад рэдакцыі. Не так даўно мы пісалі пра тое, што на сайце Svaje.by з’явілася поўная мапа беларускамоўных садкоў і груп Мінска. Сэнс гэтай карты не толькі ў тым, што ўсе садкі сабраныя ў адным месцы, але і ў тым, што пад кожным любы можа пакінуць свой водгук і вызначыць рэйтынг па пэўных параметрах, у тым ліку моўным. Бацькі, якія напісалі гэты зварот да Міністэрства адукацыі, правялі тытанічную працу і сабралі звесткі пра ўсе 102 групы з беларускай мовай навучання ў сталіцы. Па гэтай спасылцы вы знойдзеце падрабязнае апісанне сітуацыі па кожным з садкоў.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура