Праект партала
Гісторыі
28.04.2018 / 08:43
Пісьменніца Зараслава Камінская пра балеткі ад Belwest, стары Наваполацк, байдаркі і мінскі пах шакаладу24

Літаратурную прэмію «Дэбют» у намінацыі «Проза» сёлета атрымала рэкламістка Зараслава Камінская за кнігу «Русалкі клічуць», творчую апрацоўку біяграфіі славутай мастачкі-прымітывісткі Алены Кіш. Пра кнігу ўжо троху напісана, а што за асоба аўтаркі?

«Наша Ніна»: Зараслава, раскажыце, хто вы?

Зараслава Камінская: Я — беларуска ў першым пакаленні, з Наваполацка, выпускніца журфака БДУ, якая пасля працавала ў рэкламе ў Мінску, а потым здзейсніла мару і выдала кнігу «Русалкі клічуць», і адбылося гэта дзякуючы Школе маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў.

«НН»: Адкуль вашы карані? Хто вашы бацькі?

ЗК: Мае бацькі з Украіны, у Беларусь трапілі пасля заканчэння Кіеўскага тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці. Размеркаваліся на толькі-толькі адкрыты хімічны завод у толькі-толькі пабудаваны Наваполацак.

Ёсць чорна-белы фільм «Вуліца без канца». Ён — пра той Наваполацк, якім яго ўбачылі мае бацькі. Сапраўды «новы» горад. Белыя дамы, чорны лес наўкол. І велізарны, агромністы, бліскучы тэхналагічны завод, зняты ў найлепшых рамантычных традыцыях сацрэалізму. Такі ж вялікі, якім здаўся мне «Палімір», куды мяне малую аднойчы, толькі аднойчы, вадзіў бацька.

Зараслава Камінская з бацькамі.

Галоўная гераіня фільма прыехала, каб больш даведацца пра свайго бацьку, знакамітага першабудаўніка. Так здарылася, што бацьку яна не ведала, і, каб даведацца што-небудзь, яна знаёміцца з горадам, які ён будаваў.

І дзякуючы гэтаму фільму, я магу пазнаёміцца з Наваполацкам часоў маладосці маіх бацькоў. Чысты (як Масква ў «Я шагаю па Маскве»), нібыта заўсёды толькі пасля дажджу, мужчыны — у белых кашулях з закасанымі рукавамі, жанчыны — у накрухмаленых сукенках, светлыя твары. І дзесьці ў тых дамах — мае бацькі: «Бачыш інтэрнат? Мы з акна глядзелі, як здымалі гэты фільм».

Яны ўсё жыццё пражылі ў Наваполацку, працавалі на «Паліміры», жывуць там і цяпер, я прыязджаю да іх ў госці.

«НН»: Адкуль у вас такое рэдкае і прыгожае імя?

ЗК: Імя прывезла маці з Украіны: там яно, здаецца, не такое рэдкае. Яшчэ з Украіны прывезлі прымаўкі і ўкранскія словы, якія я звыкла з дзяцінства чуць дома, а таксама адмысловыя спосабы гатаваць і называць некаторыя стравы: усе мае сяброўкі кажуць «дранікі», я — «дзеруны».

«НН»: Якім было ваша дзяцінства?

ЗК: Шчаслівым, дзякуючы клопату маіх бацькоў. І чытаць я палюбіла ў дзяцінстве: гэта для мяне было лепей, чым гуляць у двары.

«НН»: Дзе вы вучыліся?

ЗК: У наваполацкай гімназіі: у нас быў вельмі добры клас і моцныя настаўнікі. І я разумею, што гэта гучыць занудна, але мы і вольны час разам з сябрамі-аднакласнікамі бавілі ў школе за тым, што завецца «пазакласная дзейнасць». Занудна прагучыць і тое, што з некаторымі маімі аднакласніцамі я сябрую дагэтуль.

«НН»: А якія прадметы былі любімымі, а якія нелюбімымі?

ЗК: Больш за ўсё — прадказальна — любіла літаратуры, пасля іх — мовы і матэматыку.

Беларускай мове навучыла настаўніца, якая добра ведала яе і добра нам усё тлумачыла, але цікаўнасць да літаратуры першым абудзіў настаўнік ангельскай. У пятым класе на перапынках паміж падвоенымі ўрокамі ён пачаў уголас чытаць нам «Дзікае паляванне Караля Стаха». І мы не хадзілі на перапынкі ў калідор.

Больш за ўсё я не любіла, бо не разумела, хімію — прадмет, якому мае бацькі прысвяцілі ўсё жыццё.

«НН»: Вы сапраўды ездзілі па размеркаванні, як гераіні вашай кнігі? Калі так, то раскажыце, што гэта такое, наша размеркаванне?

ЗК: Не, я не ездзіла па размеркаванні: мне пашчасціла пераканаць камісію размеркаваць мяне туды, адкуль я прынесла запыт на сябе. Пашчасціла, бо запыт быў з прыватнай рэкламнай агенцыі, дзе я дагэтуль цягам пятага курса працавала капірайтарам.

«НН»: Дзе вы працуеце цяпер? У чым заключаюцца вашы абавязкі?

ЗК: У рэкламе, мае абавязкі — кантэнт розных фарматаў, распрацоўка канцэпцый, курыраванне праектаў і іх ажыццяўленне.

«НН»: Чаму пачалі пісаць (размаўляць) па-беларуску?

ЗК: У дзявятым класе настаўніца рускай мовы прынесла заданне паўдзельнічаць у конкурсе сачыненняў. Фінал конкурсу ладзілі ў Мінску, у журы былі Андрэй Хадановіч і Марыйка Мартысевіч.

Андрэй Хадановіч адзначыў маё рускамоўнае сачыненне, а пасля ў прыватнай размове заўважыў нешта накшалт: «Тое, аб чым вы пішаце, павінна быць напісана па-беларуску». І ўсё. З тых часоў пішу па-беларуску — ніколі не спрабавала напісаць апавяданне па-руску.

«НН»: Якія вашыя любімыя мясціны ў Мінску? І чаму?

ЗК: Я люблю кнігарні. Адзін з маіх любімых маршрутаў — ад крамы ў доме, дзе жыў Уладзімір Караткевіч, па Карла Маркса і на праспект — да Цэнтральнай кнігарні. Люблю кнігарню «Логвінаў», і мне не хапае бара «Ў», які месціўся побач.

Люблю Купалаўскі тэатр і Аляксандраўскі сквер каля яго, бо ў ім захоўваецца час і ўспаміны. Я памятаю, як сядзела на гэтай лаўцы, калі прыязджала паступаць, пасля — калі адпачывала пасля пар, пасля — калі хадзіла па Мінску і шукала здымнае жытло, каб выехаць з інтэрната. Быццам бы тут можна забэкапіць нейкі жыццёвы тэрмін, месца, куды заўсёды можна вярнуцца.

Люблю Нацыянальны мастацкі музей за тое, што ён захоўвае. За партрэты Радзівілаў, за драўляных святых, за Рушчыца, Жукоўскага, Пэна, Шчамялёва. І за той момант, калі штурхаеш цяжкія драўляныя дзверы і выходзіш з музея, і выносіш у сабе нейкае новае неназыўнае пачуццё, па якое і прыходзіла.

Люблю Рэвалюцыйную і Інтэрнацыянальную, бо гэта вельмі «менскія» вуліцы.

«НН»: Дзе вы любіце апранацца, а дзе есці?

ЗК: Я люблю есці дома, бо люблю гатаваць.

У горадзе я люблю піць каву, але тут для мяне больш важнае месца, чым напой. Таму люблю за далягляд «Балкон» ля чыгуначнага вакзала. Люблю «Утопію», бо яна звычайна ляжыць на шляху доўгіх шпацыроў — аднойчы, да прыкладу, мы прайшлі пешшу ад Каменнай Горкі да Аўтазаводскай і прыпыняліся тут на перапынак. Люблю кавярню ў музеі, бо яна ў музеі. За дэсерты люблю «Валенку» і «Залаты грабеньчык», а за пах шакаладу і свежыя цукеркі — крамы «Камунаркі».

І няма такога адмысловага месца, дзе б я апраналася — яны заўсёды розныя. Калі бываю за мяжой — набываю рэчы там, калі не бываю — шукаю ў Мінску. Падабаецца, калі трапляю на файныя рэчы беларускіх брэндаў — з апошняга балеткі Belwest. І яшчэ рэчы мне набывае і прывозіць ці перадае сяброўка, якая цяпер жыве і працуе ў Амерыцы — калі не адзначу Алену, будзе несумленна. І гэта яна набыла для мяне на «Амазоне» «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва», у якой Алена Кіш — адзіная, хто рэпрэзентуе Беларусь.

«НН»: А дзе і як адпачываеце?

ЗК: Люблю падарожнічаць. І за мяжой, і па Беларусі — так, каб некалькі мясцін ці славутасцяў за адну паездку. За мінулы год былі ў Гародні, на Блакітных азёрах, у Крэве, Камаях, у Ішкальдзі, Пінску, Тураве, Грозаве, на Нёмане ў Пескаўцах (адно з найлюбімейшых і найпрыгажэйшых месцаў), у Вязынцы, у Лідзе, у Мураванцы, Наваградку, у Гомелі. Езджу да бацькоў у Наваполацк і тады, калі атрымліваецца, наведваю сяброў і Полацак.

У гэтым годзе вясна пазнейшая, вандраваць не пачыналі. Спадзяюся, хутка пойдзем на байдарках. Байдаркі — адкрыццё мінулага года, а раней ніколі сябе не ўяўляла ў лодцы. І шкада, бо вандроўкі па Іслачы і Узлянцы — адны з самых яркіх уражанняў у маім жыцці, нават улічваючы ўсе горы-выспы-мора-акіяны.

«НН»: Чаму гераіняй вашай кнігі стала Алена Кіш?

ЗК: Калі мне пра яе першы раз расказаў знаёмы дызайнер-мастак і паказаў яе маляванкі, мяне гэта ўразіла. І яе лёс, і яе, ці, хутчэй, «наша» «наіўнае мастацтва». Пасля я падсвядома адзначала і назапашвала тое, што было звязанае з мастачкай: наведвала выставы, чытала артыкулы. 

Мяне здзіўляла тое, што я пра яе так доўга — амаль да трыццаці гадоў — не ведала. І калі мне было патрэбна прапанаваць ідэю твора, каб паступіць на другі год навучання Школы маладога пісьменніка, я вырашыла, што гэта тая гісторыя, у якую я хачу заглыбіцца і якой хачу падзяліцца.

І цяпер адзін з самых частых водгукаў на маю кнігу: «Дзякуй, я пагугліў/ пагугліла, хто такая Алена Кіш і што такое «маляванкі». Але я разумею, што справа мая ў знаёмстве з мастачкай невялікая — нашмат больш зрабіў мастак Уладзімір Басалыга, які адкрыў імя мастачкі і рэстаўраваў яе дываны, ды Галіна Адамовіч, якая зняла цудоўны дакументальны фільм «Маляваны рай».

«НН»: Вы лічыце сябе падобнай да мастачкі?

ЗК: Не, я не знаходжу падабенства. У маім лёсе былі шмат выпадкаў, якія я прывяла вышэй, калі абставіны склаліся вельмі добра для мяне. Алена Кіш жыла і працавала ў жорсткіх умовах. І яе талент выйшаў за межы яе пакалення і нават яе краіны.

«НН»: Пра што марыце расказаць яшчэ чытачам, над чым працуеце?

ЗК: Я працую над зборнікам апавяданняў «Калядны стол. Некулінарная кніга». Першая кніга, «Русалкі клічуць», была для мяне падарункам — яе выдалі ў межах другога года навучання ў Школе маладога пісьменніка. А зараз мне трэба самой клапаціцца пра выданне — гэта цалкам новы досвед, але ўсё ж не з нуля, бо маю надрукаваны твор.

Гэта кніга будзе пра традыцыі, якія захаваліся найшырэй і якія, мо адзіныя, яднаюць сем’і, бо іншыя рытуалы страчаныя; пра ўспаміны, якія ёсць у кожнага і якія абуджаюцца зноў і зноў, варта толькі адкусіць кавалак, да прыкладу, печанай на вогнішчы бульбы ці пакаштаваць квашанай капусты, зусім непадобнай да той, якая гатавала ваша маці, — кніга будзе пра ежу. Бо і ежа — гэта ж таксама тэкст, створаны, здаецца, з адных і тых самых складнікаў, але кожны раз новы. І нашу ежу, як і нашу мову, можам зразумець толькі мы.

Зміцер Панкавец, фоты з фэйсбука аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура