Праект партала
Рост
02.05.2018 / 09:58
Меланхолія, рэфлексія і коцікі. Топ-10 музычных альбомаў красавіка10

Мы зноў сабралі 10 самых прыкметных музычных навінак месяца. Чытаем рэцэнзіі, слухаем і каментуем.

Underøath - Erase Me (ЗША)

Адзін з найбольш вядомых постхардкор-гуртоў вярнуўся пасля васьмігадовага маўчання. 

Прайшоўшы праз поспех, славу і доўгую творчую паўзу, Underøath нарэшце задаліся пытаннем: «І што цяпер? Што нам рабіць з гэтым?» І выдалі самую сумленную кружэлку ў кар'еры.

Thirty Seconds To Mars — America (ЗША)

Тут таксама фанатам прышлося пачакаць, і не факт, што яны засталіся задаволеныя пачутым.

Джарэд Лета і кампанія пасля запісу папярэдняга альбома вырашылі шукаць новы саўнд і пайшлі пракладзеным сотнямі гуртоў шляхам да электроншчыны. Камусьці спадабалася, шмат каму — не вельмі. 

Паслухайце і зрабіце высновы самі!

:B:N: - #коджыцця (Беларусь)

Адзіны, на жаль, прадстаўнік айчыннай музыкі ў нашым красавіцкім чарце.

#коджыцця — квінтэсенцыя амаль дваццацігадовага шляху калектыва з Бярозы.

Мяркуецца, што ў альбоме можна знайсці жыццёвыя лайфхакі, якія мусяць навучыць чалавека быць шчырым, не здавацца ў цяжкія хвіліны, а таксама кахаць на ўсю моц.

Manic Street Preachers - Resistance Is Futile (Уэльс)

Самі музыкі дапамаглі нам у кароткай характарыстыцы альбома — гэта шырокаэкранная меланхолія. Калі агульная тэндэнцыя сучаснай музыкі — пошук новага, дык MSP стварылі кружэлку, якая павінна максімальна нагадваць іх першыя запісы і гучаць арганічна ў музычнай плыні.

АИГЕЛ — Музыка (Расія)

Мінгарвыканкам не ацаніў новы альбом расійскага электроннага дуэта і не дазволіў гурту выступіць у Мінску.

Пакуль рашэнне аспрэчваецца ў Міністэрстве культуры, у вас ёсць шанец дакрануцца да забароненага ў нашай падборцы.

У нас, канечне, не такі выкшталцоны музычны густ, як у чыноўнікаў галоўнага ўпраўлення культуры, таму нам спадабалася.

BrainStorm — Wonderful Day (Латвія)

Самы вясновы рэліз у нашым чарце.

Чацвёра дарослых музыкаў сабраліся, парэфлексавалі ды запісалі альбом пра тых хлопцаў, якія некалькі стварылі гурт BrainStorm і якіх мы ўсе палюбілі.

Skindred — Big Tings (Уэльс)

Сёмы альбом калектыва, якія стварае музыку ва ўнікальным жанры «рэгі-метал».

Валійцы нагуляліся з электроннымі прымочкамі і паспрабавалі вярнуцца да вытокаў. Вар'яцтва першых альбомаў у новым не хапае, але Skindred застаюцца вернымі сабе.

ZHU — Ringos Desert, Pt. 1 EP (ЗША)

Так, гэта не паўнаварты альбом, а толькі EP, але, на нашу думку, ён варты быць уключаным у топ рэлізаў месяца.

Для першай часткі свайго вялікага праекту кітайска-амерыканскі электроншчык чэрпаў натхненне ў пустыні — месцы, дзе няма забарон і дзе можна адчуць сябе самотным. 

God Is an Astronaut — Epitaph (Ірландыя)

Адчуць сябе самотным можна іншым чынам — паслухаць God Is An Astronaut. 

Ужо з першага трэка задаецца агульны настрой новай кружэлкі— настрой болю, страты і меланхалічнай прыгажосці. 

Хочаце пасумаваць — цісніце на play. Не хочаце — паслухайце BrainStorm. Усё проста.

ГРОМЫКА — Вольфрам и Молибден (Расія)

Сканчаць построкам у такі цудоўны дзень было б няправільна, таму наш красавіцкі чарт фінішую свежым рэлізам гурту ГРОМЫКА.

Калектыў, названы ў гонар нашага вядомага земляка, мае свой непаўторны стыль і гук — для запісу песень выкарыстоўваюцца олдскульны сінтэзатар і металафон. 

Уся творчасць ГРОМЫКА — гэта несур'ёзныя адказы на сур'ёзныя пытанні. Не трэба ўспрымаць петразаводскі калектыў як фрыкаў ці клоўнаў — гэта проста гульня.

А што слухалі вы ў красавіку? Пішыце ў каментах!

Піліп Каваленка

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура