Праект партала
Густ
20.05.2018 / 09:16
Пяць любімых рэчаў актрысы Купалаўскага: «Заўсёды нашу з сабой болт: ёсць прыкмета, што гэта да паспяховасці» 14

У новай рубрыцы «Пяць рэчаў» знаёмім вас з любімымі, часам лёсавызначальнымі рэчамі беларусаў/к. Без іх яны слаба ўяўляюць сваё жыццё, бо з імі звязаныя шмат важных падзей і эмоцый.

Сёння ў патаемны «пакой» са сваімі скарбамі нас пускае актрыса Купалаўскага тэатра Крысціна Дробыш.

Крысціна Дробыш.

Даведка: У 2013 годзе скончыла тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно». Гледачам вядомая па ўдзелу ў чытках РТБД, спектаклях «Людзі на балоце» (Хадоська), «Дзве душы» (Аля), «Шабаны» (Сафія), «Зямля Эльзы» (Даша). Акрамя працы ў Купалаўскім, актыўнічае ў праектах «HomoCosmos» (спектакль пра роды «Раскрыццё») і Art Corporation («Тэарэма кахання. Shakesperience»).

 — Я магла стаць журналістам і нават праходзіла сумоўе перад паступленнем на журфак. Але ўсё ж абрала Акадэмію мастацтваў.

Там мне даставалася за мае татуіроўкі: першую я зрабіла яшчэ ў 17 год. Гэта быў падарунак маці на дзень народзінаў. Прынята, што актрыса павінна быць чыстым лістом: без малюнкаў, пірсінгу на сабе, з даўгімі валасамі і гэтак далей, а я крыху не адпавядала гэтым правілам.

Але калі прыйшла на праслухоўванне да Мікалая Пінігіна, ён, быццам, і не заўважыў татуіроўкі. Пры тым што я спецыяльна не хавала іх. Пазней, праўда, рэжысёр жартаваў, калі мне трэба было ў «Дзве душы» па Гарэцкаму граць, напрыклад. Там жа пачатак 20 стагоддзя, пэўны гістарычны кантэкст. Дзякуй чароўным рукам грымёраў, якія ўсё маскіруюць.

Купалаўскі скарыў сваёй атмасферай. Мне тут утульна. Яшчэ ў студэнцтве мы з аднакурснікамі, здаецца, паглядзелі тут усе спектаклі.

Самым экстрэмальным эксперыментам для мяне стаў удзел у пастаноўцы Юрыя Дзівакова «Войцэк».

На жаль, больш паказвацца яна не будзе. Мала таго, што там было вельмі шмат танцаў на абцасах, у якіх у жыцці я амаль не хаджу (пад канец спектакля ў мяне проста ногі трэсліся, складана было захоўваць раўнавагу). Акрамя гэтага, там вельмі шмат сцэн, дзе дэманстравалася і нараджэнне новай істоты ўнутры, і ірвота… Гэта ўсё цяжка фізічна і маральна.

Памятаю, я запыталася ў рэжысёра: «А што калі мяне сапраўды званітуе на сцэне?». На што Юра адказаў: «Ну, і добра, хай будзе больш спецэфектаў». Карацей, тое, што мы рабілі, было вялікай школай для ўсіх.

Часцяком задумваюся: якую карысць я прыношу людзям сваёй прафесіяй? Нехта будуе дарогі, бухгалтар лічыць заробак, а я чым карысная? Адказу на гэта пытанне пакуль не маю, але задаюся ім, час ад часу.

У мяне вельмі шмат любімых рэчаў, але я стаўлюся да іх проста: яны як прыходзяць, так і сыходзяць. Змяняюцца. Сукенак і абцасаў мне хапае на спектаклях, таму звычайна мяне можна ўбачыць у красоўках, байцы і джынсах. Нацягнула капюшон на галаву — і пайшла ў метро.

Плэер-«звалка»

Гэты плэер мне падарыў муж. Нягледзячы на ўсе свае прыгоды і пабітасці, ён служыць ужо год 5. Там шмат музыкі для спектакляў, якую я ўключаю пакуль еду ў тэатр, каб настроіцца. І шмат розных іншых трэкаў, назвы якіх нават страшна называць. Пасля спектакля я слухаю іх, каб «скінуць» пэўныя эмоцыі, адключыцца ад рэчаіснасці.

Увогуле, з таго моманту, як у 7-м класе мне падарылі першы касетнік, плэераў змянілася вельмі шмат. Памятаю, перапісвалі з братам на касеты песні гурта «Чырвоная цвіль». Нешта я спрабавала пісаць і сама, але добра ўсё ж, што не папоўніла шэрагі нашай эстрады ў выніку.

Заплечнік, дзе знойдзецца і болт, і зубная шчотка

З заплечнікам я не развітваюся ніколі. Змяняецца толькі яго мадэль. Сённяшні муж прывёз з гастроляў у Кітаі.

Я бяру з сабой заплечнік нават тады, калі разумею, што ён зусім не спатрэбіцца. З ім спакайней: калі нешта здарыцца, так я хутчэй знайду выйсце.

Унутры можна адшукаць і зубную шчотку, і нават болт, які аднойчы патрапіўся мне на вочы на сцэне Купалаўскага. Па адной прыкмеце, калі знаходзіш у тэатры цвік, гэта да поспехаў ў прафесіі. Так я і цягаю яго з сабой паўсюль, хоць глабальна ў прыкметы не веру.

Акуляры з парыжскага таксі

У мяне ёсць праблемы са зрокам, але звычайна я нашу лінзы і ніхто пра гэта не ведае. У акулярах прыходжу толькі глядзець спектаклі.

Акуляры ад Крысціяна Дзіёра апынуліся ў мяне дзіўным чынам, і я вельмі ўдзячная за іх былому ўладальніку. Будучы на гастролях у Парыжы, мы ехалі ў таксі ў кірунку Манмартра. І ў пэўны момант зразумелі, што кіроўца вязе нас зусім не ў той бок. Мы спрабавалі патлумачыць яму, што едзем не туды, паказвалі на мапе, але ён не разумеў. У выніку мы раззлаваліся і папрасілі спыніць машыну.

Беручы свой заплечнік, я, не гледзячы, схапіла і акуляры (была ўпэўненая, што гэта мае сонечныя). Але ўжо на вуліцы ўбачыла, што гэта незнаёмая мне рэч. Ну, не выкідваць жа іх: забрала з сабой і дома замяніла лінзы на свой «мінус».

Тэатральныя тапачкі

Я — той чалавек, які заўсёды ходзіць па тэатру ў тапках. Мяняю іх кожны сезон і новую пару шукаю вельмі адказна: яна павінна быць якаснай і цёплай, бо я — мярзляк, а ў тэатры, асабліва зімой, вельмі халадно.

Гэтыя тапачкі трымаюцца і не развальваюцца ўжо досыць доўга.

Хэнд-мэйд-альбом для сына

Калі нарадзіўся Глеб, мы доўга шукалі нейкі адмысловы, прыгожы альбом, куды можна было б збіраць яго фотаздымкі. І так і не знайшлі. Тады я вырашыла стварыць яго сама. За аснову ўзяла вельмі мілы нататнік Яўгеніі Гапчынскай з анёламі.

Я вяду яго як дзённік, вялікі ліст, які бацькі пішуць свайму дзіцяці ў будучыню: расказваю гісторыю яго бабуль і дзядуль, нейкія вясёлыя падзеі з жыцця… Я ствараю яго, седзячы ў грымёрцы, у перарывах паміж рэпетыцыямі: пераношу старыя нататкі і фотаздымкі ў чыставік. У дэкрэце я пабыла ўсяго два месяцы, а пасля мяне «падмяніла» мая маці. І працы з альбомам яшчэ шмат: пакуль я спынілася на гадавіне Глеба, а яму хутка тры.

Чытайце таксама:

Кімано-трансформер, дыванок для ёгі і іншыя любімыя рэчы Кацярыны Саковіч

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Паўла Аксіновіча

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура