Праект партала
Рост
30.05.2018 / 22:14
«Я толькі нядаўна навучылася цаніць жыццё»: Святлане Алексіевіч — 70. Інтэрв'ю пра сэнсы, несмяротнасць і шчасце49

Нобелеўскаму лаўрэату ў літаратуры Святлане Алексіевіч 31 мая спаўняецца 70 гадоў. З гэтай нагоды мы задалі некалькі пытанняў юбіляру.

«Наша Ніва»: Як вы збіраецеся адзначаць свой дзень нараджэння?

Святлана Алексіевіч: У вёсцы. Спакойна. Увогуле не люблю ўсе гэтыя сімвалы, не люблю пра іх думаць. Што гаварыць, дата ж сумная.

«НН»: Чаму сумная?

СА: Яшчэ б 70 гадоў, што ж тут вясёлага.

«НН»: Старасць вы ўжо адчуваеце?

СА: Не, чаго няма, таго няма. Я ўчора гавару аднаму чалавеку, што не магу заўтра сустрэцца, бо такая дата, а ён мне: «Як? 70 гадоў? Ды не можа гэтага быць». Не ведаю, ці хітрыў мужчына, ці падыгрываў мне, але ўсё адно прыемна.

«НН»: У нас у рэдакцыі таксама многія здзівіліся, што вам 70. Кажуць, выглядаеце нашмат маладзейшай.

СА: Дзякуй (смяецца).

«НН»: А які самы запамінальны дзень нараджэння быў у вашым жыцці?

СА: Васямнаццаць гадоў. Нават не памятаю чаму. Мой тата вельмі любіў рэчку, навучыў мяне яе любіць. І вось у той дзень мы паехалі на Сож, злавілі нейкага вялікага сома, нарабілі катлет, я запрасіла сябровак. Мы жылі на беразе рэчкі, і гэта ўсё было вельмі прыгожа.

Былі і потым запамінальныя даты. І трыццаць гадоў было цікава, і пяцьдзясят. Я памятаю аграмаднае вядро ружаў, якія атрымала, было прыемна. А вось рэчы, якія мне дораць, я не запамінаю. Я вельмі абыякавая да рэчаў.

«НН»: Зайздрасці да маладых не адчуваеце?

СА: Не, зусім не. Вось побач са мной унучка цяпер. Прыйшла ў госці мая сяброўка-цырульнік — ці цырульніца, я не ведаю, як цяпер правільна казаць. І мы з такой радасцю размаўлялі, што Янка вырасла, стала такой вялікай дзяўчынкай. Не-не, што вы, ніякай зайздрасці, толькі інтарэс. Я ж цяпер у такіх гадах, калі разумею, што гэта такая біялагічная хваля. Цяпер на піку, потым пойдзе ўніз. Я ведаю, як усё гэта адбываецца. І якое маленькае жыццё.

«НН»: Усё ж маленькае?

СА: Ну, канечне, маленькае. Вось цяпер кажуць, што людзі могуць жыць сто гадоў. А што гэта такое тыя сто гадоў? Уявіць, што я буду жыць яшчэ дзесяць, дваццаць гадоў. Ой… (смяецца). Самога жыцця не хапіла. Спачатку ж у цябе ні досведу, ні чаго іншага няма. І я навучылася цаніць жыццё, само быццё, працяканне жыцця, — слухаць раніцу, глядзець на лес, на дрэвы, — толькі цяпер. Бо раней гэта была такая гонка, кудысьці бег, да нейкай мэты. Я не кажу, што цяпер не іду да мэты, але гэта ўжо робіцца спакойна.

«НН»: Што вы лічыце самай важнай справай у сваім жыцці?

СА: Я радая, што змагла зрабіць тую работу, якую даўно задумала. У мяне хапіла і сілаў, і цярпення. Можа быць, можна было і лепш зрабіць гэтую «Энцыклапедыю», як я яе называю. Але я радая. Гэта быў нялёгкі шлях. Шмат разоў я была ў адчаі і хацела ўсё гэта кінуць. Паколькі чалавек дастаткова страшная істота, то мне давялося шмат усяго страшнага выслухаць. Шмат было страшнага.

«НН»: Вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

СА: Я займалася тым, чым хацела. У гэтым вышэйшым плане я шчаслівы чалавек. Але які ідыёт можа сказаць, што ён шчаслівы канчаткова? Гэты чалавек ці сабе хлусіць, ці стаіць у нейкай позе.

«НН»: Цяпер вы працуеце над кнігамі пра каханне і пра старасць. Гэтыя тэмы неяк судакранаюцца?

СА: Канечне. Абедзве тэмы аб галоўным у жыцці чалавека: у імя чаго ўсё гэта? Гэта ж усё не толькі для таго, каб ты купіў «Бэнтлі» ці жыў у шыкоўнай кватэры. Гэта аб найвышэйшым сэнсе. Такія пошукі шчасця. Любоў — гэта такое ўпрыгожванне жыцця, каб не было страшна паміраць. А смерць агаляе ўсё. Ты ж не будзеш узгадваць прэміі з-пад века труны, а нейкія больш інтымныя рэчы.

У нямецкага філосафа Герберта Маркузэ ёсць фраза, што «цывілізацыя рухаецца энергіяй, якая адабраная ў Эраса». Любоў дае сілы, гэта вельмі важнае пачуццё. Адна мая гераіня, акушэрка, кажа: «Я магу пазнаць, ад кахання нарадзілася дзіця ці не. Магу бачыць, любіў чалавек ці не». Людзі часта ўспрымаюць за каханне нейкія падменныя пачуцці: звычку, сэкс, біялагічную такую палоннасць.

«НН»: Вы верыце ў несмяротнасць?

СА: Не, не веру. Калі я была ў Японіі і Кітаі, то я задумвалася аб будызме, аб перасяленні душаў. Мне вось зараз згадаўся Алесь Адамовіч, мы неяк сядзелі з ім і ягонай жонкай у Маскве. У іх быў сабака, і той увесь час нешта прасіў са стала. І жонка яго ўвесь час праганяла, а Алесь кажа: «Калі ты будзеш сабакам, то ён табе ўсё прыпомніць».

Усе мы пра гэта думаем. Помню апошнія словы Адамовіча, якія я пачула. Гэта было ля Акадэміі навук, ён спускаўся ў метро, я ішла на працу ў «Сельскую газету», мы размаўлялі аб зусім іншых рэчах, і тут ён раптоўна пытаецца: «Святлана, а што там? Як вы думаеце?»

Ведаеце, ёсць такі анекдот, калі дзеці сядзяць у пузе ў мамы і размаўляюць: «Як думаеш, ёсць жыццё па той бок?» — «Не ведаю, ніхто адтуль не вяртаўся» (смяеецца).

Людзі ведаюць такую маленькую частку аб свеце. Але цяжка паверыць, што гэта ўсё дарма, нашы пакуты, наша энергія, што яна ўся знікае. Я шмат чытала Вернадскага на гэтую тэму, і думаю, што недзе ўсё ж збіраецца ўся гэтая энергія. І любоў, і іншыя рэчы.

«НН»: Каго вы згадваеце перад юбілеем?

СА: Бацькоў. Вельмі шкадую, што яны не дажылі. Калі я атрымала Нобелеўскую прэмію, то найперш падумала: «Як бы яны былі шчаслівыя за мяне». Тата пару гадоў не дажыў.

Бабулю, дзядулю. Мне нядаўна адзін пошукавік дапамог знайсці сведчанні пра дзеда. Мая бедная бабуля, яна ўсё жыццё лічала, што ён прапаў без вестак, а гэта зусім не так. Ведаеце, як на вайне. Калі ў адной бойцы вельмі шмат ахвяр, то іх штучна заніжалі, пісалі, што прапалі без вестак. А цяпер дзеда знайшлі, ён пахаваны ў Славакіі. І гэта найлепшы падарунак да майго дня нараджэння. Гэта мой украінскі дзядуля.

«НН»: Што вас радуе сёння?

СА: Само жыццё. Я дастаткова незалежны чалавек ва ўсіх сэнсах. Магу рабіць тое, што хачу. Я раўнадушная да рэчаў. У мяне шмат каштоўнасцяў. Едзеш некуды і забываешся іх зноў надзець. Нядаўна памяняла кватэру. У мяне цяпер вялікая, прасторная, добрая кватэра. І што? Гэта ўсё фармальнае, не гэта робіць нас шчаслівымі.

«НН»: Але падчас адной з сустрэч у Мінску вы казалі, што адкрылі для сябе і радасць ад простых бытавых рэчаў.

СА: Я вельмі доўга жыла працай. І ў такім рытме жыцця ад многага трэба адмовіцца. І адмовіцца не таму, што ты гвалтуеш сябе, а таму, што іншае ў такія моманты не існуе. Калі сястра памерла, то я ўпершыню спынілася на бягу і ўпершыню ўбачыла свет і неба. Бо не было ўжо болей з кім размаўляць. Я цяпер імкнуся болей разглядаць свет. Мяне сяброўка падчас адной нядаўняй паездкі ўсё цягнула ў музей, я ж столькі ўжо музееў пабачыла за жыццё, столькі грудаў золата, іншых рэчаў. Кажу: «Я хачу проста сядзець на вуліцы, піць каву, разглядаць людзей».

У мяне цудоўныя суседзі. Вось кажуць, што прадпрымальнікі такія людзі, што толькі грошы-грошы, а гэта не так. Яны любяць на горных лыжах катацца і кругасветнае падарожжа. Вось яна — жыццёвая філасофія. Атрымліваць асалоду ад жыцця.

«НН»: Вы за сваё жыццё праслухалі гісторыі тысяч людзей. Яны вам па-ранейшаму цікавыя?

СА: Канечне. Чалавек бясконцы. З аднаго боку, чалавек не змяняецца. Людзі ў Старажытнай Грэцыі былі тымі ж людзьмі. Вось кніга Юваля Харары «Гісторыя чалавецтва», якой зачытваецца ўвесь свет. Ён кажа, што чалавек даўно стаў тым чалавекам, якім ёсць цяпер. Але ў той жа час мяняюцца пачуцці, зброя, рэчы, машыны. Нават цяпер, працуючы над кнігай пра каханне і старасць, я адчуваю, што разуменне гэтых з’яваў у людзей зусім іншае, чым было ў савецкі час, калі свет быў плоскі.

Гутарыў Зміцер Панкавец

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура