Распачаўся сезон ягад. Падаецца, што дэсерты нам больш не патрэбныя, бо можна загасіць сваю прагу да салодкага сакавітымі клубніцамі, суніцамі і чарэшняй. Але мне ў нейкі момант становіцца нудна проста есці ягады. Тады я пачынаю шукаць рэцэпты дэсертаў, якія ідэальна з імі спалучаюцца. Адзін з такіх рэцэптаў — гэта добра вядомая панакота. Так, вы можаце знайсці гэты дэсерт на палічках у краме, але раю вам хаця б раз паспрабаваць зрабіць яго самастойна.
Рэцэпт панакоты нарадзіўся ў дваццатым стагоддзі ў Італіі. Назва перакладаецца як «вараныя вяршкі», што ідэальна адлюстроўвае і галоўны інгрэдыент, і спосаб яго прыгатавання.
Панакота з клубніцамі.
Існуе вялікая колькасць рэцэптаў гэтага дэсерту, розных па прапорцыях і складніках. Нават ходзяць спрэчкі, што правільная панакота гэта тая, што без жэлаціну, але з яечнымі бялкамі. Ёсць таксама сучасныя варыянты, дзе вяршкі араматызуюцца не ваніллю, а лавандай, гарбатай ці зёлкамі. Так што, калі па маім рэцэпце ўсё атрымаецца, можна працягваць бясконцыя эксперыменты далей.
Вам спатрэбяцца:
Прыгатаванне
Пачынаем з жэлаціну. Прасцей за ўсё выкарыстоўваць яго ў лістах. Трэба проста замачыць іх у вадзе, а потым адціснуць і дадаць у сумесь. Калі вы бераце звычайны парашковы жэлацін, то гэтыя 8 гр. вы заліваеце 48 гр. вады (роўна ў 6 раз больш, чым жэлаціну), перамешваеце, чакаеце 4-5 хвілін, каб жэлацін набух і тады дадаеце ўсё разам (жэлацін і вада).
У сатэйнік наліваем вяршкі, малако, дадаем цукар і ванільны цукар (ці эсенцыю). Канечне, лепей за ўсё выкарыстоўваць струк ванілі, але тады кошт рэцэпта адразу павышаецца. Сатэйнік ставім на агонь, даводзім да кіпення і адразу выключаем. Дадаем жэлацін і акуратна размешваем.
Разліваем панакоту па шклянках ці ў сіліконавыя формачкі. Даём цалкам астыць і перакладаем у халадзільнік. Можа спатрэбіцца да 5 гадзін, каб панакота стабілізавалася.
Захоўваць панакоту можна 2-3 дні. Такі дэсерт можна нават замарозіць і трымаць у лядоўні каля месяца. У другім выпадку, перад падачай трэба будзе дастаць панакоту з лядоўні і пакінуць у халадзільніку прыкладна на гадзіну.
Падаваць са свежымі ягадамі. Можна хутка прыгатаваць соус з клубніц. Для гэтага спатрэбіцца:
Ягады парэзаць на кавалачкі, змяшаць з цукрам, дадаць вады і на маленькім агню давесці да кіпення. Зняць, астудзіць. Калі жадаеце, каб соус быў аднародным, яго можна працерці праз сіта ці «прабіць» блэндарам.
Смачна есці!