Праект партала
Гісторыі
25.06.2018 / 15:37
«Чарка каньячку і лімонны сок» — рэцэпт даўгалецця ад цыганкі з-пад Ліды, якая даводзіць, што ёй 119 год13

Кацярыне Райсонаўне сёлета споўнілася 119 гадоў. Што праўда, ніякіх пацвярджэнняў, што гэта сапраўдныя лічбы, акрамя словаў бабулі, няма. Нягледзячы на неверагодны ўзрост, яна носіць вялікія залатыя завушніцы, фарбуе пазногці, варожыць і паміраць пакуль не збіраецца. Пра няпростае цыганскае жыццё тэлеканал «Белсат» паразмаўляў з бабай Кацяй і яе ўнучкай Рубінай.

Знакамітую сярод цыган бабу Кацю мы знайшлі ў вёсцы Ходараўцы недалёка ад Ліды. Упрыгожаная вялікімі залатымі завушніцамі і з яскравай хусткай на валасах, яна сустрэла нас разам унучкай Рубінай і цэлай гурбай праўнукаў.

Праўнучкі бабы Каці. Фота: Васіль Малчанаў, Белсат

Сапраўднае імя жанчыны — Кацярына Райсонаўна Макавецкая. Яна сцвярджае, што нарадзілася ў далёкім Растове-на-Доне 26 траўня 119 год таму. Маці жанчыны таксама была даўгавечніцай і дажыла да 115 гадоў.

«Нарадзілася я ў Растоўскай вобласці. Якое маё жыццё было? Раней качавалі, ездзілі падводамі. Жылі ў намётах. Коні былі. Сваіх дзяцей у мяне было 12 штук. І 30 унукаў маю, то праўнукаў і не прыпомню ўсіх. Мне дзяржава дапамагала. Маю цэлы вагон ордэнаў за шматдзетнасць», — распавядае Кацярына Райсонаўна.

«Бабуля, а раскажы пра вайну», — гучна просіць унучка Рубіна, бо баба Каця ўжо дрэнна чуе.

«Раней вайна была. Стралялі, кідалі бомбы гэтыя, розныя гадасці. Я была пад Царыцынам (былы Сталінград, сёння Валгаград — заўв. рэд.). Міна ўзарвалася і мяне раніла. 17 ран. Брат са мной быў, дык яму ў сэрца папала. Ён адразу памёр, а я жывая засталася. Я крычу да мамы, дзе Коля, а мне не гавораць. Кажуць, пайшоў па коней. Якія коні? Але лячылі мяне немцы і вылечылі», — кажа баба Каця.

Фота: Васіль Малчанаў, Белсат

Гэта быў успамін з Першай сусветнай вайны, якую жанчына яшчэ падлеткам сустрэла ў Расеі. У той час яны няспынна качавалі па ўсёй нядаўна разбуранай імперыі. Вялікія табары налічвалі больш за 200 чалавек. Звычайна ад 20 да 50 сем’яў. Кожны табар пакідаў пасля сябе знак — павязвалі на дрэвах стужачку ці вяроўку, каб тыя цыгане, што прыйдуць, маглі іх знайсці.

«Усю сям’ю закапалі ў яме»

Другую сусветную вайну Кацярына Райсонаўна сустрэла ўжо пад Берасцем у Беларусі. Аднак тыя ж немцы, якія ў першай вайне яе выратавалі, у чарговай вайне знішчылі ўсю яе сям’ю.

«Мы тады качавалі. Немцы ж не любілі цыган, як і габрэяў. Увесь наш табар, тады акружылі. Усю маю сям’ю, жанчын з дзецьмі груднымі, мужчын, дзяцей, старых — усіх сагналі ў яму і закапалі жывымі. З усяго табару нас выратавалася чалавек шэсць, хто паспеў у лесе схавацца. Жанчыны, калі хаваліся з дзецьмі груднымі, закрывалі ім роцікі, каб тыя не плакалі. Бывала такое, што пасля яны задыхаліся», — успамінае Кацярына Райсонаўна.

Фота: Васіль Малчанаў, Белсат

Жанчыне ўдалося выжыць разам з мужам і дзецьмі. Некаторы час яны яшчэ качавалі па ўкраінскім Палессі. Потым трапілі ў Варонежскую вобласць. Пасля закона аб аселасці цыган у 1956 годзе, у Варонежскай вобласці яны засталіся працаваць у калгасе.

«Я не многа працавала ў калгасе. Больш муж мой і сыны. А так пайду, цялят пакармлю. У мяне ж дзяцей было 12 галоў. Трэба было іх глядзець. А мужа майго ўжо 25 гадоў няма», — кажа баба Каця.

Дзяцей Кацярыны Райсонаўны таксама раскідала па ўсім свеце: хто ў Беларусі застаўся жыць, хто ва Украіне. Пасля смерці мужа жанчыну забралі ў Беларусь, дзе яна жыве ўжо каля 20 гадоў. Зараз бабуляй апякуецца ўнучка Рубіна.

«Кроў нявінніцы раскрываецца быццам ружа»

Узрост патэнцыйнай цыганскай нявесты пачынаецца з 15-ці гадоў. Як распавядае ўнучка Рубіна, дзед скраў маладую Кацярыну ў 16. На той момант яму было 38. Крадзеж нявестаў адна з вельмі даўніх цыганскіх традыцый. Скраў — азначае, што яны разам збеглі. Паколькі дзяўчына ў любым выпадку павінна прайсці праверку на цнатлівасць, падчас уцёкаў маладыя часцяком прыхопліваюць з сабой прасціну, каб быў доказ спалучанай пары і дзяўчына не запляміла гонар сям’і. Сёння, як і даўней, сваты або старэйшыя жанчыны прасціну выносяць на агульную праверку.

«Адрозніць кроў нявінніцы вельмі лёгка. Яна не падобная да звычайнай крыві ад парэзу. З прасціны яе часам укідаюць у шклянку з гарэлкай, дзе яна раскрываецца, як бутон ружы. Гэтую кроў нічым не адмыеш», — кажа Рубіна.

Сёння цыганскае вяселле гуляюць пяць дзён у рэстаране, а пасля яшчэ тры дні ў хаце. За ўсё цалкам плаціць муж, які мусіць купіць нават сукенкі для ўсіх жанчын. Вяселле на 200 чалавек лічыцца вельмі сціплым, у асноўным запрашаюць мінімум 600-800. Такое вяселле абыходзіцца, звычайна, у 10-15 тысяч долараў. Але ўсё гэта пры ўмове, што сем’і паміж сабой дамовяцца. А бывае такое, што і не дамаўляюцца, тады трэба вярнуць дзяўчыну назад. Калі нявесту не аддадуць, то можа ўзнікнуць сапраўдная трагедыя.

Праўнучкі бабы Каці. Фота: Васіль Малчанаў, Белсат

«Гадоў 10 назад маю стрыечную сястру скралі чужыя цыганы. Усе нашыя мужчыны пайшлі забіраць яе назад. У выніку была перастрэлка. Пра гэта нават у газеце Воранаўскай пісалі. Некалькіх чалавек забілі. Майго дзядзю асудзілі на 9 гадоў, бацьку на 9 і брата на 7. Маладым тады не далі жыць разам, яны рассталіся. Сястра выйшла замуж, а хлопец той памёр», — распавядае Рубіна.

Аднак пасля вяселля ўсе ж такі цыганскія пары ў большасці трымаюцца разам на ўсё жыццё.

Рэцэпт даўгалецця ад бабы Каці

Мы не маглі не спытацца ў спадарыні Кацярыны, што трэба рабіць, каб пражыць доўга і шчасліва. Са свайго досведу жанчына нам распавяла, што ніколі не прызнавала ніякіх лекаў. Калі ёй баліць галава, яна проста націрае скроні цытрынавым сокам. Таксама бабуля кожны дзень выпівае гарбату з лімонам і чарачку каньячку.

«Проста менш трэба думаць пра свае балячкі і не пераставаць працаваць», — сказала як адрэзала Кацярына Райсонаўна.

26 траўня спадарыні Кацярыне споўнілася 119 гадоў. Фота: Васіль Малчанаў, Белсат

Таямнічая цыганская магія

Баба Каця тым часам паабяцала, што нам паварожыць. Сярод цыган яе лічаць вельмі моцнай варажбіткай. У каго не спытайся, усе кажуць адно: Райсонаўна вельмі добра прадказвае будучае і дапамагае людзям. Адзін з мясцовых хлопцаў хваліўся, як баба Каця за дзень вылечыла яму ячмень на воку.

Пасля размовы спадарыня Кацярына дала нам па кавалачку папараці і сказала, што яна будзе нас ахоўваць ад злога вока. Што цікава, самым моцным цыганскім талісманам дагэтуль лічыцца волас з матчынага лона — непераможная магія жанчыны, якая нараджае. Такі волас укладаецца ў кулон і дорыцца дзіцяці пры нараджэнні. Такі кулон чалавек будзе насіць на шыі ўсё жыццё. Потым ён можа перадавацца з пакаленне ў пакаленне. Варожаць у цыган толькі жанчыны. Дар перадаецца па жаночай лініі.

Баба Каця паваражыла і журналістам. Фота: Васіль Малчанаў, Белсат

А што нам сказала баба Каця? Няхай застанецца з намі. У любым выпадку ніхто ад свайго лёсу не збяжыць, а нехта ўмудрыцца і пабудуе яго сам. А верыць трэба ў тое, што ўсё будзе добра. Яч Дэвлэс, і па-цыганску — з Богам!

Паўліна Валіш, belsat.eu

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура