Праект партала
Рост
05.07.2018 / 12:05
«З дзяцінства я марыла быць следчым»: інспектар ДАІ з Гродна Людміла Ракевіч пра службу, каханне і не толькі3

Людмілу Ракевіч называюць тварам Гродзенскай ДАІ. Яркая і харызматычная дзяўчына часта выступае ў эфірах ТБ і радыё. Як працу следчага прамяняла на пасаду інспектара аддзялення агітацыі і прапаганды, пра прывілеі ў мужчынскім калектыве, асабістыя трагедыі і пікантныя фотаздымкі Людміла распавяла напярэдадні прафесійнага свята, якое адзначалі 3 ліпеня.

— Чаму вырашыла пайсці ў ДАІ?

— Яшчэ з дзяцінства я марыла быць следчым. Наглядзелася энтэвэшных фільмаў (смяецца). А яшчэ мне падабалася міліцэйская форма. Я нават думала: калі ў міліцыю не возьмуць, пайду служыць у войска. Пасля ўніверсітэта прапанавалі пасаду дазнаўцы ў Ашмянскім РАУС. І хоць, акрамя аднагрупніка, ні родных, ні знаёмых у мяне там не было, я пагадзілася. Праўда, праслужыла ўсяго паўгода. Тут якраз сталі фармаваць Следчы камітэт, і мне прапанавалі прайсці сумоўе. На наступны дзень я ўжо была ў Гродне, але вырашыла спачатку зайсці ў ДАІ. Дык там і засталася (смяецца).

— Як кіроўцы на дарозе рэагуюць на дзяўчыну — інспектара ДАІ?

— Мужчыны звычайна робяць кампліменты, усміхаюцца. Спачатку гэта нават падабалася. Цяпер да кампліментаў выпрацаваўся імунітэт.

На дарозе я перш за ўсё супрацоўнік ДАІ. Парушыў правілы дарожнага руху — не трэба ў нас прасіць прабачэння, прызнайце віну і нясіце пакаранне. У гэтым плане я прынцыповая. Служба ў ДАІ навучыла мяне гэтаму і цвёрдасці ў характары.

Не ведаю, добра гэта ці дрэнна, можа быць, жанчына, наадварот, павінна быць больш мяккай. Я таксама не падарунак. Магу ненаўмысна пакрыўдзіць словам, закіпець. Ніколі не прызнаю сваіх памылак, нават калі я не маю рацыі і ведаю гэта. Я ж леў па гараскопе.

— Якія прывілеі, як у дзяўчыны, у цябе ёсць на працы?

— Хлопцы мне выдзелілі палову шафы, а самі дзеляць другую частку. У нашым кабінеце тэмпературны рэжым такі, як я выбіраю. І слухаюць музыку, якую я захачу. Папросіш, аліву ў машынку падальюць. І завушніцы заўважаць, і туфлі новыя, і манікюр. На працу прыходжу ў цывільным, а потым пераапранаюся. Заўсёды камплімент зробяць: «О, Людміла Ігараўна, вы сёння ў новай сукенцы…»

— Ты сама часта за рулём службовай машыны. Здаралася трапляць у ДТЗ?

— Я ваджу машыну, і быццам бы нядрэнна. На шчасце, за маю практыку кіравання не было аварый ні на службовай, ні на асабістай машыне. Пастукаю па дрэве (смяецца).

— Часта выязджаеш на аварыі са смерцямі. Як перажываеш гэта?

— Па-жаночы мне складаней, таму што я перакладаю на сябе гэтую сітуацыю. У мяне двое братоў загінулі ў ДТЗ. Я думаю не толькі аб тым чалавеку, якога ўжо няма, але і пра другога удзельніка ДТЗ: у яго жыццё дзеліцца на «да» і «пасля». Заўсёды суперажываю і трэцяму боку, родным загінулага. Час не лечыць, ён сцішвае боль. Да такіх аварый прывыкнуць немагчыма.

Але ў выпадках з ДТЗ я не веру ў лёс. Усе аварыі адбываюцца праз свядомае парушэнне ПДР.

— На працы ты ў службовай форме, як удаецца захаваць жаноцкасць нават у строгім гарнітуры?

— Я шапаголік. У мяне шмат розных сукенак, якія чакаюць сваёй чаргі. Галоўнае правіла — працаваць над сабой. Калі я супрацоўнік міліцыі, гэта не значыць, што ў мяне не можа быць манікюру, акуратна ўбраных валасоў або прыгожага макіяжу. Я шмат часу праводжу ў салонах, і дзякуй маім майстрам, якія гатовыя прымаць мяне нават пасля васьмі вечара або ў свой выхадны.

— Цябе часта называюць тварам Гродзенскай ДАІ. Як думаеш, чаму за табой замацаваўся гэты статус?

— Не ведаю, адкуль гэта ўзялося. Мяне гэтая прыстаўка нават абмяжоўвае. Можа, таму што жанчын у ДАІ мала, а я часта фігурую на радыё і ТБ? Публічнасць не заўсёды добрая, бо з'яўляецца шмат нядобразычліўцаў і зайздроснікаў. Непрыемна, калі людзі, не ведаючы пра мяне нічога, пішуць негатыўныя каментары. Я да гэтага адаптавалася, але крыўдна за блізкіх, якія ўсё гэта чытаюць.

— Тры гады таму супрацоўніц ДАІ фатаграфавалі для календара. Ты б пагадзілася зняцца для вядомага часопіса ў стылі ню?

— Я б гэтага не зрабіла за любыя грошы, гэта занадта асабістае. Я чалавек старога выхавання, і ў мяне ёсць мяжа, якую не перайду. Фатаграфіі ў купальніках могуць быць для асабістага архіва, але не для агульнага агляду. А з нагоды календара: мы былі апранутыя, аголеныя толькі плечы.

— Ты гаспадарчая?

— У кватэры павінна быць утульна і прыгожа. Мяне раздражняюць раскіданыя рэчы. Падлогу дома магу мыць нават ноччу, ужо пасля службы. Люблю гатаваць, калі чакаю гасцей, але сама сабе гатую рэдка. Зараз я перайшла на правільнае харчаванне, мне прасцей з'есці агурок або памідор. Часам на працу прыношу выпечку, калегі кажуць, што смачна. Не люблю прасаваць, асабліва кашулі.

— Тваё сэрца зараз вольнае?

— Я не знаёмлюся з маладымі людзьмі на вуліцы ці ў інтэрнэце. Выбар партнёра для мяне пытанне складанае. Мужчына не павінен быць малодшым за мяне. Я хачу выйсці замуж, а не ўсынавіць мужа. Мужчына не павінен быць разведзены і з дзецьмі. Я вельмі раўнівая і не магу ўявіць, што ў майго мужа заўсёды будзе сувязь з іншай жанчынай. Я самадастатковая, валявая, моцная, але сіла жанчыны ў яе слабасці, таму мужчына павінен браць адказнасць за жанчыну.

Мусіць быць дакладны падзел абавязкаў. Мой мужчына ніколі не будзе мыць посуд, даглядаць па начах дзіця або гатаваць. Але і я не буду займацца рамонтам машыны або чыніць разетку.

Такога чалавека, на жаль, у маім жыцці пакуль няма.

— Як ставішся да службовых раманаў?

— Я не бачу побач з сабой мужчыну ў форме. Магчыма, у іх больш плюсаў, яны больш адказныя, але гэта не маё. Калегаў я люблю як сяброў, як таварышаў, я да іх добра стаўлюся, але не больш чым па-сяброўску. Хоць у мяне былі адносіны з чалавекам у форме. Але павінны быць розныя сферы дзейнасці. Дома трэба жыць не паводле статуту.

Паводле vgr.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура