Праект партала
Густ
15.07.2018 / 09:08
Праваабаронца і юрыстка Наста Лойка: «Як толькі разбяруся ў Беларусі з правамі чалавека, займуся экалогіяй»17

У нашай штотыднёвай рубрыцы «Пяць рэчаў» расказваем пра тое, што з’яўляецца важнай часткай жыцця розных беларусаў. Сёння пра рэчы, якія даражэйшыя за пашпарт і тэлефон, нам раскажа Наста Лойка. За 8 год працы ў Праваабарончым цэнтры «Вясна» дзяўчына стала так ці інакш знаёмая ўсім, хто ў нашай краіне пацярпеў ад рэпрэсій. У гэтым годзе яна сышла з «Вясны» і прысвяціла сябе дзейнасці ў Human Constanta.

— Калі згадваць, як мяне захапіла грамадская дзейнасць,як кропку адліку відаць, можна назваць з’яўленне ў маім жыцці камп’ютара. Мне было 14-ць, я актыўна чытала розныя артыкулы ў інтэрнэце і такім чынам, відаць, сфармавала нейкае крытычнае мысленне. Добра памятаю падзеі 2004 года, рэферэндум, акцыі пратэсту і адчуванне несправядлівасці, якое накрыла пасля. У 2006-м я ўжо штодзённа прыходзіла ў пратэстны лагер з намётамі, пазнаёмілася з цягам часу са многімі актывістамі. Акрамя гэтага, я вучылася ў юрыдычным каледжы і практычныя веды атрымлівала праз дапамогу ў рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Сваімі нагамі прайшла шмат судовых інстанцый. Калі бачыш рэальны малюнак грамадства, расчароўваешся ў многіх рэчах. Узнікае патрэба нешта з гэтым рабіць. 

Сёння я кансультую шмат людзей абсалютна па розных пытаннях: ці можна запісваць чыноўнікаў на дыктафон, што рабіць, калі не выплачваюць заробак і гэтак далей. Калі не магу дапамагчы сама, то абавязкова перанакіроўваю тых, хто звярнуўся, да калег.

Ёсць рэчы, якія мне баляць. Так, я доўгі час валанцёрыла ў сабачым прытулку. Таксама мяне вельмі кранае экалагічная тэма, любыя праявы дыскрымінацыі і гвалту. Сябрам я кажу, што як толькі разбяруся з правамі чалавека ў Беларусі, як толькі тут з гэтым усё больш-менш нармалізуецца, я займуся экалогіяй. Праўда, яны глядзяць на такі сцэнарый песімістычна: «Значыць ты ніколькі ёй не зоймешся».

Але я веру ў лепшае. На семінарах па прафесійным выгаранні нас вучылі бачыць вакол хаця б нейкія пазітыўныя моманты. Я разумею, што ў Беларусі пакуль не адбылося глабальных сістэмных змен (як былі палітвязні, так і застаюцца, як існавала смяротнае пакаранне, так яно і ёсць), але ўсё ж за апошнія гады краіна стала больш адкрытай. І ёсць невялікі шанец, што ў гэтым кірунку мы будзем рухацца і далей.

Наста Лойка.

Самымі цяжкімі для мяне былі часы пасля 2010-га года і 2017-мы. Калі здарылася Плошча-2010, я толькі як год працавала ў «Вясне», і тагачасныя беспрэцэдэнтныя па размаху затрыманні сталі адным з самых цяжкіх выпрабаванняў у маім жыцці. У 2017-м, калі адбылася аблава на анархістаў, я ўвогуле адчувала поўнае бяссілле. Мала таго, што я не магла нармальна дапамагчы людзям, перадаць тую ж перадачу, дык нават не засталося нікога, з кім гэта ўсё можна было б абмеркаваць: вельмі шмат сяброў апынуліся на сутках.

Акрамя таго, што хочацца развівацца ў новым кірунку (я стамілася ад таго, што і як рабіла ў «Вясне»), у мяне ёсць дадатковая матывацыя, чаму я пачала займацца тэмай бежанцаў, абаронай правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў межах Human Constanta. Перад Чэмпіянатам свету па хакеі, у 2014 годзе, грамадскіх актывістаў прэвентыўна затрымлівалі на суткі. Сярод іншых апынуўся адзін з маіх сяброў з ініцыятывы Food Not Bombs. На сутках ён быў у адной камеры з Патрыкам з Конга — той знаходзіўся ў ізалятары ажно 7 месяцаў і быў у такім кепскім стане, што нават не падымаўся з ложку. Праз адвакатку мой сябар пачаў спрабаваць дапамагчы свайму сукамерніку. Мы перадалі інфармацыю пра яго ў СМІ — і раптам яго вельмі хутка выслалі на радзіму. Пазней і іншыя актывісты, якія выходзілі на волю, таксама распавядалі пра вялікую колькасць замежнікаў у ізалятарах. Арганізацыі, якія імі нібыта займаліся (Служба па кансультаванні бежанцаў, Чырвоны крыж) на практыцы былі не заўжды эфектыўныя. З пазіцыі правоў чалавека замежнікамі, якія, напрыклад, проста згубілі пашпарт, ніхто нармальна не займаўся. У беларусаў у такіх выпадках на месцы хаця б ёсць сваякі, знаёмыя, хтосьці, хто можа дапамагчы. Калі гаворка ідзе пра замежніка, ён застаецца тут сам насам, не ведаючы мовы, а часам і таго, што з ім увогуле адбываецца.

Можа, год праз 10 я паеду ў Афрыку, і буду займацца праектамі, звязанымі з правамі мясцовых жанчын. Афрыка ў гэтым плане вельмі негатыўны рэгіён: там практыкуецца жаночае абразанне, прымусовыя шлюбы, гвалт без пакарання. На жаль, у Беларусі таксама хапае хібаў у гэтым плане.

Толькі нядаўна ў Працоўным кодэксе з’явіўся пункт, якія наўпрост забараніў гендарную дыскрымінацыю. У нас да гэтага часу існуе спіс забароненых прафесій. Жанчыны зарабляюць менш за мужчын, ёсць праблемы з бытавым стаўленнем. Але ў гэтым полі працуюць добрыя грамадскія арганізацыі, таму тут я спакойная.

Цішотка з Добі

Гэтую цішотку зрабілі мае сябры Ірына Арахоўская і яе муж Макс Пякарскі. Мы з Ірай шмат гадоў сябруем і наша агульная кропка перасячэння — кнігі пра Гары Потара. Вобраз Добі — пра рабства і бесчалавечнае абыходжанне. На цішотцы напісана, што Добі — вольны эльф, і гэта для мяне дадатковы напамін, што ўсе мы створаныя свабоднымі, да свабоды трэба імкнуцца.

Медальён з адбіткам лапы

У прынцыпе я нашу вельмі мала ўпрыгожванняў. Але часам бачу ў інстаграме цікавых рамеснікаў, і аднойчы мне на вочы патрапіліся працы Вадзіма Саранчукова з Гродна. Ён займаецца вырабамі з дрэва, і паколькі цяпер ідзе Год Сабакі, у яго было вельмі шмат тэматычных штук.

Супала, што ў той самы момант я ўзяла з прытулку сабаку — меціса аўчаркі Эрыка. І мне хацелася займець нейкі сімвал, звязаны з ім. Каб, калі я нават з’язджаю, са мной было тое, што пра яго будзе нагадваць.

У Эрыка вельмі сумны лёс: у чатыры месяцы яго падкінулі ў раён прытулку ў Гатава, ён быў у дрэнным стане і правёў там цэлы год. Яго хацелі забраць толькі калі на ахову, пасадзіць на ланцуг, але яму з яго тонкай псіхалагічнай канструкцыяй гэта не падыходзіла. Першы час ён быў вельмі баязлівы, але мы хутка сышліся. Адчувалася, як ён удзячны, што яго забралі: першыя два тыдні Эрык пастаянна будзіў мяне ўначы, пачынаў лізаць. У бяздомных сабак, канечне, вялікі патэнцыял да любві і падтрымкі.

Гіпнасава

Частка маёй працы заключаецца ў тым, каб ладзіць ў розных гарадах і краінах семінары на тэмы правоў чалавека, дыскрымінацыі, міграцыі. Калі толькі прыходзіш на іх, важна пазнаёміцца з групай. Для гэтага звычайна выкарыстоўваецца нейкі прадмет, які людзі пускаюць па коле і паралельна прадстаўляюцца. Хтосьці робіць гэта пры дапамозе мячыка, хтосьці з маркерамі. А я палюбіла соў.

Спачатку ў мяне была іншая: сшытая са шкарпэтак, яе мне прывезлі са Львова. Гэтую мы клічам Гіпнасавой. Мне яе таксама падарылі, калі першая цацка пачала развальвацца. І вось ужо амаль чатыры гады Гіпнасава — адна з маіх галоўных асістэнтак.

Эмацыйныя кніжкі

Першая кніжка аўтарства Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» у беларускім перакладзе. Ён быў адным з палітзняволеных, шмат часу правёў у «амерыканцы» і ў наваполацкай калоніі. Для мяне кніжка важная па некалькіх прычынах. Па-першае, я пазнаёмілася з маці Ігара амаль адразу, як яго затрымалі. У нас з ёй склаліся вельмі цёплыя адносіны, я нават чытала першыя рукапісы будучага выдання. Чытала і плакала. Па-другое, Ігар вельмі добра піша. У кніжцы моцна апісаны турэмны досвед, несправядлівыя абставіны і тое, як на іх варта рэагаваць. Я раю пачытаць гэта ўсім людзям, якія хочуць бліжэй пазнаёміцца з беларускімі рэаліямі, і проста беларусам, бо ад тэрмінаў у нас, на жаль, не застрахаваны ніхто.

Некалькі год таму я азадачылася развіццём уласнай псіхалагічнай культуры, эмацыйнага інтэлекту. У нашым грамадстве з гэтым відавочны прабел: нас не вучаць разбірацца ў сваіх эмоцыях ні дома, ні ў школе. Мы не разумеем, што мы адчуваем.

І вось дзіцячая «Азбука эмоцый» у даступнай форме апісвае нават такія складаныя эмоцыі, як справядлівасць. І ведаеце, у нейкім сэнсе кніжка дапамагла мне спакайней рэагаваць на многія рэчы.

Папяровыя сімвалы

У нейкі момант я вельмі палюбіла творчасць расійскага мастака Васіля Ложкіна. Яго карцінкі — пра сацыяльныя праблемы з іроніяй і сатырай. Мне вельмі падабаецца такое мастацтва. Гэтыя малюнкі доўгі час віселі над маім працоўным сталом у «Вясне», цяпер — дома. Я гляджу на іх і пераключаюся з цяжкіх думак на нешта больш лёгкае.

А гэты набор налепачак — пра працу, пра нейкія ідэйныя рэчы і аддачу ў справе, якую ты робіш. Адзін з любімых стыкераў утрымлівае надпіс «Love and solidarity», і ён набіты ў мяне на руцэ.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура