Роды — не толькі працэс з’яўлення на свет новага жыцця, але і сур’ёзны іспыт на трываласць і самаарганізацыю. Як забяспечыць сабе максімальны камфорт у беларускай радзільні? Збіраемся правільна разам.
Па-першае, улічыце, што ў беларускі радзільны дом рэчы трэба везці толькі ў поліэтыленавых пакетах. Ніякія торбы і нараканні на экалогію не прымаюцца. Па-другое, зручна падзяліць усё патрэбнае на тры пакеты — для родаў, для немаўляці і для мамы. З першым пакетам вы паедзеце нараджаць, астатнія рэчы вам перададуць сваякі ў пасляродавае аддзяленне. І трэцяе важнае правіла: не набіраць вялізны багаж, бо ніхто, акрамя парадзіхі, яго насіць не абавязаны, ды ў стандартных палатах няшмат месца, каб усё размясціць.
Фота: pixabay.com.
Фота: 7ya.ru.
1. Улюбёная музыка дапамагае лягчэй пераносіць схопкі. Падрыхтуйце свой плэйліст і вазьміце навушнікі.
2. Падчас родаў вельмі хочацца піць, але рабіць гэтага нельга. Вазьміце з сабой флакон тэрмальнай вады, каб папырскаць на твар — будзе лягчэй.
3. Адразу пасля родаў вельмі хочацца есці. Не ігнаруйце гэта, бо на прыём ежы па раскладзе радзільні можаце не патрапіць.
4. Загадзя вызначце, як будзеце карміць дзіця. Калі ў вас плануецца кесарава, набудзьце малакаадсос, каб наладзіць лактацыю і перадаваць малышу сваё малако. Калі ў вас плоскія смочкі, вазьміце з сабой спецыяльныя накладкі для кармлення. Крэм для смочак будзе дарэчы.
5. У пасляродавых палатах цягам ночы гарыць святло. Калі вам гэта замінае, паклапаціцеся пра маску на вочы.
6. Каб хутчэй ачуняць пасля родаў, вазьміце тое, што ніяк з імі не звязана. Напрыклад, кніжку ўпадабанага аўтара або часопіс.
7. Савецкая практыка выкарыстання падкладаў яшчэ жывая. Калі вам накладаюць швы, могуць параіць пэўны час карыстацца менавіта падкладамі, а не пракладкамі, каб забяспечыць патрэбную тэмпературу і цыркуляцыю паветра. Вырашыце скарыстацца парадай — падрыхтуйце чыстую баваўняную тканіну, якую потым парэжаце на кавалкі.
Улічыць ўсё немагчыма, кожныя роды — асобная, часам непрадказальная, гісторыя. Аднак належная падрыхтоўка дапаможа займець правільны настрой і звесці дыскамфорт да мінімуму.
Паліна Дзяшук