Праект партала
Тонус
07.12.2018 / 12:42
Тэсціруем экалагічную альтэрнатыву пракладкам і тампонам — менструальныя капы12

Хоць менструальныя капы і з’явіліся на свет амаль адначасова з тампонамі ў 1930-я гады, апошнія куды больш папулярныя сярод жанчын.

Прычыны простыя: адны сыходзяць у гісторыю развіцця ліберальных поглядаў у жаночых колах (нейкі час дакранацца да сваёй похвы лічылася непрыстойным). Іншыя перашкоды для папулярызацыі кап стварылі маркетолагі. Справа ў тым, што калі тампоны і пракладкі жанчыны набываюць кожны цыкл (а значыць, і прыносяць стабільны прыбытак кампаніям, якія іх вырабляюць), то адной капай можна карыстацца ад 3 да 10 год — у залежнасці ад таго, як акуратна з ёй абыходзіцца. Таму чакаць, пакуль кліент прыйдзе другі раз, даводзіцца вельмі доўга.

Да чаш грамадства пачало часцей звяртацца пасля 1980-х, калі людзі сталі больш думаць пра экалогію. Аднаразовасць выкарыстання тампонаў і пракладак — галоўны іх мінус. Па розных дадзеных, кожны год адходаў ад аднаразовых жаночых сродкаў гігіены толькі ў Беларусі набіраецца каля 920 тон.

Сярод іншых пераваг кап вытворцы вылучаюць:

  • стэрыльнасць і гіпаалергеннасць (менструальныя чашы робяць з медыцынскага сілікону (з таго самага, я якога вырабляюць дзіцячыя соскі і трубкі медыцынскіх катэтараў), ён нейтральны для слізістай і не ўступае ў рэакцыю з біялагічнымі тканкамі ўнутры цела);
  • насіць капу можна да 12 гадзін, і ўвесь гэты час не баяцца працяканняў (у тым ліку ноччу падчас сну ці, напрыклад, на ёзе);
  • яна не стварае такіх нязручнасцяў, як спецыфічны пах, сухасць, намульванне ці сверб;
  • няма рызыкі сіндрому таксічнага шоку;
  • у некаторых жанчын пры выкарыстоўванні чаш падчас месячных змяншаюцца болі;
  • даступная цана: капа каштуе ў сярэднім каля 30 рублёў, і вы набываеце яе раз і да 10 год (нават калі капа праслужыць усяго тры гады, то ў месяц вы аддаяце на яе 83 капейкі).

А што думаюць пра менструальныя капы дактары?

Каментуе гінеколаг медыцынскага цэнтра «Ладэ» Марыя Вараб’ёва:

«Беларускі пакуль не вельмі актыўна цікавяцца капамі, але ўсё больш жанчын хочуць імі карыстацца. Можна паспрабаваць чашы найперш тым пацыенткам, у якіх назіраюцца алергічныя рэакцыі — сып, пачырваненне, ацёчнасць і іншыя — на матэрыял, з якога выраблены пракладкі і тампоны. Не рэкамендуюцца капы тым, хто мае нейкія праблемы са здароўем: паталогіі шыйкі маткі, дысплазію, любыя запаленні — не варта прысутнасцю ўнутры капы з кроўю ўзмацняць запаленчы эфект. Таксама не пажадана карыстацца чашамі жанчынам пасля родаў (у іх аслабленыя цягліцы, і капа папросту не будзе трымацца ўнутры), а таксама тым, хто карыстаецца спіраллю — ёсць рызыка зачапіць яе вусы, плюс такім чынам можна таксама паўплываць на распаўсюджванне запалення.

Існуе меркаванне, што з капамі памяншаецца рызыка таксічнага шоку, але, як ні круці, яны ўсё роўна ўтрымліваюць у сабе крывавае асяроддзе з бактэрыямі, якія яго любяць. Гарантыі, што яны не размножацца там і не дадуць таксічны шок, усё адно няма. Увогуле, лепш паспрабаваць чашу і ўжо пасля карыстання рабіць высновы, падыходзіць яна вам ці не».

Тры чытачкі «Нашай Нівы» вырашылі паўдзельнічаць у эксперыменце і падзяліцца сваім досведам карыстання капамі CupLee.

Кацярына:

…— У пытаннях сродкаў гігіены я крыху рэтраград. Так, я разумею ўсе плюсы тых жа тампонаў у параўнанні з пракладкамі, але звычайна звяртаюся да іх толькі тады, калі іншага выйсця няма: паехала на мора, пайшла з сябрамі ў лазню ці займаюся ёгай. Проста мне не падабаецца сам працэс запіхвання ў сябе чаго-небудзь, калі можна пражыць і без гэтага.

Таму сутыкненне з чашай для мяне стала цэлым выпрабаваннем. Пужаў яе памер: о божа, як я ўстаўлю такую «махіну», калі нават тампоны не вельмі люблю. Перад працэдурай «апускання», як таго і патрабавала інструкцыя, я старанна памыла рукі, пракіпяціла каўпачок цягам 5 хвілін (да гэтага доўга думала, ці не варта набыць пад гэтую працэдуру асобны рондаль, але ў выніку спынілася на тым, што проста буду карыстацца найменш запатрабаванай у гаспадарцы пасудзінай).

Далей пачалося самае складанае. Я склала капу першым спосабам, прапанаваным у інструкцыі — літарай «S», але нічога не атрымалася. Паспрабавала другі, дзе чашу трэба скласці ў «бутон» і ўвесці такім чынам, каб ён потым раскрыўся ў похве — дарэмна. Для сябе зразумела, што капу, скручаную першым спосабам, зручней трымаць у руках, таму ўжо не адступалася. Паўпрыседам, стараючыся максімальна расслабіцца, я паўтарала спробу за спробай. І ў рэшце рэшт у мяне ўсё атрымалася: цалкам працэдура заняла не больш за 5 хвілін. Для дэбюту выдатна, падумала я. Ніякія змазкі і вада для ўвільгатнення не спатрэбіліся.

Паглядзеўшы да гэтага мноства ролікаў і пачытаўшы з дзясятак артыкулаў пра досвед карыстання капамі, я чакала, што першыя гадзіны мне можа быць з ёй нязручна, хвост каўпачка будзе «боўтацца» знізу і перашкаджаць, але нічога такога не было. Я ўвогуле амаль на 12 гадзін забылася, што ў мяне месячныя (праўда, спачатку ўсё роўна падстрахавалася штодзённай пракладкай — і дарма, яе дапамога не спатрэбілася, працяканняў не было). Тое самае і ноччу: чаша ўтварае вакуум, таму, калі вы ўсё робіце па інструкцыі і ў вас не вельмі моцныя выдзяленні, ад чырвоных плям на бялізне і адзенні вы застрахаваныя. Хвосцік, які рэкамендуюць падкараціць у выпадку нязручных адчуванняў, мне падразаць не прыйшлося — памер S прыйшоўся якраз.

Куды больш праблем у мяне ўзнікла падчас даставання капы. Я ведала, што галоўнае — правільна націснуць на адзін з яе бакоў (ці змясціць палец паміж капай і похвай), каб вакуум аслаб. Гэта аказалася нялёгкай задачай, таму спачатку я выцягвала чашу за хвосцік, што рабіць не рэкамендуецца: так вы рызыкуеце разліць усю вадкасць (але калі ўсё робіцца над ваннай, праблема адпадае). Сорамна прызнацца, але ў самы першы дзень жыцця з капай я думала, што буду прасіць дапамогі дастаць яе ў каго-небудзь з блізкіх — настолькі складана мне гэта давалася. Але ў выніку я перамагла свой страх. Чым часцей ты гэта робіш, тым лепш атрымліваецца — у прынцыпе, так з любой справай. Галоўнае — набіць руку.

Ці буду я карыстацца ёй зноў? Думаю, так. Усё ж гэта зручная штука менавіта ў час карыстання ёю.

Наталля:

— Самае прыемнае ў капе, як па мне, гэта яе знешні выгляд. Ружовенькія, зялёныя, чорныя… Глядзяцца вельмі эстэтычна. І мяшочак для іх таксама прыгожы. Перад выкарыстаннем доўга разглядала, спрабавала навобмацак ацаніць жорсткасць.

У першы дзень месячных, працоўнай раніцай, у мяне скарыстацца ёй так і не атрымалася: не змагла зразумець, як яе трэба скласці. Пакуль сядзела ў прыбіральні, глядзела ютуб-ролікі па тэме. У выніку я так яе і не паставіла. Ай, падумала, увяду на ноч. Увечары, калі было больш вольнага часу, пачала зноў ставіць эксперыменты. Калі атрымалася, першыя паўгадзіны хадзіла і прыслухоўвалася да сваіх адчуванняў: ці не цісне, ці нармальна стаіць. І ніякіх адчуванняў не было.

І вось трэба ж мне было начытацца водгукаў у інтэрнэце! Дзяўчаты пісалі, што самае цяжкае — дастаць яе. Таму, калі лягла спаць, увесь час думала аб працэдуры, якая чакае мяне на раніцу. Раніца наступіла гадзін у пяць.

На дзіва, я правільна націснула пальцам недзе ўнізе чашы і ўжо з другой-трэцяй спробы яна паддалася. Я выліла вадкасць, прамыла капу пад гарачай вадой і паклала яе на паліцу. Дасыпаць пайшла са звычайнай пракладкай. Назаўтра трэба было быць увесь дзень у дарозе, і я не рызыкнула даверыцца сіліконавай навінцы.

Трэці дзень эксперыменту прайшоў з цяжкасцямі пры ўвядзенні чашы. Мне чамусьці было суха, і яна ніяк не станавілася на месца. Днём, калі пайшла ў прыбіральню, проста паленавалася даставаць яе і правяраць. Дахадзіла да вечара, зноў дастала не з першай спробы. Можа, мне патрэбны іншы, меншы памер? Паспрабую пасябраваць з ёй у наступны раз — а раптам з другой спробы спадабаецца?

Наста:

— Пакуль я вазілася з гэтай новай штукай, прыгадвала, як упершыню спрабавала ўвесці тампон — гэта было ў старэйшых класах школы, вельмі хацелася паплаваць разам з усімі, і старэйшая сяброўка спрабавала мне патлумачыць, што і як трэба зрабіць. Гэта быў той яшчэ квэст, я вам скажу, да сёння памятаю. Пасля таго разу я надоўга адмовілася ад ідэі карыстацца імі. Ніяк не магла зразумець, як гэта можна іх не адчуваць, як гэта можна ўвесці так, каб з першага разу і не балела? Але прайшло пару год, прыйшоў спрыт, і ніводзін цыкл без іх ужо не абыходзіцца (маё выратаванне ад працяканняў).

Так што, гледзячы на чашу, я рыхтавалася да нечага падобнага.

Найбольш пужаў яе памер: як гэта ў сябе ўвесці? Тампон у параўнанні — дзіцячы садок. Эксперыменты праходзілі ноччу ў ванне пасля серыі ролікаў-інструкцый (не думала, што калі-небудзь гэта скажу, але дзякуй праграме Малышавай). Механіка нібыта зразумелая: заняць зручную позу (найпрасцей рабіць усё лежачы), скласці капу літарай S, максімальна сціснуўшы, і ўвесці. Ну, са спробы сёмай усё атрымалася. Спала я цудоўна, ніякага дыскамфорту не адчувала, нідзе нічога не працякло.

На раніцу — двайны эксперымент: дастаць капу і ўвесці па новай. Ухапіцца за хвосцік не так лёгка, як здаецца, ды і сэнсу ў гэтым мала — проста цягнуць за яго зусім не варыянт. Націснуўшы на ніз капы і змясціўшы яе, удаецца выцягнуць. Увесці па новай атрымліваецца спробы з чацвёртай — прагрэс.

Але гэта ладна, другое даставанне прайшло ўжо нашмат лягчэй і хутчэй, нават удалося не развярнуць капу. Галоўны мінус — я ўвесь дзень пры хадзьбе адчувала, што яна ўнутры мяне — гэта не самыя прыемныя адчуванні. Не боль, але дыскамфорт ёсць. Магчыма, варта падрэзаць хвосцік, але пакуль не рызыкнула — трэба ўпэўніцца, што я сапраўды правільна ўводжу капу і праблема толькі ў даўжыні хваста.

Ці хочацца мне карыстацца надалей? Я б карысталася сітуацыйна:

  • у першыя дні месячных, калі больш моцныя выдзяленні;
  • калі даводзіцца ночыць не дома, і ёсць страх запэцкаць чужую бялізну;
  • калі ты ў светлай вопратцы і баішся, што пры замене тампона на адзенні могуць з’явіцца кроплі крыві.

Дзяўчаты, якія даўно карыстаюцца капай, адзначаюць, што першыя спробы заўсёды даюцца няпроста. Але варта набіць руку — і капу лёгка можна будзе і паставіць, і дастаць, дзе б вы ні знаходзіліся: у грамадскай прыбіральні ці на працы. Той камфорт, які даюць капы ў выніку, варты таго, каб памучыцца першыя дні ці месяцы — сцвярджаюць дасведчаныя.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Доброе утро! ❓Если вам страшно попробовать чашу прежде всего из-за того, что не понятно, как её менять в общественном туалете, этот пост для вас: ⠀ ⚜️Тем, кто еще не знаком с чашей, процесс её опустошения и промывания кажется очень сложным. На деле это не так, и, после некоторой практики, всё можно сделать быстро и аккуратно. И даже в общественном туалете. ⠀ ⚜️Учитывая, что чаша вмещает в 2-3 раза больше, чем тампоны/прокладки, необходимость менять чашу вне дома возникает не часто. Многие девушки ходят с чашей с утра до вечера, опустошая её только дома, в своей ванной комнате. ⠀ ⚠️Если же возникла необходимость опустошить чашу вне дома, вот несколько советов: ⠀ 1. Ищите туалет с раковиной прямо в кабинке - в большинстве кафе/ресторанов такие есть. ⠀ 2. Доставайте чашу, сидя на унитазе - тогда меньше вероятность разлить содержимое. ⠀ 3. Имейте с собой влажные салфетки для рук и антисептик. ⠀ 4. Если опустошать чашу приходится регулярно в туалете, где кабинки без раковины (например, на работе), можно носить с собой бутылочку, чтобы набрать в неё воды и промыть чашу прямо в кабинке. ⠀ 5. Если воды совсем нет, можно вылить содержимое и сразу вставить чашу обратно. Но обязательно промыть чашу, как только вы доберетесь до дома (или более удобного туалета). ⠀ ⚠️Да, в первый раз вам может быть страшно менять чашу вне дома, и потребуется больше времени. Но ощущения свободы, которое дает чаша, стоит того, чтобы попробовать! . . . Для заказа менструальной чаши пишите в Директ @i.love.my.cup или звоните по телефонам: +375447758810

Публикация от Менструальные чаши (@i.love.my.cup)

Як абраць правільны памер капы?

Рэкамендуе ўладальніца інтэрнэт-крамы менструальных чаш Аляксандра Сянькевіч.

«Самы важны параметр — аб’ём выдзяленняў. Калі дзяўчына ведае, што іх шмат, лепш абіраць памеры M ці L. Але нават калі жанчына з моцнымі выдзяленнямі спыніцца на памеры S, то катастрофы не адбудзецца, проста з часам яна зразумее, што капу трэба мяняць часцей. У вытворцы CupLee, напрыклад, увогуле існуе толькі два памеры: S і L.

Дыяметр L-кі большы за дыяметр S-кі на 4 мм, вышыня — на 6 мм. Хвосцік у маленькай капы даўжэйшы, таму ў выніку паміж імі не такая ўжо і вялікая розніца: проста L-ка больш «пузатая» па форме, а S-ка прамая, падобная на трохкутнік. За кошт гэтага атрымліваецца розніца ў цэлых 10 мл (S — 20 мл, L — 30 мл).

Выбіраць большы памер раяць усім жанчынам, у якіх былі роды. S — актыўным спартсменкам і тым, у каго не было вагінальнага пранікнення. Яшчэ ёсць такі параметр, як вышыня знаходжання шыйкі маткі. Калі вы ведаеце, што яна ў вас размешчаная нізка, лепш параіцца з гінеколагам наконт выкарыстання капаў».

ІП Сянькевіч А.Д. УНП 193130396

Nina.nn.by, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура