Праект партала
Накіпела
26.12.2018 / 17:20
«Можа, мы вам адразу матку выдалім?» Як грамадства цісне на жанчын, якія не спяшаюцца нараджаць — гісторыі беларусак14

Калі вас яшчэ не закранулі такія асабістыя пытанні накшталт «Ну што, калі нараджаць збіраешся?» або «Калі ўжо замуж?», калі не даводзілася апраўдвацца за тое, што вы зараз ці зусім не хочаце дзяцей, то, хутчэй за ўсё, вам яшчэ няма васямнаццаці год, бо ў нашым грамадстве чалавек жаночага (ды нават і мужчынскага) полу часцей за ўсё нараджаецца адразу з прыстаўкай «абавязаны».

Калі ты дзяўчынка, то спачатку павінна гуляць у лялькі і насіць сукенкі, потым — насіць абцасы. Жанчына павінна нараджаць і займацца побытам. І варта крыху адысці ад звыклых стэрэатыпаў паводзін, як у той жа момант на галаву абвальваюцца тоны хамства, «карысных» парад, а часам і непрыхаванай агрэсіі.

Усё часцей беларусы на першы план ставяць адукацыю, фінансавую незалежнасць, самарэалізацыю, дабрачыннасць, спазнанне сябе і навакольнага свету… А для ўсяго гэтага патрэбныя такія рэсурсы, як сілы, час, здароўе і эмоцыі, вось і атрымліваецца, што замужжа і нараджэнне дзіцяці адыходзіць на другі план.

Лера Казакевіч вырашыла даведацца, як жывуць беларускі, на якіх даўно паставілі штамп «старародзячая», але яны не думаюць хвалявацца на гэты конт: у іх ёсць важкія прычыны не спяшацца.

Аляксандра, 31 год, замужам, хоча дзяцей, але не на дадзеным этапе жыцця, будуе кар'еру маркеталагіні, арганізоўвае дабрачынныя паездкі і збор дапамогі ў дзіцячы дом

— Менш за ўсё ты чакаеш крытыкі і ціску з боку сваёй сям'і: бацькоў, стрыечных сясцёр, бабуль і дзядуляў. Увогуле ад усіх тых, ад каго хутчэй чакаеш прыняцця цябе такой, якая ты ёсць.

З самага нараджэння я расла з устаноўкамі: ты ж дзяўчынка, ты не павінна біцца, ты дзяўчынка, ты павінна насіць спадніцы, ты дзяўчына, ты павінна сустракацца з хлопцамі… Цяпер мне 30, і я, на думку бацькоў, павінна нараджаць. Упэўненая, што, калі гэта здарыцца, яны пачнуць ціснуць пытаннем: «Ну, а калі ўжо другое?»

Пытанне пра дзяцей у маім жыцці падымаецца бацькамі на пастаяннай аснове. Часам зусім не да месца. Напрыклад, калі я купіла сабе адмысловыя вітаміны для жанчын, і маці пытаецца: «Вітаміны, значыць, жаночыя!? Ну, так-так. Табе наогул нараджаць пара». Мяне гэта крыху крыўдзіць, бо, калі прытрымлівацца яе логікі, выходзіць, што жанчына, якая не плануе дзяцей, у прынцыпе не павінна сачыць за сваім здароўем, ці што!?

Калі я тлумачу бацькам, што хачу пажыць у сваё задавальненне, разабрацца ў сабе, пабачыць свет, яны мне на гэта адказваюць: «Ты — эгаістка!»

Але чаму «эгаістка»? Чаму чалавек становіцца эгаістам, калі ён проста не хоча дзяцей!? Гэта вельмі крыўдна чуць такое ад сваіх бацькоў, бо ў гэтым плане я ім зусім нічога не павінна.

«Завядзі палюбоўніка — і тады народзіш»

Такога кшталту бестактоўныя пытанні і каментары сёння сталі для мяне фільтрам акружэння. Напрыклад, нядаўна была гісторыя з інструктаркай па ваджэнні. У нас якраз здарылася досыць шчырая гутарка:

— А ты замужам, дзеці ёсць?

— Замужам, але пакуль няма.

— Табе тэрмінова трэба завесці дзіця!

— У сэнсе!?

— Ну, як гэта так!? Табе ж ужо 30! Трэба было нараджаць наогул у 20 год!

— Слухайце, ну я пакуль гэтага не планую канкрэтна, але калі гэта адбудзецца, то так таму і быць.

— Ааа… Ну, усё ясна, твой муж табе генетычна не падыходзiць, значыць. Вы проста «аднаяйкавыя». Табе трэба завесці палюбоўніка — тады ўсё атрымаецца. У мяне знаёмая адна так зрабіла і нарадзіла.

Шчыра кажучы, я была проста ў шоку. Па-першае, ад дзікасці і амаральнасці такой прапановы, а па-другое — ад поўнай упэўненасці ў сваёй слушнасці чалавека, які абсалютна не кампетэнтны ў гэтай сферы.

«Проста ў цябе мужыка няма»

Здавалася б, ну, добра, старэйшае пакаленне, але такія бестактоўныя паводзіны нярэдка сустракаюцца і сярод моладзі. Памятаю, раней, яшчэ да замужжа, не раз сутыкалася з каментарамі і з'едлівымі жартамі пра тое, што «ну ты аматарка котак старая, або «проста ў цябе мужыка няма, вось ты і шалееш».

Ці, напрыклад, мой шэф на працы, які нават аднаго ўзросту са мной, у любы зручны момант намякае, што я «старарожаніца» і мне даўно «прыйшоў час». Часам ён спрабуе чапляць мяне тым, што ўва мне адсутнічае жаночая энергетыка, і што менавіта праз гэта ў мяне няма дзяцей, а ўсе мае заняткі дабрачыннасцю — гэта толькі кампенсацыя іх адсутнасці. Пры гэтым мне проста смешна чуць парады пра тое, што я павінна рабіць, ад чалавека, у якога за плячыма некалькі разводаў і ад кожнага шлюбу засталіся дзеці.

Я не спяшаюся нараджаць, бо хачу для пачатку разабрацца ў сабе, здабыць гармонію, прафесійна рэалізавацца і павысіць даходы сваёй сям'і. Каб, калі з'явіцца дзіця, мне не трэба было б думаць пра тое, дзе ўзяць грошай на яго існаванне. Але самае галоўнае: я хачу быць здольнай выхаваць і выгадаваць нармальнага, адэкватнага чалавека, а не проста нарадзіць для птушачкі.

Святлана 32 гады, не замужам. Былая ўдзельніца ініцыятывы пра гендар і сэксуальнасць «Makeout», сузаснавальніца руху «Маршыруй, дзетка», уладальніца мануфактуры па перапрацоўцы пластыку «Zaduma» і крамы без пакавання «Zerro»

«Гэта не ваша справа»

— Я не чайлдфры. Я не выключаю, што калі-небудзь у мяне будуць дзеці, але на сённяшнім этапе ў мяне іншыя планы і мэты. Вядома, як і любая жанчына ў Беларусі, я расла з устаноўкамі пра тое, што я будучая маці і жонка. Першы раз, калі мне было ўсяго дваццаць гадоў, маё абурэнне выклікала пытанне маёй стрыечнай сястры, якая на вяселлі адной нашай сваячкі спытала мяне: «Ну, што, калі табе ўжо сукенку купляць будзем!?» Тады я была ў абсалютным ступары, бо цалкам не ідэнтыфікавала сябе з замужжам. З таго часу я перыядычна сутыкаюся з нетактоўнымі пытаннямі або выпадамі ў мой адрас. Часцей за ўсё з боку старэйшага пакалення. Але я навучылася спакойна адказваць на гэта: «Я не прасіла ў вас парад або вашага меркавання на гэты конт». Як правіла, гэта спрацоўвае, а калі не — я проста паўтараю свой адказ.

У нашым грамадстве чамусьці лічыцца, што жанчына апрыёры «павінна хацець выйсці замуж і нарадзіць», вакол гэтага і будуецца ўвесь патрыярхальны ўклад, на мой погляд. Таму калі ты раптам не ўпісваешся ў яго рамкі, то лічышся проста памылкай у праграме.

«Дык, можа, выражам табе адразу матку?»

Нядаўна ў мяне пачаліся праблемы са здароўем, трэба было праходзіць рознага роду абследаванні, аналізы і з вынікамі прыйсці да доктаркі, якая будзе прымаць рашэнне пра аперацыю. І там адбылося наступнае:

— Дзеці ёсць?

— Не.

— Замужам?

— Не.

— Ну, хоць нараджаць плануеце?

— Я пра гэта цяпер не думаю.

— Ну, дык, можа, мы вам адразу матку выдалім, каб вырашыць праблему раз і назаўсёды?

Хацелася спытаць у адказ: «А можа, вы мне адразу горлачка скальпелем перарэжаце, каб ужо сапраўды без праблем?» Я была настолькі абражаная і адначасова шакаваная гэтым пытаннем, што хутчэй паспяшалася пакінуць кабінет, так і не даведаўшыся пра тое, як будзе праходзіць аперацыя, які лекар яе будзе рабіць, як мне трэба падрыхтавацца да яе. Бо як гэта так? Лекара больш цікавіць, ці буду я нараджаць, замест таго, як я сябе адчуваю?

Ніна Варанецкая, 29 гадоў, у дэкрэтным адпачынку

— Ці намякалі мне, што прыйшоў час нараджаць калі-небудзь!? Ох, казалі наўпрост, ледзь не патрабавалі гэтага кожнае сямейнае застолле. У мяне праз гэта ледзь не пачало торгацца вока. Асабліва частымі сталі гэтыя пытанні, калі я выйшла замуж. Даходзіла да такога, што я чула: «Уяўляеш, на працы супрацоўніца, дык яе дачка другога ўжо чакае». У мяне пыталіся: «Ну, калі і ты ўжо?»

У адносінах са сваім мужам я ўжо 9 гадоў, і чамусьці ў нашым грамадстве прынята лічыць, што калі ў вас пасля некалькіх гадоў разам не з'явіліся дзеці, то гэта дакладна значыць, што ёсць праблемы ў кагосьці з партнёраў. Гэта крыўдна.

Калі ты спрабуеш данесці, што пакуль не хочаш, што ў цябе ёсць іншыя мэты і цікаўнасці, што няма нармальных жыллёвых умоў — гэта зусім не ўспрымаецца як важкія аргументы. У адказ толькі адно: «Вось народзіш — і ўсё будзе».

Окей, цяпер я нарадзіла і адназначна магу сказаць: дзякуй богу, я не зрабіла гэтага раней і стойка трымалася сваіх прынцыпаў.

Паколькі паміж «жадаць дзіця» і «нарадзіць» — прорва! Тыя бабулі і цёткі, якія больш за ўсё цікавіліся, зараз плачуцца, што стамляюцца з унукамі. І ўсе гэтыя абяцанні «Мы будзем дапамагаць» засталіся проста словамі.

А самае абсурднае тое, што цяпер распачаўся новы этап: «Калі пойдзеш за другім?»

Лера Казакевіч, фота з архіваў гераінь і gstatic.com

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура