Праект партала
Густ
28.12.2018 / 11:14
Місія выканальная: падбіраем разам са стылісткай цёплыя зімовыя лукі, у якіх вы не будзеце падобныя да капусты ФОТЫ1

Разам з фэшн-блогеркай і стылісткай Таццянай Шчарбаковай адправіліся ў краму Reserved, што ў «Галерэі», і на практыцы разабралі пару модных лайфхакаў, якія дапамогуць апранацца зімой цёпла і пры гэтым не выглядаць як мяшок.

Таццяна Шчарбакова.

Таццяна:

— Галоўныя прынцыпы, якіх я прытрымліваюся, калі падбіраю гардэроб зімой, — набываць вопратку і швэдры з салідным працэнтам шэрсці і кашаміру ў складзе, бо толькі такія рэчы сапраўды грэюць. Другая парада — надзяваць як мага больш слаёў на сябе: спачатку вадалазку, напрыклад (лепш, калі яна таксама будзе з натуральнымі складнікамі), пасля — кашулю з тоўстай бавоўны ці скураную, джынсы. Наверх — пухавік, паліто ці шуба, у залежнасці ад таго, што вы любіце і якія ў вас задачы на дзень: тут трэба ўлічваць, колькі часу вы праведзяце на вуліцы і якім чынам будзеце перасоўвацца — на грамадскім транспарце ці на ўласным.

Ніхто не адмяняў тэрмабялізіну і тоўстыя калготкі пад штаны ці джынсы (зімой я мала хаджу ў сукенках і спадніцах, усё ж у нагавіцах цяплей). Усё — у імя здароўя. На свой невялікі рост я ўвогуле купіла тэрмабялізну ў дзіцячым аддзеле «Марк Фармэль».

Шапкі ўзімку, канечне, сапсуюць прычоскі, але без іх нікуды. Калі я ведаю, што мне не трэба будзе прысутнічаць на нейкім мерапрыемстве ў памяшканні, то свабодна хаджу ў класічнай шапцы-біні, а-ля мужчынская. Калі ж на вуліцы вельмі халадно і вецер, але пры гэтым трэба, каб валасы моцна не прымяліся, можна завязаць на галаву шарсцяную хустку.

Цяпер, дарэчы, у якасці галаўных убораў вельмі модныя балаклавы. У беларускіх крамах іх пакуль што няма, бо да нас усе трэнды даходзяць толькі тады, калі становяцца больш масавымі.

Праўда, каб насіць такі аксэсуар, як і любы іншы трэнд, трэба валодаць пачуццём густу і стылю. Ведаеце, бывае такое, што чалавек начапіў на сябе ўсё самае моднае, а выглядае смешна. Усё гэта таму, што ён не надае ўвагі дэталям.

Балаклава. Фота: village.ru.

А цяпер падбяром некалькі цёплых лукаў з таго, што прапаноўвае крама Reserved (між іншым, многія рэчы там зараз на зніжках).

Лук № 1

Як бачыце, я сабрала ўсе базавыя рэчы. Падобнае падоўжанае бэжавае паліто з прамым кроем, на мой погляд, павінна быць у гардэробе кожнай дзяўчыны. У складзе гэтага — 50 працэнтаў шэрсці, таму ў ім сапраўды цёпла.

Пад ніз кашаміравага швэдра я надзела свабодную белую футболку з мужчынскага аддзела, яе край робіць вобраз не такім плоскім.

У якасці нізу выбрала шэрыя спартыўныя штаны, гэта глядзіцца куды больш арыгінальна, чым калі б на іх месцы былі звычайныя джынсы. Увогуле, я люблю спалучаць спорт і шык. Каб канчаткова не сысці ў першае, разбаўляем вобраз абуткам на ўстойлівых абцасах. У такіх рэчах можна пайсці як на працу, так і на нейкую вечарыну.

Звярніце ўвагу, як тут спалучаюцца колеры і тэкстуры. Ахраматычныя шэры, чорны і белы дапоўненыя незвычайным шалікам. Верх у нас гладкі, ніз — больш грубы, абутак паўтарае кракадзілавую скуру — такое спалучэнне розных тэкстур робіць лук цікавым і шматслойным.

Лук № 2


У гэтым вобразе зноў прысутнічае незаменная зімой шматслойнасць. Галоўная парада ў складанні чаго-небудзь падобнага — не баяцца браць рэчы большых памераў. Я нашу 34 памер, пры гэтым спакойна ўзяла джынсы-бойфрэнды 40-га і касуху — 42-га. Калі б куртка была мне па фігуры, то ўсё, што знізу, непрыгожа б збіралася і паўзло наверх.

Лук № 3

У дадзеным вобразе сукенка грае ролю спадніцы. Калі вы баіцеся такіх бясформенных лукаў, можна падперазацца рэменем. Праўда, з маім прамавугольным тыпам фігуры, калі я зраблю акцэнт на таліі, то яшчэ больш падкрэслю, што яе няма. Таму тут трэба быць асцярожнымі і падыходзіць да кожнага тыпу фігуры індывідуальна.

Пад ніз застаецца толькі надзець шакаладныя калготкі, крыху цямнейшыя за сукенку. Ніякага капрону — на мой погляд, з зімовымі ботамі гэта нават непрыгожа. Тоўстыя ж калготкі выцягнуць увесь вобраз і падоўжаць нагу.

На галаву сюды б я дадала звычайную шэрую шапку (без пампонаў — пакіньце такія мадэлі дзяўчынкам да 10 год). Сюды б падышла і балаклава: я б абрала цалкам чорную, каб яна працягнула пухавік.

Што тычыцца пальчатак, то я раю спыняцца на класіцы: шэрых, чорных і белых — яны падыходзяць амаль да ўсяго. А да любімага беларусамі ўзімку чорнага колеру — дык дакладна. Калі хочацца чагосьці незвычайнага, дадаць нейкі акцэнт, то можна набыць пальчаткі смарагдавага колеру, карамельнага ці бардо — яны выглядаюць дорага.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура