Жыхар Асіповічаў Леанід Мінаў у 1990-я быў кіраўніком асіповіцкай суполкі БНФ, не прапускаў ніводнага мітынгу, задаваў нязручныя пытанні Аляксандру Лукашэнку на яго сустрэчы з выбаршчыкамі. Сын Леаніда Антон яшчэ ў дзіцячым садку шакаваў выхавальніцу тым, што заспяваў на занятках песню з «Народнага альбома» «Край, ты мой край».
Цяпер Леанід працуе настаўнікам у школе, выкладае гісторыю, і прызнаецца, што ні разу не здаваў грошы ні на прымусовую падпіску, ні на сяброўскія ўнёскі якой-небудзь арганізацыі.
Сам Леанід — інвалід трэцяй групы. Яго жонка Вера і сын Антон маюць першую групу інваліднасці.
Хутка вясна, любімая пара году Веры Мінавай.
Год таму Вера зламала сцягно і без інваліднага вазка больш рухацца не можа, самастойна выходзіць на вуліцу тым больш.
Вера: «Першы раз я зламала нагу выпадкова, калі ўпала ў кватэры. Пасля здарыўся яшчэ адзін пералом, пасля яшчэ. І ўжо сёмы год я не магу аднавіцца, хаця кожны дзень раблю практыкаванні. Зусім слабая стала».
Леанід: «Прычым другі раз сцягно ты зламала праз сваю цікаўнасць. А ў трэцім я, вядома, вінаваты».
Каб у інвалідным вазку спусціцца ў двор з першага паверха, Вера вымушаная гадзіну чакаць пад дзвярыма сваёй кватэры, пакуль Леанід перахопіць на вуліцы якога-небудзь мінака ці нават двух, каб тыя спусцілі жанчыну з прыступак. Сам Леанід таксама ходзіць з цяжкасцю і без дапамогі справіцца не можа.
«Трэці Верын пералом здарыўся якраз праз тое, што мы доўга не маглі дачакацца, каб хтосьці дапамог мне вывезці Веру з пад’езда. Тады вырашыў спрабаваць сам. У нас быў тэлескапічны пандус, я паклаў яго і стаў спускаць вазок. І раптам адчуў, як вазок выслізгвае ў мяне з рук. Вера з’ехала з прыступак, ударылася аб дзверы, выпала з вазка і зламала нагу», — расказвае ён.
Тры месяцы ў бальніцы на выцяжцы Вера ляжала не рухаючыся. Аперацыю было зрабіць немагчыма, бо, калі Вера ў другі раз зламала сцягно, ёй давялося перажыць аж чатыры аперацыі.
Леанід: «Я ж кажу, усё праз цікаўнасць. І зноў ва ўласнай кватэры. Вера прыйшла на кухню паглядзець, што я купіў у магазіне, стала ў дзвярах. І я бачу, як яна пахіснулася і роўненька так села на пятую кропку і кажа: «Ой, я, здаецца, зламала нагу».
Пазнаёміўся Леанід з Верай яшчэ ў школе. «Яна такая прыгажуня была, як тут не закахацца», — кажа Леанід.
Пасля нядоўгай прагулкі паўстае тое самая пытанне: як вярнуцца дадому? Ізноў гадзіна чакання пад вокнамі кватэры, калі хтосьці з мінакоў ці суседзяў заўважаць, што жанчыне ў інвалідным крэсле і яе мужу патрэбная дапамога.
«Я кульгаю з дзяцінства, — расказвае Леанід, — прызвычаіўся. Апошнім часам толькі калена моцна баліць. Хачу другую групу па інваліднасці аформіць, пакуль адмаўляюць».
Калі Леанід вучыўся на гістфаку БДУ, лёс яго звёў з Зянонам Пазняком:
«Пазнаёміліся мы досыць цікава. Мяне запрасіў да сябе ў госці Юрый Хадыка, намеснік Пазняка. Прыйшоў, сядзелі, гутарылі аб усім і ні аб чым. Размова зайшла пра Беларусь, беларусаў. І раптам у пакой зайшоў Пазняк. Ён чуў усю нашу размову і тут вырашыў уключыцца ў размову і кажа: «Беларусы нават антрапаморфна адрозніваюцца ад рускіх». Я яшчэ падумаў, во як ты разважаеш!»
А пасля сустракаліся не раз. Прыязджаў Зянон Пазняк у Асіповічы, у адзін з прыездаў прызначыў Леаніда Мінава кіраўніком мясцовай філіі БНФ.
«Рознае здаралася, — прыгадвае Леанід. — І з апазіцыйнымі газетамі на вакзале затрымлівалі, і бел-чырвона-белы сцяг адбіралі. І выспяткамі з аўтазака выкідвалі. На адным з Дзён Волі я праходзіў па ходніку паўз ваенных. А ў іх балоны стаяць. Я кульгаю і гавару: «Вы што, людзей атручваць будзеце?» І раптам рукі заламалі, у аўтазак пацягнулі. А ў мяне пакет быў, а з яго дрэўка сцяга тырчала. Міліцыянер пакет выхапіў у мяне з рук, дрэўка аб калена паламаў, сцяг выкінуў. А ў аўтазак набілася нас як селядцоў. Павазілі гадзіны тры, пасля дзверы адчынілі, кожнаму пад азадак далі і адпусцілі».
Успомніў Леанід і гісторыю, як перад выбарамі 1994 годa сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Мы студэнтамі былі, а паўсюль жа па горадзе віселі перадвыбарчыя плакаты, самі ведаеце каго, са словамі: «Беларускаму народу — беларускі лідар». Дык мы на тых плакатах людзі першую літару на «п» замянялі».
«І вось неяк пад плакатам трапілася абвестка, што ў БДУ адбудзецца сустрэча з кандыдатам у прэзідэнты. О, думаю, задам я табе пару пытанняў», — працягвае Леанід.
Леанід Мінаў напісаў на паперцы два пытанні. Лукашэнка казаў пра тое, што трэба аднавіць Савецкі Саюз, таму Леанід напісаў: «Скажыце, калі вы так хочаце адрадзіць СССР, то навошта вам станавіцца прэзідэнтам незалежнай краіны?»
Другое пытанне тычылася таго, чаму Аляксандр Лукашэнка насіў на лацкане пінжака дэпутацкі значок часоў БССР:
«Я спытаўся, чаму вы носіце значок неіснуючай дзяржавы і бравіруеце гэтым. Абедзве запіскі падпісаў друкаванымі літарамі: «Ваш патэнцыйны выбаршчык Мінаў Леанід».
Запісак тады набралася вялікі стос.
«Лукашэнка так адухоўлена зачытваў іх. Нешта там адказваў. Дайшла чарга да маёй запіскі з першым пытаннем. Ён яе зачытаў. Пасля — шварк — аб стол і кажа: «Запіска ананімная, на ананімныя пытанні я адказваць не буду». Мяне аж падкінула, — узгадвае Леанід. — Я падняў руку і кажу: «Паважаныя прысутныя, толькі што кандыдат на высокую пасаду вам схлусіў. Гэта маё пытанне, і запіска падпісаная. У гэтым выпадку я яшчэ раз паўтару сваё пытанне». Што тут пачалося! Як ён папёр на мяне! Як стаў крычаць! А я сяджу і думаю: «Дурань! Калі ён зараз мяне ўдарыць, ён жа мяне заб’е. Чаго я палез?»
У 1994 годзе Леанід Мінаў уладкаваўся працаваць паштальёнам.
«Разносіў прэсу, пенсіі па навакольных вёсках, збіраў подпісы за Пазняка. Смешны выпадак быў у адной вёсцы. Там адзін дзед, якому я насіў пенсію, вельмі прасякнуўся ідэямі Пазняка. Кажа мне: «Пакінь ты мне гэты бланк, куды трэба подпісы ставіць». Я пакінуў, прыходжу праз нейкі час, а там тры лісты подпісаў, — смяецца ён. — Пытаю ў яго, як вам удалося сабраць столькі? «Ой, — кажа, — праблема! Я, акрамя подпісаў, яшчэ распіскі браў: «Пішы распіску, кажу, што памрэш, як не прагаласуеш за Пазняка».
Да размовы далучаецца Вера:
«Як жа мы расстроіліся, калі выбары ўсё ж адбыліся. А пазней, ужо пасля другіх выбараў, нават наш маленькі сын Антон ведаў, як яго бацькі ставяцца да гэтага. Быў выпадак, калі выхавацелька ў садку расказала, што Антон сабраў дзяцей ля стала выхавацелькі, на якім стаяў партрэт, і стаў расказваць, што гэта «благі дзядька». Пасля заспяваў песню: «Будзем стаяць непарушна, будзем стаяць непахісна». Выхавацелька вымушаная была прыбраць партрэт».
Сын Веры і Леаніда Антон выхоўваўся патрыётам.
Цяпер Антон, як і бацька, не прапускае ніводнага Дня Волі. У яго таксама ёсць інваліднасць праз праблемы з цягліцамі.
«А мяне неяк выклікалі да дырэктара школы, — узгадвае Леанід, — вёў я прадмет такі — грамадазнаўства. У канцы года вучні здалі кніжкі ў бібліятэку, а яны ўсе сапсаваныя. Там партрэту прэзідэнта дамалявалі рогі, вушы. Дырэктарка сварылася, што гэта я вінаваты. А чым я вінаваты, што дзецям праўду на ўроках распавядаю?»
Цяпер Леанід выкладае гісторыю ў Восаўскай школе, што непадалёк ад Асіповічаў:
«Ужо пятнаццаць год працую. Вельмі прыемна, што вучні мяне памятаюць. Неяк на прыпынку, дзе я аўтобуса чакаў, крутая машына спынілася. Выпускнік мой пазнаў мяне, падвёз ды яшчэ і півам пачаставаў. Так што добрыя ў мяне адносіны і са школьнікамі, ды і з калегамі. Адзінае, што яны коса на мяне глядзяць, калі ім трэба ўнёскі чарговыя сплачваць. Яны плацяць, а я адразу сказаў, што ні на якія суботнікі і іншыя авантуры грошы здаваць не буду. Ну і выхадны мне дырэктар дае, калі ў школе выступае які чыноўнік, каб я пытанняў нязручных не задаваў».
Сёння, нягледзячы на хваробу, Леанід і Вера маюць шмат планаў і спраў.
«Парадак хачу дома навесці, — кажа Вера, — толькі б сілаў хапіла. Хачу знайсці бюлетэнь з выбараў 1994 года, які забраў бацька Леаніда з выбарчага ўчастка «на памяць». Разабраць фотаздымкі. Але больш за ўсё мару пра тое, каб мець магчымасць выйсці ў двор. Я так люблю вясну. І аж плачу, калі падумаю, што раптам давядзецца глядзець на вясну з акна кватэры».
«Я ўжо шукаў у інтэрнэце, чым дапамагчы жонцы. Знайшоў электрапад’ёмнік. Дык за яго запрасілі 3500 даляраў. Дзе ж такія грошы ўзяць?! І куды звяртацца па дапамогу? Людзі, адкажыце!», — просіць Леанід. Калі маеце што сказаць яму, лістуйце на [email protected].
Наталля Тур, фота аўтаркі і з архіва герояў