Праект партала
Тонус
26.02.2019 / 15:56
Беларускі расказваюць пра самыя дзікія б'юці-эксперыменты 4

Часам, начытаўшыся модных часопісаў ці наслухаўшыся парадаў ад сяброў і знаёмых, на якія мы толькі эксперыменты не ішлі ў імя прыгажосці. Калі касметыка не была такой даступнай і разнастайнай, як сёння, у ход пускалі цяжкую артылерыю: крамлёўскія дыеты, маянэз на валасы ці сродак для мыцця посуду замест шампуню. 

Апыталі некалькі беларусак і яшчэ раз упэўніліся ў тым, што чалавечы мозг, канечне, багаты на выдумкі.

Аліна Нагорная, актывістка:

«Мая маці, прыхільніца здаровага ладу жыцця, матывавала мяне карыстацца натуральнымі сродкамі. Мяне фарбавалі хной і басмай, часам нават без колеру, проста дзеля таго, каб валасы былі лепшымі. Таксама мылі валасы рысавай вадой, рабілі натуральныя маскі. Дзесьці ў сярэдніх класах школы вельмі захацелася паспрабаваць на сабе меліраванне, гэты трэнд пачаў набіраць папулярнасць у Слуцку. І ў выніку, калі ў мяне была спроба першага меліравання, — замест светлых пасмаў атрымаліся крыху зялёныя. Мне было ў прынцыпе нармалёва, а вось адміністрацыі школы не спадабалася. Гэта была мая першая і апошняя спроба эксперыментаваць са знешнасцю».

Крысціна Дробыш, актрыса:

«У падлеткавым узросце мы былі адкрытыя да самых дзікіх эксперыментаў. Неяк пачулі, што, калі намазаць твар спермай, скура будзе мяккай. Я спрабавала — не ведаю, што там уплывае на працэс, але эфект быў нічога сабе.

Яшчэ згадваю дзіўныя парады. Мае татуіроўкі неяк раілі выводзіць малаком. Ну і класіка — гэта цыбулевыя маскі для валасоў. Эфект сумнеўны, але смярдзіш потым доўга дакладна.

Акцёрам часта трэба хутка схуднець, дык вось у нас ёсць спецыяльная дыета — зусім нічога не есці. Крайні варыянт: хочаш есць — еш яблык, не хочаш яго— значыць, не хочаш і сілкавацца.

У мяне самой звычайна дыета перад нейкімі прэм’ерамі адбываецца сама па сабе: я ад нерваў не хачу есці, магу трымацца на адной гарбаце ці каве. Пачуваю сябе на дзіва нармальна. Праўда, можа пачаць балець і круціцца галава».

Маргарыта Ляўчук, оперная спявачка:

«Я стараюся карыстацца праверанай касметыкай, не прыхільніца народнай медыцыны, таму нейкіх жудасных прыкладаў прывесці не магу.

Толькі гадоў з дзесяць таму сяброўкі параілі палепшыць колер валасоў з дапамогай лупін ад цыбулі. Паспрабавала, але колер так і не змяніўся».

Вікторыя Герасімава, фатографка:

«У гэта слаба верыцца, але я ні разу не фарбавала валасы ні фарбай, ні тонікам. З іншымі эксперыментамі па частцы прыгажосці амаль тое самае.

Але ў мяне пастаянна стаіць на ракавіне шклянка з аўсянкай — я мыюся ёй зранку. Яна чысціць твар (змывае ўсялякія такія штукі пасля сну, напрыклад скурнае сала), добра танізуе. Наколькі я ведаю, аўсянка карысная для скуры ў прынцыпе».

Алена Пруцік, вясельны рэгістратар:

«Самы жорсткі эфект маіх эксперыментаў быў ад маскі для твару з какавы. Абяцалася, што скура будзе роўнай, аднатоннай і далікатнай. Ці то я ператрымала яе, ці то ў мяне была алергія, хаця какаву я люблю і п’ю, але твар мой стаў аднатоннага аранжавага колеру. Зорка я была яшчэ тая. І хадзіла так дні тры.

А яшчэ ёсць гісторыя, якую, напэўна, перажывала кожная дзяўчына, якая марыла пра даўгія валасы. Маска з гарчыцы. Змешвалася яйка, цукар, мёд і гарчыца. Гэта цудоўнае месіва наносілася на карані валасоў, пасля надзявалася шапачка, укручвалася ў ручнік, і трэба было праседзець так гадзіну.

Я думала, у мяне згарыць скальп. Але выжыла. Гарчыца з цукрам дае суперэфект гарэння. Вы ведаеце, валасы і праўда сталі лепш расці, але я больш так рызыкаваць не буду».

Аляксандра Кульбіцкая, адна са стваральніц «Торба Шоу»:

«Калі б хто мне сказаў, што аднойчы я буду мыць галаву мукой і раіць гэта іншым — не паверыла б.

Я ніколі глыбока не цікавілася касметыкай, але калі займела zero waste-настроі і пазбавілася ад усіх лёгкіх крыніц пластыку, пачала шукаць, як бы і мыльныя сродкі набываць без упакоўкі. Крэм дагэтуль не наважваюся варыць ды і зубамі не хачу рызыкаваць, а самаробны шампунь вырашыла паспрабаваць. Пра рэцэпт даведалася ад Вольгі Дзюбан — яна прафесійны біёлаг, суперзнаўца батанікі-арганікі, аўтарка майстар-класаў і вебінараў — карацей, даверылася я адразу. Толькі наважылася паспрабаваць сама недзе праз паўгода (не верыла, як гэта мукой (!) можна мыць галаву). Рэцэпт шампуню: вадой заліць жменю аржаной мукі, размяшаць, нанесці на валасы. Усё. Можна забаўляцца з дадатковымі інгрэдыентамі, але я толькі дадаю да сумесі эфірны алей лімона (для прыемнага паху).

Наташа Поткіна, дызайнерка:

«Я вельмі асцярожна стаўлюся да рознага роду эксперыментаў над сабой. Але ў школьны час, вядома, спрабавалі з сяброўкамі розныя рэцэпты.

Напрыклад, разок маянэзам намазала галаву. Вычыталі з сяброўкай, што гэта для валасоў надзвычай карысна. Эфекту ж было мала, акрамя таго, што я потым доўга не магла вымыць гэты маянэз з валасоў.

А ўжо пазней я паспрабавала ў лазні скраб з кефіру і марской солі. Скура, канечне, была вельмі пяшчотная, нічога не скажу. Але кефір на скуры пах так, што мой муж цэлы дзень не мог да мяне блізка падысці. Цяпер жа карыстаюся толькі правераным рэцэптам скрабу — жмых кавы, марская соль і аліўкавы алей. Пасля гэтага скрабу ўсё цела далікатнае і водар прыемны. Можна нават наносіць яго на твар».

Кацярына Ажгірэй, журналістка:

«Недзе ў 2016-м годзе я вычытала ў інстаграме адной эка-б'юці блогеркі хатні рэцэпт эпіляцыі. Яна абяцала, што з гэтымі інгрэдыентамі працэс будзе не такі балючы, а валаскоў дакладна стане менш.

Рэцэпт і вынік былі вось такія.

Я ўзяла алюмініевую талерку і пачала разаграваць усю гэтую масу. Можа, я нешта зрабіла няправільна, але яна занадта моцна пачала кіпець і ў выніку стала падобная на нешта накшталт карамельных пеўняў.

Пах, канечне стаяў прыемны, але ў выніку я запэцкала ўсю кухню, не магла ададраць гэты цукар ад талеркі. І, як я і чакала, усё гэта складана наносілася на ногі. Пра тое, каб маса выдзірала валаскі (ці хаця б прыліпала да скуры) і гаворкі не ішло. Карацей, я проста змарнавала прадукты. У выніку пасмяялася з гэтай сітуацыі і ўпэўнілася, што стары добры станок вырашае».

Кацярына Карпіцкая, Наталля Тур

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура