(не)жаночая работа
«Пытаюцца: а ўдарыць можаце? Магу». Ахоўніца — пра працу ў гіпермаркеце і на канцэртах і зайздрасць мужчын
«Кажу дачцэ: я сёння на працу, а ты да бабулі. «Зноў на канцэрт?» — «Зноў». Раней яна думала, што я там пяю», — смяецца Юлія Кобелева. Гэта прыгожая бландзінка працуе ахоўніцай — сочыць за парадкам у будаўнічым гіпермаркеце і на канцэртах. Пра сваё спартыўнае мінулае, артыстаў з асабістымі сек'юрыці і мужчын, якія зайздросцяць, яна расказала «Нашай Ніне».
__________

Наш цыкл «(не)Жаночая работа» — пра беларусак, якія працуюць у нестандартных для жанчын прафесіях. Чаму? Яны раскажуць самі.

_________
«Мне тэлефанавалі з міністэрства: вяртайся, Юля»
Юлія 15 гадоў аддала вялікаму спорту — школьніцай сама запісалася ў канькабежцы.

«На фізкультуры ўсё здавала на пяцёркі: кіданне, скачкі. Мне настаўнікі казалі: трэба цябе кудысьці аддаваць. А бацькі нашы ў той час працавалі да 9 вечара і дзяцей амаль не бачылі. І тут трэнер хадзіў па класах, набіраў ахвотных бегаць на каньках. Казаў, што займацца побач, за два прыпынкі, трэніроўкі а 16.30. Я так прыкінула: у школу паспяваю, на трэніроўку таксама, і ўжо дома буду, пакуль бацькі прыйдуць. І ўсё, стала займацца. Мая мама, напэўна, толькі праз месяц даведалася, калі ўбачыла канькі пад ложкам», — усміхаецца Юлія.

Ужо праз год дзяўчына стала выйграваць усе гарадскія дыстанцыі, потым рвала рэспубліку і выступала за нацыянальную каманду. Яна ставіла рэкорды Беларусі і сама ж іх біла. Нават пасля таго, як Юлія сышла са спорту ў 2010-м, яе рэкорды трымаліся яшчэ тры ці чатыры гады.
Лядовых арэн у краіне тады яшчэ не было, таму трэніраваліся за мяжой: у Германіі, Польшчы, Канадзе.

«Як прыязджалі туды ў верасні — і на месяцы два. А потым пачыналіся кубкі свету. Практычна з верасня і да сакавіка дома не бывала. А ўлетку ўжо трэніроўкі ў Раўбічах. Адпачынак быў толькі ў красавіку», — успамінае гераіня.

Яна выступала на чэмпіянатах Еўропы і свету, на сусветных універсіядах. Але калі сабралася паступаць у фізкультурны ўніверсітэт, мама была супраць: хацела, каб дачка абрала Акадэміі МУС (Юлія калісьці сама разглядала варыянт пайсці ў міліцыю).

«Але тады пачаліся больш сур'ёзныя спаборніцтвы. Я не магла кінуць тое, да чаго так доўга рыхтавалася. Таму сказала: не, мама, я абіраю спорт».
Пасля заканчэння кар'еры дзяўчына не захацела пайсці ў трэнеры, хоць прапановы былі.

«Мне тэлефаналі з міністэрства: вяртайся, Юля. Нават давалі каманды гатовыя — толькі трэніруй. Былі патрэбныя маладыя трэнеры, а ўсе маладыя сыходзілі.
Чаму? Гэта балючая тэма ўсіх спартоўцаў, бо ты ў гэтым балоце варышся і бачыш несправядлівасць. Гэта не толькі ў маім відзе спорту — паўсюль.
Калі ты моцны спартовец, табе могуць зборы не даваць — а без падрыхтоўкі можна дрэнна выступіць на сезоне ўзімку. Я зразумела, што хадзіць лаяцца — а там толькі праз лаянку ўсяго дабіваешся — не хочацца. А дзяцей шкада, таму што яны не могуць прабіцца, бо іншыя не даюць.

Я толькі ў 2016 годзе з'явілася на катку, паглядзець чэмпіянаце Еўропы ў Мінску — настолькі мне не хочацца вяртацца. На свае спартыўныя канькі ўжо 10 гадоў не станавілася».
«Кажу, што майстар спорту, не ўдакладняю, па чым, — хай баяцца»
Работа ў ахове падвярнулася выпадкова. Юлія пабачыла аб'яву, што ахоўніка шукаюць у будаўнічы гіпермаркет. Падумала: чаму не? Дзяўчына яна рослая, дужая. Схадзіла на сумоўе, пачула стандартнае «вам ператэлефануюць». Не паспела даехаць дадому — званок: «Вяртайся, будзеш медкамісію праходзіць».
Родныя да новай прафесіі паставіліся спакойна, ніхто не адгаворваў.

Курсы самаабароны? Іх праходзіш хіба пры ўладкаванні ў асабістую ахову, кажа Юлія, у гіпермаркет — не.
«Хоць, бывае, на касавай лініі стаіш, падыдзе хто-небудзь: «А ўдарыць можаце?» — «Магу». Ці хтосьці пытаецца: «А які ў вас разрад?» А я адразу: «Майстар спорту».
Усё, пайшоў. А па чым майстар спорту, ён і не зразумеў — галоўнае, хай баіцца», — жартуе жанчына.

Час ад часу ёй з іншымі ахоўнікамі даводзіцца спыняць наведнікаў, якія спрабуюць вынесці тавары. Беспрацоўныя і алкаголікі крадуць электраінструмент, змешвальнікі для ванны і кухні, якія каштуць ад 100 рублёў і якія пасля можна перапрадаць за паўцаны. Будаўнікі бяруць па дробязі — напрыклад, свердлы.

«Мне не даводзілася прымяняць фізічнай сілы — проста гутарка. Супраціў не аказвалі: калі стаяць яшчэ тры ахоўнікі, куды ўжо тут.

Натуральна, ніхто не прызнаецца: я скраў. Кажуць: мы з сабой прынеслі, забыліся выкласці. Пачынаюць казкі расказваць, што грошай няма, мама хворая», — дзеліцца Юлія і дадае, што большасць здаецца, калі прапануеш перагледзець відэазапіс ці пагражаеш выклікаць міліцыю.
«Практычна ва ўсіх зорак, што збіраюць "Мінск-арэну", ёсць асабісты сек'юрыці»
Другая яе работа — сек'юрыці на канцэртах. Жынчына дзяжурыць практычна на ўсіх шоу, што праходзяць у «Мінск-арэне». Пасты розныя: службовы ўваход, віп, грымёрка.
«Вось нядаўна выступала Ала Барысаўна. Кіраўнік сказаў: рэжым «турма». Вельмі строга, бо і першыя асобы дзяржавы былі, і палкоўнікі. Кантынгент іншы. Гэта не тое, што Шнураў — там проста вынесуць разам з дзвярыма нас», — усміхаецца гераіня.

Ці шмат у каго з артыстаў ёсць асабістая ахова? Па словах Юліі, практычна ва ўсіх зорак, што збіраюць «Мінск-арэну», хоць адзін сек'юрыці будзе.

«У тых, хто выступае у Prime Hall, Палацы спорту, там, дзе 3-4 тысячы людзей, наўрад ці. Вось як быў Максім Галкін — прыехаў ён і дырэктар. Папрасіў чатыры чалавекі аховы».

У Юлінай практыцы экстрэмальных выпадкаў не было. Калі што, акрамя сек'юрыці, на канцэрце яшчэ дзяжурыць міліцыя.

«У грымёрку фанаты не ломяцца — да грымёркі яшчэ ёсць два пасты аховы», — заўважае жанчына.
Сама яна з задавальненнем заставалася пасля змены паслухаць Scorpions і «Ленінград».

На фірме, якая абслугоўвае канцэрты, сярод ахоўнікаў жанчыны толькі дзве. Юлія прызнаецца: некаторыя калегі-мужчыны ёй зайзросцяць.

«Не ўсім падабаецца, каб жанчына імі камандавала. Нават на асноўнай рабоце. Бачна, што пагаджаюцца, выконваюць, але сківіцы ходзяць: маўляў, будзе тут мной баба камандаваць. Яны маўчаць, але гэта заўважна. Ёсць людзі, старэйшыя за мяне, больш дасведчаныя, і хочуць на "віпе" папрацаваць — і тут ставяць мяне. Некаторыя нават не вітаюцца».
«Мне хочацца быць слабай, але не атрымліваецца»
«Спорт усё ж такі выхаваў ува мне шмат станоўчых якасцяў, — лічыць гераіня. — Як там дабівалася добрых вынікаў, так і па жыцці імкнуся быць лідарам. Я баявая, да канца буду змагацца, калі мне нешта будзе трэба. Я не баюся».

Юліна дачка — пяцігадовая Каця — па характары ў многім нагадвае маму.
«Я хоць і сышла са спорту, але для сябе трэніруюся. Дастаю гантэлі — дачка таксама пачынае займацца. Ёсць відэа, дзе ёй два з паловай гады, я трэніруюся, паварочваюся, а яна сядзіць побач з блінчыкам 2,5 кг і плача. Кажу: Кацюша, што здарылася? А яна: я не магу падняць. Мэтанакіраваная. Я яе не прымушаю быць падобнай да мяне ці таты. Яна гэта ўсё бачыць. Часам нават кажа: мама, я хачу быць такой жа моцнай, як ты. Нават у садку адзначаюць, што яна лідар, за ёй дзеці цягнуцца».

З прафесіяй маленькая Каця пакуль не вызначылася. Спачатку хацела быць мастачкай, пасля медсястрой ці ветэрынарам. А нядаўна заявіла, што будзе ахоўваць дарагія катэджы.
З Каціным татам Юлія ў разводзе, але засталіся ў добрых стасунках. У таго іншая сям'я. А яна новую яшчэ не пабудавала: звычка браць усё на сябе часам перашкаджае.

«Мне хочацца быць слабай, асабліва ў адносінах, бо ў жыцці я моцная. У спорце моцная, на працы таксама — калі ў цябе нешта здарылася, ты не павінна гэтага паказваць. І дзіця не павінна бачыць, як ты сядзіш соплі выціраеш, нічога не хочаш рабіць, у падушку плачаш. Жыву адна — рамонт на мне. Дачцэ на пяць гадоў зрабіла цалкам дзіцячы пакой, вось гэтымі жаночымі рукамі. Я разумею, што магу гэта зрабіць, — ютуб ёсць, недзе параюся на працы.
У адносінах спрабуеш быць слабай, але праходзіць час — і зноў ідзеш да лідарства. І не кожны мужчына гэта прымае».
Аўтар: Наталля Лубнеўская
Фота і відэа: Воля Афіцэрава