Праект партала
Гісторыі Іранскі шлях: яшчэ 40 гадоў таму жанчыны хадзілі ў міні-спадніцах, а цяпер не могуць выйсці з дома без хіджаба15
10.04.2019 / 11:35

У 1970-я Іран быў самай «заходняй» краінай Блізкага Усходу, сёння гэта тэакратыя, дзе жанчынам нельга выходзіць на вуліцу без хіджабаў, а за апазіцыйную дзейнасць могуць павесіць на пад'ёмным кране. Як так адбылося?

Тэгеран. 1970-я.

Заходні вектар развіцця Іран набыў яшчэ ў 1930-я. Афіцэр Рэза Пехлеві, скінуўшы з дапамогай англічан старога шаха, абвясціў сябе кіраўніком дзяржавы.

Ён меў амбітныя планы: заснаваць новую дынастыю і проста стаць багатым чалавекам. Сваім жыццёвым поспехам ён быў абавязаны замежнікам: яны стварылі войска па еўрапейскім узоры, у якім ён служыў, ім можна было выгадна прадаваць нафту. Аддаўшы нафтаздабычу — самае прыбытковае, што меў — у рукі англічанаў і амерыканцаў, шах спрабаваў прышчапіць краіне і іх культуру. Ён пераназваў Персію ў Іран, заснаваў у Тэгеране першы ўніверсітэт і дазволіў жанчынам у ім вучыцца. Пехлеві, нібы расійскі цар Пятро І, спрабаваў палкай еўрапеізаваць вялізную ўсходнюю краіну. У прыватнасці, забараняў традыцыйную адзежу, у тым ліку хіджаб.

У пачатку 1940-х гэты «салдацкі імператар» заблытаўся ў вялікай палітыцы. Западозрыўшы яго ў сімпатыях да Гітлера, Вялікабрытанія і СССР увялі ў Іран войскі. (У складзе кантынгенту, дарэчы, быў і беларускі паэт Пімен Панчанка.) Шаха змусілі адрачыся ад улады на карысць сына.

Новы шах Махамед Пехлеві працягнуў праграму: даў жанчынам выбарчае права, прыняў законы пра абарону сям’і, якія баранілі жонак ад самаўпраўства мужа. Век уступлення ў шлюб таксама павялічылі з 13 да 18 год.

Прэзідэнт ЗША Кенэдзі раіў шаху рэфармаваць краіну, каб пазбегнуць лёсу кубінскага дыктатара Батысты.

Шахі пераймалі толькі знешняе падабенства заходняй культуры, не кранаючы яе сутнасці. Іх вестэрнізатарскія патугі спалучаліся з дэспатызмам, вынішчэннем іншадумства і дзікай карупцыяй у органах улады.

Але «карцінку» яны здолелі стварыць прыгожую.

1977-ы. Сцэнка на вуліцы іранскага горада.

На яскравых фота 1970-х шахскі Тэгеран выглядае як заходняя сталіца.

Удзельніцы конкурсу прыгажосці Міс Іран-1978 катаюцца на катамаранах.

Студэнты Тэгеранскага ўніверсітэта.

Чыстыя вуліцы, разняволеная моладзь, студэнткі ў міні-спадніцах, модныя часопісы, маса аўтамабіляў.

Іранская Ала Пугачова: спявачка і кінаактрыса Гугуш. Пасля Ісламскай рэвалюцыі, страціўшы магчымасць здымацца, пераехала ў ЗША.

Іранская моладзь танчыць рок-н-рол.

Асабліва культура спажывання расквітнела, калі Іран абсыпаў залаты дождж нафтавых грошай.

У 1973, пасля араба-ізраільскага канфлікту, цэны на нафту выраслі ў чатыры разы. Штогадовы прыбытак Ірана ад яе здабычы склаў 20 мільярдаў на год. І шах быў аднаасобным распарадчыкам бюджэту. Гэта адабрала ў яго магчымасць рацыянальна мысліць.

Ён дэклараваў, што за дзесяць год Іран выйдзе ў пяцёрку наймацнейшых эканомік свету. А войска стане трэцім у свеце па магутнасці.

Рэформы Пехлеві, названыя «Белай рэвалюцыяй», былі хаатычныя, часта паказныя. Кур'ёзны выпадак апісаў у кнізе «Шахіншах» Рышард Капусцінскі:

шах замовіў найноўшае абсталяванне, узбраенне, тавары. Але калі караблі з ім прыплылі ў Персідскую затоку, аказалася, што Іран не мае портаў для іх разгрузкі. А таксама — складоў, грузавікоў, шафёраў, каб кіраваць грузавікамі, інжынераў, тэхнікаў, менеджараў…

У пустыні стаялі сотні найноўшых вайсковых верталётаў — іх заносіла пяском, на дарогах — караваны грузавікоў, пакінутых кіроўцамі. Шах тысячамі запрашаў замежных спецыялістаў, каб хоць неяк абслугоўваць купленую тэхніку — іранцы яшчэ больш узненавідзелі яго за гэта.

Пахлеві правёў і аграрную рэформу, але яна не вырашыла праблемы беднасці іранскай вёскі. Ён шчодра раздаваў землі, адабраныя яго бацькам у законных гаспадароў. Вяскоўцы ж уцякалі ў вялікія гарады, шукаючы заробку.

Караван вярблюдаў, як у часы прарока Мухамеда, сярод «еўрапейскага» Тэгерана.

Каласальны разрыў ва ўзроўні жыцця і свядомасці паміж сталіцай і вёскай стаў прычынай краху. Вёска жыла ў Сярэднявеччы, а горад цалкам па-еўрапейску.

Асобнай праблемай была карупцыя. У вёсцы людзі збіралі кізякі, каб паліць у печы, а набліжаныя да шаха персоны лёталі штодня абедаць у Мюнхен ці замаўлялі сабе абеды з дастаўкай у найлепшых парыжскіх рэстаранах.

Лютавала сакрэтная служба: схапіць і катаваць маглі за словы пра нудоту і пахмурнае надвор’е, сказаныя на вуліцы.

Шах надакучыў усім. Ён здолеў аб’яднаць супраць сябе і рэлігійных фундаменталістаў, і інтэлігенцыю, і левых актывістаў. Іскрой, якая выклікала выбух, стала газетная публікацыя. У стылі Мукавозчыка ў ёй пісалася пра апазіцыянера, аяталу Хамейні.

Гэты прапаведнік і непрымірымы крытык шаха быў выгнаны з краіны. Для вернікаў Хамейні быў адным з найбольшых маральных аўтарытэтаў. Запісы яго прамоваў на актуальныя тэмы людзі таемна перавозілі праз мяжу на касетах, перапісвалі і слухалі. Рэфрэнам у іх гучалі словы пра тое, што шах павінен сысці.

У той публікацыі Хамейні называлі чужынцам, бо яго дзед прыехаў з Індыі. Для іранцаў «чужынец» — вялікая знявага. Таксама яго называлі ў публікацыі вар’ятам. У Куме, родным горадзе Хамейні, сабралася стыхійная дэманстрацыя, паліцыя пачала страляць, былі забітыя. Але назаўтра дэманстрацыі аднавіліся з новай сілай. Пачаліся забастоўкі на прадпрыемствах — баставалі нават міністэрствы і нафтаперапрацоўчая галіна.

Парадаксальна, што ў часы змагання з вестэрнізаванай дыктатурай шаха Пехлеві хіджаб успрымаўся як сімвал пратэсту і вяртання да каранёў: такая сабе мусульманская «вышыванка». Жанчыны ў хіджабах узначальвалі дэманстрацыі пратэсту ў часе Ісламскай рэвалюцыі.

Прадстаўнікі Хамейні ў Парыжы сустракаліся з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША. Яны запэўнівалі амерыканцаў, што новы Іран пасля звяржэння шаха не будзе праводзіць антыамерыканскай палітыкі. І ўвогуле, што імамы не прэтэндуюць на ўладу, галоўнае — пазбыцца шаха. Магчыма, гэта таксама сыграла сваю ролю, калі пратэсты разгарэліся: шах папрасіў у ЗША вайсковай дапамогі і не атрымаў яе.

Пехлеві лавіраваў паміж сваімі сілавікамі і абураным народам. Урэшце ён быў змушаны ўцякаць з краіны, прызначыўшы прэм’ер-мністра.

Шах з жонкай пакідаюць Іран.

Той запрасіў вярнуцца Хамейні, прапанаваўшы яму разам стварыць урад нацыянальнага адзінства. Але Хамейні, вярнуўшыся, прызначыў свайго прэм’ера.

Улада шаха рухнула. Але настаўнікі, дактары, інтэлігенты, якія змагаліся ў партызанскіх атрадах і пакутавалі ў засценках спецслужбы САВАК, не прыйшлі да ўлады. Яе ўзялі тыя, хто прапанаваў простую і зразумелую большасці традыцыяналісцкую ідэю.

Фундаменталісты здолелі адціснуць і лібералаў, і левых. 1 красавіка 1979 была абвешчаная Ісламская рэспубліка Іран з канстытуцыяй, згодна якой найвышэйшая ўлада ў краіне належыць святарству, а прэзідэнт і ўрад вырашаюць бягучыя пытанні.

У адрозненні ад шахаў, Хамейні не нажываўся. Ён кіраваў краінай з горада Кум, дзе ён жыў у доме дачкі. Звяртаўся з балкона гэтага дома да натоўпа прыхільнікаў. Прымаў афіцыйныя дэлегацыі ў пакоі без мэблі, дзе была толькі коўдра і стос кніжак. На той коўдры і спаў.

Вяртанне да шарыяту спалучалася з шалёнай антызаходняй прапагандай. Хамейні праклінаў Амерыку і Ізраіль, называючы іх крыніцай усіх бедаў Ірана. Наяўнасцю знешняга ворага, які ўвесь час пляце змовы, можна было патлумачыць людзям, чаму жыццё не робіцца лепшым.

Быў у новай іранскай Канстытуцыі і артыкул 21: «Урад абавязаны з улікам ісламскіх нормаў гарантаваць датрыманне правоў жанчын ва ўсіх сферах».

1979 год, Тэгеран. Дэманстрацыя пратэсту жанчын супраць увядзення хіджабаў.

«Ісламскія нормы», напрыклад, адчула на сабе Нобелеўская лаўрэатка Шырын Эбадзі. На момант Ісламскай рэвалюцыі яна была суддзёй, але пасля яе перавялі ў сакратары, бо «жанчына не можа выносіць рашэнні, абавязковыя для выканання мужчынамі».

А Фарухру Парса, першая жанчына-міністр у гісторыі Ірана, была паказальна расстраляная. «Я не буду каяцца за паўстагоддзя маёй барацьбы за роўнасць мужчын і жанчын. Я не гатовая насіць чадру і зрабіць крок назад у гісторыі», — напісала яна ў развітальным лісце.

Аятала адмяніў і шахскія законы аб абароне сям’і, аддаўшы жанчын у рукі мужоў. Таксама ён зноў дазволіў браць замуж непаўналетніх.

Жанчыны ладзілі дэманстрацыі пратэсту. Іх разганяла «паліцыя нораваў» і натоўпы раз’юшаных кансерватараў з палкамі.

Пасля Ісламскай рэвалюцыі з Ірана ўцякло больш як два мільёны чалавек.

Праўладная дэманстрацыя на юбілей Ісламскай рэвалюцыі.

Нельга сказаць, што за сорак гадоў, якія мінулі ад часу Ісламскай рэвалюцыі, Іран закансерваваўся.

Грамадства спрабуе пашыраць тэрыторыю свабоды. Апошнія маштабныя выступленні ў Іране пры канцы 2017 года мелі тыя ж прычыны, што і пратэсты 1979-га: эканамічнае становішча, карупцыя ў органах улады. Дадалася толькі незадаволенасць уладай ісламскага святарства.

Іран, які мае трэція па велічыні ў свеце запасы вуглевадародаў, жыве небагата. Ён пастаянна знаходзіцца пад санкцыямі ЗША з-за распрацоўкі ўласнай ядзернай і ракетнай праграмы.

Іранскія змагаркі за правы жанчын падчас вулічных пратэстаў.

На побытавым узроўні, адзначаюць назіральнікі, Іран намнога вальнейшы, чым падаецца.

Жанчыны робяць свае хіджабы «моднымі», на закрытых вечарынках моладзь, даўшы хабар паліцыі, курыць і ўжывае алкаголь. Кантрабандай з-за мяжы прыходзіць модная музыка (інтэрнэт у Іране моцна абмежаваны). «У Іране можна рабіць усё, пакуль не зловяць» — так часам каментуюць сітуацыю самі іранцы.

Як змянялася жаночая мода Ірана за стагоддзе.

Што хаваецца пад хіджабамі: салон прыгажосці, куды мужчынам забаронены ўваход.

Падпольная вечарынка ў тэгеранскай кватэры.

Сяргей Мікулевіч

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні