Праект партала
Гісторыі «Мэта жонкі — задаволіць мужа, у гэтым яе служэнне Богу». Беларуска прыняла іслам і знайшла мужа на сайце знаёмстваў59
15.05.2020 / 11:00

«Сябры думалі, гэта новы эксперымент. Жартавалі, што буду чацвёртай жонкай», — расказвае Фарыда Глінская пра крок, які змяніў яе жыццё. Тры гады таму дзяўчына прыняла іслам. Адмовілася ад алкаголю, рассталася з хлопцам і прывыкае да хіджабу. Нечакана для бунтаркі, якая любіла кароткія сукенкі і набіла тату ў 13 гадоў.

Дзяўчына расказала пра рэлігійны летнік пад Лагойскам, пошукі мужа на сайце знаёмстваў, малітвы ў чатыры раніцы і месца жанчыны ў мусульманскай сям’і.

«Просьбы выдаліць з усіх сацсетак фота ў купальніках я ўспрымала ў штыкі»

Бацька Фарыды — араб з Емена, маці — беларуска. Яны жылі асобна. Паколькі дзяўчына расла тут, яе выхоўвалі практычна як у любой беларускай сям’і.

«Канечне, мы адзначалі Раство, Вялікдзень, ставілі свечкі за спачын. Усё стандартна, не ўнікаючы ў падрабязнасці. Але я падтрымлівала сувязь з бацькам, і гэта быў зусім іншы сцэнар. Я звычайна праводзіла ў яго летнія канікулы, і размовы пра Бога ў нас былі на першым месцы. Я ў 6 год ужо ведала, хто такія анёлы, джыны, бачыла, як мой бацька робіць намаз, стоячы ў цягніку», — успамінае яна. 

У 9 год дзяўчыну адправілі ў мусульманскі лагер пад Лагойскам. Там падлеткаў вучылі рэлігіі, у канцы яны здавалі іспыт. Хлопчыкі і дзяўчынкі жылі асобна, перасякаліся толькі ў прысутнасці старэйшых — на малітве, падчас абеду, на валейболе.

«Самае забаўнае, што па суседстве быў звычайны лагер. Мы ідзём адна за адной на малітву і чуем за агароджай якую-небудзь Верку Сярдзючку, бо там дыскатэка. І мне ў той момант хацелася быць на той дыскатэцы, а не задаваць сабе пытанне: «Чаму мы такія няўдачнікі?» — смяецца Фарыда.

— Цяпер я ўдзячна за гэты вопыт. Лічу, ён асеў ува мне, нейкі імпрынт дзіцячы быў і потым праз гады праявіўся».

Падлеткам жа Фарыда была бунтаркай нават па мерках беларускага грамадства. Чаравікі на платформе, міні-спадніцы, вульгарны макіяж, прагулы ў школе. У 13 год яна зрабіла тату — была з мамай на моры ў Балгарыі і не змагла прайсці міма лаўкі з татуіроўшчыкам, падобным да кіношнага капітана Джэка Вераб’я.

«Для бацькі гэта быў шок-кантэнт. У ісламе тату забаронены, паколькі змяненне тварэння Алаха — гэта грэх. Спробы бацькі надзець на мяне хіджаб, засцерагчы, калі ён даведаўся, што я сябрую з хлопцамі, просьбы выдаліць з усіх сацсетак фота ў купальніках я ўспрымала ў штыкі, бо такі быў ўзрост. Здавалася, гэта перашкаджае свабодзе самавыяўлення», — расказвае дзяўчына.

Пры гэтым яна заўсёды была верніцай. Адказы на пытанні, навошта мы тут і куды ідзём, Фарыда шукала і ў Евангеллі, і ў Каране.

«Для мяне тады ўсе рэлігіі былі пра аднаго Бога. Перад іспытамі ва ўніверсітэце я шаптала і «Ойча наш», і мантры. Але самай моцнай малітвай чамусьці для мяне была мусульманская «Фаціха». Ты абавязкова мусіў шліфануцца «Фаціхай», бо яна дакладна ўберажэ (усміхаецца).

Першапачаткова мне не здавалася, што я маю патрэбу ў канкрэтнай рэлігіі. Але ў нейкі момант ува мне прачнулася цяга да выражэння веры, пакланення, і трэба было вызначыцца.

За гады два да прыняцця ісламу я пачала сябе адчуваць некамфортна ў гэтым стане, я не магла быць і на тым, і на тым баку адначасова. Пасля падумала: як я магу называць сябе хрысціянкай, калі не веру, што Ісус — сын Божы? Я і не называла сябе так, мяне проста ахрысцілі ў сем гадоў. Калі я хадзіла ў царкву, то з той прычыны, што не было мячэці ў маім раёне».

Дзяўчына расказвае, што ў ісламе няма адмысловага рытуалу пасвячэння. Не абавязкова ісці да імама і ў прысутнасці двух сведак казаць шахаду (прызнанне таго, што няма Бога апроч Алаха і Мухамед яго прарок). Гэта можна зрабіць пры любым мусульманіне — Фарыда выказала сваю веру перад бацькам.

«Ёсць сертыфікат аб тым, што ты мусульманін — ён можа спатрэбіцца ў бюракратычных справах, напрыклад, заключэнне шлюбу. У многіх краінах ты проста заходзіш у мячэць, пры сведках кажаш шахаду і табе выдаюць сертыфікат. У Беларусі ж для гэтага ты павінен прайсці трохмесячны курс па асновах ісламу», — заўважае яна.

«На працы адразу аб’явіла, што бранірую перамоўную пад сваю малітву»

Свой лад жыцця Фарыда змяняла паступова. Каля трох гадоў таму яна адмовілася ад алкаголю. Любімыя цукеркі «вішня ў лікёры» і рызота (па правілах у яго дадаецца віно) таксама трапілі пад забарону.

«Было, мякка кажучы, складана. Бо з алкаголем у нас былі даўнія цудоўныя адносіны. Перастаць піць азначала ў нейкай ступені здрадзіць сабе, сваім успамінам пра тыя вясёлыя глупствы, без якіх жыццё здаецца прэсным.

Складаней за ўсё было першыя тры тыдні. Калі арганізм не разумеў, чаму яму не даюць прывычную дозу радасці па выходных. Накрывала хвалямі апатыі. Затым стала лягчэй. Калі асабліва накрывала, брала безалкагольнае піва, каштавала безалкагольнае віно (кампот з трайной нацэнкай, не купляйце). Сябры спачатку скардзіліся, што рана сыходжу дадому з сустрэч, потым прывыклі. 

І я прывыкла. Быццам знаёмлюся з сабой нанова. Не буду сцвярджаць, што цяпер я ўзор самавалодання, але тое, што стала больш ураўнаважанай — гэта дакладна».

Пасля прыняцця ісламу Фарыда працягвала сустракацца з хлопцам, не мусульманінам. Але потым прыйшлося парваць з ім.

«У хрысціянстве пралюбадзействам лічыцца здрада ў шлюбе, а ў ісламе — цесныя адносіны паміж не мужам і жонкай. І да мяне пачала даходзіць думка, што мая рэлігійная практыка няпоўная, бо гэта вельмі цяжкі грэх. І я вырашыла расстацца з хлопцам. Я як ад сэрца яго адрывала, рыдала, але разумела, што ў нас няма будучыні, бо мусульманка не можа выйсці замуж за не мусульманіна».

Было нязвыкла маліцца па пяць разоў на дзень. Асабліва ўлетку, калі першая малітва прыпадае на трэцюю-чацвёртую гадзіну раніцы.

«Напачатку мне было няёмка рабіць на працы намаз і я яго змяшчала. Памятаю, ціхарылася, знаходзіла ключы ад нейкіх падсобак, збягала. А на іншай працы адразу аб’явіла, што бранірую перамоўную пад сваю малітву. І ўсім офісам называлі яе малебеннай». 

Фарыда кажа, што цела да намазу дагэтуль не прывыкла — здзёртыя калені не зажываюць.

Зараз дзяўчына трымаецца Рамадану. Для яе гэта трэці пост за жыццё.

«Ад досвітку да захаду сонца нельга піць, есці, займацца сэксам, брыдкасловіць, думаць ці ўчыняць дрэннае. Гэта не значыць, што ў прамежку паміж ранішняй малітвай і вячэрняй (цяпер гэта паміж 4.30 і 20.30) ты нажыраешся, як свін, і шалееш. У ідэале ты ясі рана-рана звычайны сняданак з вялікай колькасцю клятчаткі, таго, што будзе доўга пераварвацца і даваць сіл, і вечарам умерана, у асноўным гародніну і крупы, паменш мяса. І шмат-шмат п’еш — ваду і травяную гарбату.

А далей пост. Чысціць зубы можна, паласкаць рот можна, каштаваць ежу, калі гатуеш, таксама, галоўнае — не глытаць. Прымаць лекі нельга.

Самым цяжкім для мяне стала цесная камунікацыя. Праз абязводжванне з рота ідзе непрыемны пах, ты саромеешся і не адчуваеш сябе камфортна пры стасунках. Паласканне дапамагае толькі на пяць хвілін».

Каб у гэты перыяд мець энергію на працу і спорт, важна рухацца, кажа дзяўчына. Тады арганізм узмоцнена ўбірае кісларод, выводзіць шлакі і дае сілы.

«Мне падабаецца светаадчуванне і настрой падчас Рамадану. Я раю прайсці яго ці нешта падобнае кожнаму ў незалежнасці ад веравызнання, бо гэта як псіхатэрапія. Ты падчас посту настолькі чулым становішся да самога сябе, сваіх сапраўдных жаданняў, крыўдаў. Нейкае усёпрыняцце, пачынаеш дараваць усім, моцна ачышчаешся ў эмацыйным плане».

Фарыда таксама перагледзела гардэроб. На змену адкрытым топікам і міні-спадніцам прыйшлі максі-сукенкі і кардыганы.

«Стараюся не надзяваць мяшкі на сябе, але адзенне адназначна стала больш сціплае. Гэта не значыць, што нашу толькі чорны колер. Наадварот вітаецца, калі ты робіш гардэроб разнастайным, каб быць прыемным воку іншых людзей.

З часам ты вучышся, як стыль можна спалучаць з дрэс-кодам па шарыяту. У той жа Турцыі шмат класнага адзення для мусульманак, якое не выглядае як балахоны».

Хіджаб Фарыда дагэтуль не насіла, вырашыла пачаць падчас посту. Спадзяецца прывыкнуць. Добра памятае, як у 11 гадоў няёмка сябе адчувала, калі тата перад шпацырам па Мінску прымусіў яе надзець хустку — усе вакол глядзелі на яе, лiтаральна паказвалі пальцам. Цяпер ужо такі дрэс-код нікога не здзіўляе.

«На гэты момант я не адчуваю сябе ў хустцы цалкам арганічна, можа, таму, што не ўмею яе прыгожа павязваць. Гляджу відэаўрокі, вучуся, як круціць гэтыя цюрбаны. Часам здаецца, што задыхаешся, хустка спаўзае, выглядаеш дзіўна, але з кожным днём усё лягчэй», — дзеліцца Фарыда.

Пры гэтым яна лічыць, што іслам — не пра забароны і фанатызм.

«Забароны нішто ў параўнанні з тым, што дазволена. Гэта па-першае. А па-другое, яны як карты, правілы дарожнага руху, інструкцыя. Гэтыя забароны як падушкі бяспекі — навошта табе пладзіць непрыемнасці у гэтым i iншым жыццi?»

«Не для таго народжана жанчына, каб быць ламавой кабылай»

Наколькі жанчыны ў ісламе свабодныя?

«Атрыманне адукацыі, прафесійная рэалізацыя заахвочваюцца, — кажа Фарыда. — Галоўнае, каб гэта было не ў шкоду сям’і. Калі жанчына добра зарабляе, але пры гэтым яны харчуюцца паўфабрыкатамі з кулінарыі, а дзеці прадастаўлены самі сабе — які сэнс?

Іслам абавязвае мужчыну ўтрымліваць сям’ю. Так, жанчына можа працаваць, яе грошы — гэта яе. Яна можа раздзяліць расходы з мужам, але не абавязана.

Праз тое, што мужчына нясе большую адказнасць, ён галоўны. Жанчына не можа паехаць з сяброўкамі кудысьці з начоўкай без яго дазволу. Але мне здаецца, гэта нармальна — яна яго жонка, ён хвалюецца. Гэта не значыць, што жанчына не свабодна ці ніжэйшага гатунку.

Жанчына ў адным з хадзісаў (паданняў) параўноўваецца з крыштальнай шкатулкай, да якой трэба вельмі беражліва ставіцца».

У сям’і бацькі Фарыды большасць жанчын працуюць, хоць у іх па 4-5 дзяцей. Гэта дактары, адвакаты, выкладчыкі. Зразумела, яны занятыя не поўны дзень.

«Мусульманкі шкадуюць нашых жанчын. Бо яны ўсё на сабе цягнуць: і працу, і дзяцей, і дом. Яны як вол, які трымае ўсю сям’ю. Праз гэта вельмі спусташаецца фізічная і псіхічная энергія. Не для таго народжана жанчына, як мне здаецца, каб быць ламавой кабылай.

Мусульманскія жанчыны працуюць, але не да такой ступені. Шчыраваць па 12 гадзін і яшчэ піражкі дома пячы — гэта ж нерэальна. Чымсьці даводзіцца ахвяраваць».

Сама дзяўчына спадзяецца сумяшчаць мацярынства і кар’еру.

«Гарманічнай мадэллю будуць суадносіны 80 на 20 ці 70 на 30, а ў мужчыны наадварот. Большую частку энергіі жанчына ўсё ж накіроўвае на сям’ю, дзяцей, якія ўсё ўбіраюць, як губка, таму трэба сачыць за імі. Але каб не ашалець у гэтым вакууме бясконцага мыцця-прасавання, каб абстрагавацца, прымяніць свае таленты на карысць іншым і быць прыкладам для сваіх жа дзяцей, ёсць праца. У гэтым я і бачу гармонію. Ты сілкуешся ад сям’і, каб дасягнуць поспеху ў соцыуме, і наадварот.

Мэта жонкі — задаволіць мужа, у гэтым яе служэнне Богу. Калі муж задаволены тым, што ты шмат працуеш і прыносіш грошай больш, чым ён — ну добра, ёсць і такія».

«Можаш хадзіць на спатканні, але дотыкі і пацалункі не дапускаюцца»

Фарыда хутка выходзіць замуж. Яе жаніх — з Алжыру. Пасля вяселля сям’я плануе жыць у Катары (там працуе абраннік).

Дзяўчына расказвае, як у мусульман звычайна падбіраюць пару.

«Калі ты даеш сігнал у мячэці ці сярод сваякоў, што хочаш ажаніцца, яны збіраюць твае крытэрыі і згодна з імі пачынаюць прапаноўваць варыянты. І хлопец ходзіць у дом дзяўчыны, да адной, да другой, прыглядаецца.

Можаш i сама хадзіць на спатканні, галоўнае — не заставацца сам-насам. Калі гэта люднае месца, вы за кубачкам кавы — добра. Абавязкова трэба сустракацца ў прысутнасці трэцяй асобы, не дапускаюцца дотыкі, пацалункі, нельга трымацца за рукі — бо, зразумела, рана ці позна гэта вядзе да пралюбадзейства. Але ніхто не мае права выдаць дзяўчыну замуж без яе згоды.

Мне бацька прапаноўваў некалькі варыянтаў. Нават быць другой жонкай для мужчыны, які быў старэйшым за мяне год на 15. Я разгубілася: тата, я ж ні разу не была замужам, я ж маладая, я ж быццам не страшная», — смяецца Фарыда.

Будучага мужа яна сустрэла на мусульманскім сайце знаёмстваў. Раней думала, што такі спосаб не для яе: трэба ж пачуць голас чалавека, убачыць яго ўжывую, адчуць энергію. Але калі пераехала з Мінска ў родны Наваполацк, зразумела, што іншых варыянтаў у маленькім горадзе няма.

«Прыйшлося два гады шукаць, але не траціла веры ў міласэрнасць Бога. Я на гэтых сайтах многае даведалася. Абсалютна розныя ёсць мусульмане. Некаторыя свецкія, некаторыя не. Хтосьці так і піша: хачу другую жонку. Ёсць тыя, каму за 30, а яны ні разу не былі ў інтымных стасунках з жанчынамі і шукаюць нявінніцу».

У бацькі Фарыды дзве жонкі, але ў яго братоў і сясцёр звычайныя шлюбы. Сама дзяўчына не лічыць мнагажэнства нормай, хоць у нечым яго апраўдвае.

«Ёсць сур’ёзныя прычыны, напрыклад, бясплоднасць жонкі. А мужчыну важна працягнуць род. Яна не можа нарадзіць, але ён яе кахае, не хоча кідаць. Тады ён бярэ другую жонку, для таго каб яна падарыла яму спадчыннікаў. Канечне, калі першая жонка прымае такую сітуацыю.

Зразумела, ніхто не хоча дзяліць ні матэрыяльныя рэсурсы (бо адразу палова грошай будзе ісці ў іншую сям’ю), ні эмацыйныя. Я не веру, што мужчына можа аднолькава кахаць. Нават у Каране сказана, што цяжка ставіцца да некалькі жанчын аднолькава, таму, каб пазбегнуць несправядлівасці, лепей браць адну».

Благаславення на шлюб ад бацькі Фарыда чакала два месяцы. Той наводзіў даведкі пра будучага зяця — з якой ён сям’і, што з рэпутацыяй, як адгукаюцца калегі.

«Ты павінен выхоўваць у сабе сціпласць, але не мусіш задавіць сваё нутро»

Мама з выбарам дачкі змірылася, хоць спачатку ставілася скептычна.

«У сям’і думалі, што гэта мая чарговая эксцэнтрычная выхадка і што рана ці позна ўсё скончыцца. Потым, бачачы, што я паглыбляюся ў рэлігію, пачалі апасацца. Казалі, што я сабе шкоджу. Бабуля дагэтуль не разумее Рамадану і ранішняга пад’ёму на малітву. Яна пытаецца: «Можа, ты няправільна іх зразумела? Для цябе, як напалову мусульманкі, павінны быць паслабленні».

Многія пыталіся: а як ты знойдзеш мужа? Хваляваліся, што я не змагу сваё жыццё пабудаваць і выйсці замуж праз тое, што сама сабе напрыдумвала.

Цяпер ужо крыху расслабіліся.

Я ў родных пыталася: якім чынам рэлігія негатыўна адбілася на маім жыцці, прывядзіце прыклады?»

Фарыда кажа, што пра іслам хапае стэрэатыпаў. 

«Адны з якасцяў, якія ты павінен выхоўваць у сабе — пакорлівасць, сціпласць, але гэта не значыць, што ты мусіш задавіць сваё нутро. Ёсць жа людзі экспрэсіўныя. Я, напрыклад, вельмі люблю жартаваць, таварыскі чалавек. 

Не згодна з тым, што мы ўсе тэрарысты і фанатыкі. Усё дрэнная аб ісламе, што я ведаю, гэта або сапраўды радыкалы, або той імідж, які палітычна выгадны іншым краінам. Іслам — мірная рэлігія, нават як людзі вітаюцца адно з адным: «Салям Алейкум» — «міру табе». Тут пра сямейныя каштоўнасці, павагу да старэйшых, фундаментальна важныя рэчы — пра тое, каб выхоўваць найлепшае ў чалавеку».

Наталля Лубнеўская, фота з архіву гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні