Праект партала
Гісторыі
31.07.2021 / 12:50
«Я з жанчынамі не ваюю». У Беларусі больш за 80 жанчын-палітвязняў

Аляксандр Лукашэнка ўчора расказаў сваю версію падзей аб ад'ездзе Святланы Ціханоўскай у Літву ў жніўні 2020 года. Лукашэнка некалькі разоў заявіў, што з жанчынамі не ваюе — і некалькі разоў выкарыстаў у дачыненні да Ціханоўскай абразлівыя словы. На сёння ў Беларусі больш за 80 палітвязняў жанчын.

Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова. Фота Надзеі Бужан

Сярод іх Марыя Калеснікава, Марына Золатава, Вольга Залатар, Юлія Слуцкая, Валерыя Касцюгова, Соф'я Малашэвіч, Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова, а таксама дзясяткі іншых жанчын, затрыманых па палітычных матывах.

Марыя Калеснікава

Марыя была выкрадзеная 7 верасня ў Мінску і разам з яшчэ дзвюма сябрамі Каардынацыйнай рады, Антонам Радненковым і Іванам Краўцовым, гвалтоўна прывезеная на беларуска-ўкраінскую мяжу для выдварэння з краіны. Аднак парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава перашкодзіла рэалізаціі спецаперацыі сілавікоў.

9 верасня стала вядома, што жанчына затрыманая і падазраецца ў крымінальным злачынстве па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

12 верасня стала вядома, што Марыю Калеснікаву перевялі ў СІЗА г. Жодзіна.

21 снежня стала вядома, што па паручэнні Генпракуратуры Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (частка 1 артыкула 357 КК) супраць членаў Каардынацыйнага савета. Таксама Марыя Калеснікава стала фігуранткай крымінальнай справы аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361-1 КК), таксама ўзбуджанай супраць Каардынацыйнай рады.

Ноччу 8 студзеня Марыю перавялі ў СІЗА-1 у Мінск.

11 лютага стала вядома, што Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай выставілі новыя абвінавачванні: змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК), стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Марына Золатава

На Tut.by Марына Золатава прыйшла ў 2004 годзе, а неўзабаве стала яго галоўнай рэдактаркай. Золатава любіць балканскую культуру, ведае балгарскую мову. Вольны час Золатава прысвячае праслухоўванню балканскай музыкі.

Марына была затрыманая 18 траўня ў рамках крымінальнай справы, распачатай супраць TUT.BY за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).

Вольга Залатар

29 сакавіка Вользе выставілі абвінавачванне — «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем» (артыкул 361-1 КК).

31 сакавіка суд Партызанскага раёна адхіліў скаргу адваката Вольгі на пастанову аб ужыванні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. 

7 ліпеня — у дзень народзінаў — Вольгу Залатар перавялі на два тыдні ў РНПЦ псіхічнага здароўя для правядзення псіхіятрычнай экспертызы.

Юлія Слуцкая

Юлія была затрымана ранкам 22 снежня ў аэрапорце па вяртанні ў Беларусь фінансавай міліцый. Адтуль яе павезлі на агляд кватэры. Былі выняты тэлефон, ноўтбук і карткі. Пасля яе адвезлі на допыт у ДФР.

Слуцкую змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна, а затым перавялі ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага, дзе яна цяпер і знаходзіцца.

31 снежня стала вядома, што Юліі Слуцкай выставілі абвінавачванне па ч. 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.

Валерыя Касцюгова

Валерыя Барысаўна Касцюгава — палітолаг, аналітык, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне», рэдактарка і аўтар «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе».

Валерыя была затрымана 30 чэрвеня 2021 года пасля вобшуку ў сваім доме. Вобшук праводзілі супрацоўнікі КДБ. Яе памясцілі з ізалятар часовага ўтрымання, адтуль перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага. 

Соф'я Малашэвіч

Сафія Малашэвіч у першы раз была затрымана 6 верасня на акцыі пратэсту «Марш адзінства», падчас якой яна балончыкам з фарбай малявала на паверхні шчытоў спецыяльных сродкаў загароджы. Яна стала падазраванай па крымінальнай справе па арт. 342 КК (удзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў).

Тады яе адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, але зноў затрымалі 30 лістапада і змясцілі пад варту.

Утрымліваецца ў СІЗА ў Жодзіне.

Таксама стала вядома, што Сафію вінавацяць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК РБ).

Падчас суда абвінавачанне таксама перакваліфікавала ч. 2 арт. 339, згодна з якой абвінавачвалі Сафію Малашэвіч, на ч. 1 арт. 339. Шляхам складання пакаранняў па трох артыкулах (ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 339) яе пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Кацярына Андрэева

Разам з журналісткай Дар'яй Чульцовай стала фігуранткамі крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы пераменаў» у Мінску 15 лістапада.

Пасля сямі сутак адміністрацыйнага арышту яна не выйшла на волю. Кацярыну перавялі ў ізалятар у Жодзіне. 

18 лютага асуджаная на два гады пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму. 

Дар'я Чульцова

Разам з журналісткай Кацярынай Андрэевай стала фігуранткамі крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы пераменаў» у Мінску 15 лістапада.

Пасля адміністрацыйнага арышту яна не выйшла на волю, ёй выставілі абвінавачванне. 

18 лютага асуджаная на два гады пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму. 

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура