Аліна Стэфановіч жыла так, каб як найменей перасякацца з дзяржавай. Але тая сама пагрукала ў дзверы — і забрала мужа. Ужо месяц праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч сядзіць у СІЗА. Яны з жонкай мусілі разам адзначыць 20-ю гадавіну вяселля, але абдымкі замяніла кароткая тэлеграма.
Пра траіх дзяцей, знаёмства ў «Маладым фронце», збітых людзей на парозе вясноўскага офіса і непахіснасць мужа Аліна распавяла ў інтэрв’ю.
«Наша Ніва»: Якім было 14 ліпеня — дзень, калі мужа забралі?
Аліна Стэфановіч: Невясёлым і мітуслівым. Яго як быццам не было. Бо спачатку прыйшлі з вобшукам, пакуль мы яшчэ спалі. А потым справы паляцелі адна за адной — атрымаць доступ да інтэрнэту, паведаміць усім аб тым, што адбылося, знайсці хоць якія сродкі сувязі, адваката і г. д. Вельмі шмат людзей прапанавала дапамогу. Сяброўкі сталі пісаць, што могуць паглядзець дзяцей. Тут жа прыехалі сваякі.
«НН»: Ці маеце навіны ад Валянціна?
АС: Атрымала толькі адзін ліст ад яго. Ён, здаецца, маіх увогуле яшчэ не атрымаў. Але дайшла тэлеграма — акурат на 20-ю гадавіну вяселля. «Ты пойдзеш у бой — а я плуг пакірую», — напісала я яму.
«НН»: А што было ў тым адзіным лісце ад мужа?
АС: Пісаў, што сняцца яму розныя даўно забытыя знаёмыя. Што адчувае сябе ў падводнай лодцы, за ілюмінатарам якой плаваюць маленькія рыбкі. І што час бяжыць не так хутка, як хацелася б.
«НН»: Абмяркоўвалі з мужам, што рабіць на выпадак затрымання?
АС: Трэніровачных практыкаванняў у нас не было (усміхаецца). Я ведала, што ён гатовы да любога развіцця падзей. Выязджаць з краіны не хацеў, а вось мне даўно прапаноўваў. Проста каб не жыць у дзяржаве, дзе на роўным месцы хапаюць уласных грамадзян.
«НН»: Вы з’ехалі ў Грузію толькі пасля яго затрымання. Як хутка і чаму прынялі гэта рашэнне?
АС: Доўга вагалася. Хацела быць з Валікам у адным горадзе. Збіраць перадачы ўласнымі рукамі і дасылаць цёплыя лісты з дзіцячымі малюнкамі і тэлеграмы. З-за мяжы гэта складана. Да таго ж тут мае і яго бацькі, іншыя сваякі, маё кола блізкіх сябровак і калегаў. Проста свае людзі паўсюль і напрацаваны спосаб жыць. За мяжой усё па-іншаму. Трэба наноў вучыцца тут жыць. І вельмі не хапае цёплых абдымкаў. Але ведаю, што Валіку так будзе спакайней, калі ён будзе ведаць, што мы ў бяспецы. А пытанне з перадачамі закрываюць родныя і сябры.
«НН»: Раскажыце пра знаёмства з Валянцінам. Гэта ж здарылася дзякуючы «Маладому фронту»?
АС: Ці яшчэ моладзевай філіі БНФ, цяпер ужо цяжка прыгадаць. Я дзяўчынкай-першакурсніцай прыйшла ў арганізацыю, а ён быў на кіруючых пасадах, дарослы і разумны. Бліжэйшае і асабістае знаёмства адбылося пазней, праз моладзевую культурніцкую арганізацыю «Будзіны». Вось там ужо былі сумесныя вечарыны, імпрэзы, шчырыя сяброўскія размовы, а пасля і першыя нашы спатканні сам-насам.
Фоты з асабістага архіву
«НН»: Якім тады запомнілі Валянціна?
АС: Цвёрдым. І тады, і цяпер. Ёсць рэчы, дзе ён непахісны. А ў астатнім ён вельмі ласкавы і пяшчотны.
«НН»: А як самі аказаліся ў МФ?
АС: У апошніх класах я тусіла пры касцёле і мела сантымент да беларускай мовы. У 1996 годзе вярнулася з гадавой праграмы ў Штатах, дзе, рыхтуючыся да выпускных іспытаў у беларускай школе, пааблівалася настальгічнымі слязьмі, чытаючы Багдановічаву «Пагоню» і іншыя вершы са школьнай хрэстаматыі. Паступіла ў Лінгвістычны ўніверсітэт і пачала хадзіць на мітынгі. А там мэтаскіравана шукала знаёмстваў з беларускамоўнай моладдзю. Так я і апынулася ў сядзібе на Варвашэні, 8.
Зрэшты, у МФ я была не так доўга. Вельмі хутка далучылася да ЗБС — Задзіночання беларускіх студэнтаў, дзе і праактыўнічала ўсе свае студэнцкія гады.
«НН»: Валянцін шмат гадоў у «Вясне». Якія кейсы даваліся ім найбольш складана?
АС: Падзеі 9-12 жніўня ў Мінску было цяжка ўсвядоміць і перажыць. Валянцін адразу пасля з'ехаў з гораду, яму складана было трымацца, асабліва калі дазнаўся пра збіццё дзяцей і жанчын. Мяркую, для усёй «Вясны» гэтыя катаванні сталі шокам, бо арганізацыя папярэднія гады шмат высілкаў аддала на тое, каб такога ніколі не было ў нашай краіне. Напрыклад, праект «Без права на расправу» (супраць пераследу людзей у месцах зняволення. — «НН»). І калі пасля 12 жніўня да «Вясны» на офіс пачалі прыходзіць збітыя людзі, камандзе было балюча разам з імі.
Таксама згадваецца праца над кампаніяй за адмену смяротнага пакарання. Гэта эмацыйна складана і часам безвынікова. І людзі, за якіх біліся вясноўцы, — часта далёка не анёлы. Але дзяржава не мусіць нікога забіваць, шанец змяніцца і раскаяцца мусіць быць у кожнага. Лісты асуджаных на смяротнае пакаранне заўсёды выбівалі Валянціна з каляіны. У пэўным сэнсе, лісты з таго свету.
«НН»: У 2012 годзе Валянцін трапіў у «чорныя спісы» тых, каго не выпускалі за мяжу. Як наогул для яго праходзілі тыя гады, калі ён замяняў арыштаванага Бяляцкага?
АС: Валянціна не выпускалі за мяжу на падставе таго, што ён нібыта не служыў у войску. Хоць ён служыў. Гэта стварала пэўныя нязручнасці, але не больш за тое. Проста смешныя патугі ўладаў зрабіць жыццё трохі складанейшым.
Што да арышту Алеся, то гэта якраз той досвед, які дае ўсе падставы меркаваць, што «Вясна» і з цяперашнімі арыштамі выстаіць і стане толькі мацнейшай, удасканаліўшы спосабы дапамагаць людзям. Надзейнасць каманды і адданасць кожнага агульнай справе — адзін з моцных бакоў арганізацыі.
Тады, калі арыштавалі Алеся, Валік моцна перажываў, пэўны час не ведаў, як лепш рабіць, ці вяртацца ў Беларусь: мы былі ў адпачынку, калі гэта здарылася. І вырашыў вяртацца, рызыкуючы быць затрыманым таксама. Перажываў, што Алесь «аддуваецца» за ўсіх. Таму і цяперашняе затрыманне, мне падаецца, ён успрымае як непрыемнае здарэнне, але не тое, каб нечаканае.
«НН»: У сітуацыі, калі законы не працуюць, што Валянціну давала сіл працягваць сваю справу?
АС: Жаданне зрабіць нашу краіну — месца, дзе, спадзяемся, будзем жыць мы, нашы дзеці і дзеці нашых дзяцей — лепшай. Каб дом быў домам, ён мусіць быць бяспечным найперш.
А таксама натхнялі калегі, сябры, суседзі, людзі вакол — усе тыя, хто верыць у «Вясну» і ў новую Беларусь.
«НН»: Чыталі, што вы двойчы нараджалі дома. Чаму рашыліся на такі крок?
АС: Я па жыцці вельмі мала сутыкаюся з дзяржавай. Ніколі не працавала ў дзяржаўнай арганізацыі і ніякімі ільготамі, нягледзячы на трох дзяцей, не карысталася. Наша жыццё заўсёды ішло паралельна гэтаму, і нам было даспадобы. Ну вось сутыкненне з дзяржавай у выглядзе радзільні было жорсткім (усміхаецца). Насамрэч, нічога такога страшнага, чаго б я пасля не бачыла ў дзяржаўнай школе, напрыклад.
Але я вырашыла, што і ў гэтым магу — сама.
Хатнія роды — лепшае, што са мной здарылася. Я адчуваю сябе вельмі моцнай у гэтым. Калі мне страшна і трэба сабрацца, я абапіраюся менавіта на той досвед. Можна проста баяцца і «слухацца разумнейшых», аддаць адказнасць за тое, што з табой адбываецца, іншым, і «калі што — я ў доміку». Але рэч у тым, што тыя «разумнейшыя» — такія ж баязліўцы. І з наступствамі любога рашэння — няважна, прадыктаванае яно страхам ці чымсці яшчэ — жыць самому чалавеку. Таму я прымаю рашэнні з адкрытымі вачыма і ў згодзе са сваімі пачуццямі.
«НН»: Валянцін у той момант быў побач?
АС: Ён глядзеў старэйшых і забяспечваў знешні перыметр (усміхаецца).
«НН»: Як дзеці перажываюць тое, што тата цяпер не з імі?
АС: Гэта тэма яшчэ вельмі свежая і балючая. Мы мала пра гэта гаворым. Варта больш, але пакуль не маю сілаў. Усё сыходзяць на працу і практычнае ўладкаванне на новым месцы.
«НН»: Малодшым ужо патлумачылі, дзе тата?
АС: Малодшая дачка часам пачынае запытвацца, дзе ён і чаму мы не можам яму патэлефанаваць. Пакуль кажу, што гэта такая камандзіроўка, куды можна толькі пісаць лісты.
«НН»: Старэйшы сын збіраецца ў праваабаронцы?
АС: Пакуль такое ўражанне, што ён збіраецца ў рыцары і рэканструктары (жартуе). Сын з задавальненнем вучыць мовы і плануе паступаць на юрыста. Пакуль гэта не дакладна, але мы бачым у ім моцны стрыжань — ён патрапіць знайсці тое, што будзе на карысць і яму, і грамадству.
«НН»: Вы згадвалі, што нядаўна ў вас была 20-я гадавіна шлюбу. Як бы яе адзначалі, калі б муж знаходзіўся не за кратамі?
АС: Мы збіраліся на Палессе. Я ніколі там не была. Хацелі нарэшце адключыцца ад працоўнага марафону апошніх пары год. Але ўсё яшчэ будзе.
Nashaniva.com