Айцішніцы, блогеры, бізнэсоўцы… «Наша Ніва» сабрала цікавыя факты пра спадарожнікаў і спадарожніц патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты.
Палітычны блогер, на чый канал «Страна для жизни» падпісана ўжо больш за 220 тысяч чалавек, сам мусіў стаць кандыдатам. Але пасля таго як ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, збірае подпісы за жонку. Прычым вельмі паспяхова — тысячы чалавек выстройваюцца ў чэргі, каб аддаць за Ціханоўскіх свой голас.
Фота Надзеі Бужан
41-гадоваму прадпрымальніку з Гомеля належыць студыя па вытворчасці відэакантэнту «Компас», якая здымае рэкламу. Свой блог Ціханоўскі вядзе з мінулага года. Ездзіў з аўтадомам па рэгіёнах і ладзіў «адкрыты мікрафон», у які кожны мог выказацца.
Сама Святлана пакуль рэдка выступае на публіцы і ад інтэрв’ю адмаўляецца. Ёй 38 год, па адукацыі — выкладчыца і перакладчыца з ангельскай мовы. На гэты момант беспрацоўная. Жыве ў Мінску з двума дзецьмі.
Фота з Facebook
Жонка Валерыя Цапкалы суправаждае яго ва ўсіх паездках. У інтэрв’ю Tut.by яна расказвала, што паказвацца на публіцы з сям’ёй для палітыка — нармальная міжнародная практыка, якую варта было б пераняць і беларускім чыноўнікам.
«Людзі хочуць бачыць, хто знаходзіцца побач з кіраўніком краіны. Думаю, што і ў нашай краіне многія хочуць бачыць паўнацэнную сям’ю», — разважала яна.
Вераніка Цапкала родам з Магілёва. Скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ, пасля — Вышэйшую школу кіравання і бізнэсу БДЭУ. Працавала ў Velcom, канадскай кампаніі Teleglobe.
Апошнія 10 год працуе ў кампаніі Microsoft — кіраўніком па развіцці ў міжрэгіянальным офісе (такая інфармацыя пазначана ў яе профілі на Linkedin).
«Спецыяльна ісці ў ІТ не планавала, нават не думала, так сышліся зоркі», — патлумачыла яна «Нашай Ніве», чаму абрала сферу высокіх тэхналогій.
Фота Надзеі Бужан
З мужам яны разам 20 год. Выхоўваюць двух сыноў. Вераніка ўспамінае, як пазнаёмілася з Валерыям:
«На апошнім курсе ўніверсітэта праходзіла пераддыпломную практыку ў Міністэрстве замежных спраў. У адзін з першых дзён практыкі мяне папрасілі аднесці дакументы ў адно з упраўленняў МЗС. Я ішла па калідоры, калі ўбачыла маладога мужчыну, які ішоў насустрач і дапамог знайсці патрэбны кабінет.
Тады я не ведала ні яго імя, ні пасады. Падзякаваўшы, сышла. Праз некалькі месяцаў мы зноў выпадкова сустрэліся, але на гэты раз у коле агульных знаёмых. Пасля гэтага мы разам».
Элегантная бландзінка кажа, што ў яе няма іконы стылю. Натхняецца моцнымі жанчынамі, якія змаглі змяніць жыццё іншых, — Маргарэт Тэтчэр, Індзірай Гандзі і Ангелай Меркель (лічыць яе найлепшым кіраўніком Германіі пасля Другой сусветнай вайны). З беларусак вылучае Дар'ю Домрачаву, Вікторыю Азаранку, Еўфрасінню Полацкую і Святлану Алексіевіч.
«Але, канечне, не трэба забываць, што жанчына, якую б высокую пасаду ці грамадскае становішча яна ні займала, гэта перш за ўсё маці, ахоўніца сямейнай утульнасці», — дзеліцца Вераніка.
Жонка лідара «Гавары праўду!» Андрэя Дзмітрыева з Дзяржынскага раёна. Вучылася ў Мінскім лінгвістычным універсітэце, але кар’еру звязала з іншай сферай — працуе ў ІТ-кампаніі.
Фота з Facebook
Замуж Таццяна выйшла ў 30 год. Дзмітрыеў раней расказваў «НН», што яны пазнаёміліся ў ліфце офіснага будынка. У пары двое сыноў (плюс у палітыка ёсць старэйшы сын ад першага шлюбу).
Фота з Facebook
Андрэй Дзмітрыеў кажа, што жонка дапамагае яму падчас цяперашняй кампаніі:
«Яна цалкам узяла на сябе дом і дзяцей, каб я мог бязвылазна ездзіць па рэгіёнах. Вельмі ёй удзячны».
У сацыяльных сетках жонка старшыні партыі «Грамада» Сяргея Чэрачня адназначна больш папулярная за яго — у яе старонкі ў інстаграм 40 тысяч падпісантаў. Эфектная блогерка любіць футра, сукенкі-міні і яркі макіяж. Не ўпускае магчымасці пахваліцца точанай фігурай у купальніку і дарагімі падарункамі, напрыклад новенькім Mercedes Benz.
Марыя з Калінкавіч. Але яшчэ ў дзяцінстве сям’я пераехала ў Мінск. Тут яна скончыла школу і ўніверсітэт, мае чырвоны дыплом (была найлепшай на патоку) і спецыяльнасць псіхолага (але не працавала па ёй).
Разам з Сяргеям яны 12 гадоў, гадуюць дачку Эмілію.
«Пазнаёміліся мы на Нямізе. Я быў малады і нахабны, таму і падышоў», — расказвае «Нашай Ніве» пра першую сустрэчу палітык.
Марыя — дачка бізнэсмена Андрэя Ходзіча. Трымала салон вясельнай і вячэрняй моды «Marry me», які ў выніку закрыўся.
«Даўненька закрылі — не праз каранавірус, а праз агульную сітуацыю ў краіне. Бо вясельны бізнэс і сукенкі, асабліва калі гэта дарагія калекцыі, не запатрабаваныя ў Беларусі. Цяпер новая моладзь, іншыя падыходы, няма гэтых пафасных вяселляў», — патлумачыў Сяргей Чэрачань.
Жонка цяпер займаецца сабой і дачкой.
«Кожны мужчына павінен імкнуцца зрабіць так, каб каханая магла займацца сваімі бягучымі справамі, сямейнымі пытаннямі», — дзеліцца Сяргей.
«У нас шчаслівая сям’я. Тата працуе, мама — прыгожая», — жартавала ў інстаграм сама Марыя пад фота з курорта.
Пра мужа бізнэсвумэн Наталлі Кісель вядома мала. 26 год яны ў шлюбе, столькі ж вядуць сумесны бізнэс ў сферы грузаперавозак. Віталь — дырэктар фірмы, жонка — яго намесніца. Маюць дваіх дзяцей.
Фота з Facebook
«Мы шчаслівыя, дзеці выраслі ў любові. Віталь — мой адзіны партнёр і ў бізнэсе. Лічу гэта дастатковай інфармацыяй. Усё астатняе — тэхнічныя моманты», — коратка расказала Наталля Кісель.
З музыкай і татуіроўшчыкам Алесем Таболічам яны ажаніліся ў 2010 годзе. Вяселле ладзілі па беларускіх традыцыях мінулага стагоддзя.
Алеся на 11 год маладзейшая за мужа. Скончыла філфак БДУ. Арганізатарка Беларускай інтэлектуальнай гульні і фестываля «Купальскае кола». Здымалася ў кліпах гурта Znich. Алеся часта падарожнічае па Беларусі і дзеліцца прыгожымі фота родных мясцін у інстаграме.
З мужам яны выхоўваюць маленькую дачку. Праўда, сама Алеся неяк намякала ў сацсетках, што яны з Алесем разыходзяцца.
Наталля Лубнеўская