Фота Shutterstock.com
Пра тое, чаму купляюць свечы і іконы, ходзяць да шаптух і выкідваюць рэчы каханых на раздарожжы расказваюць беларусы, якія звярталіся да варажбітак, «бабак» і празорцаў.
Фота з сацыяльных сетак.
Мінчанка Вікторыя Самойлава расказвае, што звярталася па дапамогу празорцы, калі хацела дазнацца пра мінулае свайго былога хлопца.
«Два гады таму я сустракалася з хлопцам, мы ўжо жылі разам, і я нават была ад яго цяжарная, — расказвае Вікторыя. — Але я нічога не ведала пра яго мінулае, а расказваць сам ён адмаўляўся. Якраз тады я натыкнулася ў «Камсамольскай праўдзе» на артыкул аб празорцы, там жа быў пазначаны і яе тэлефон.
Калі я да яе прыйшла, яна мне распавяла ўсё, пра што я хацела дазнацца. Пры гэтым і пра мяне саму яна расказала тое, што ведаць ніхто не мог, акрамя мяне. Напрыклад, яна назвала нумар школы, у якой я раней вучылася, назву ўніверсітэта ў Расіі, куды падавала дакументы, але для паступлення мне не хапіла балаў. А яшчэ — што я была «на нажах» з некаторымі сябрамі.
Я патэлефанавала хлопцу, каб пацвердзіць, ці сапраўды ў яго ўсё так было, як сказала гэтая жанчына. І ён усё пацвердзіў. Рассталіся мы ў той жа дзень.
Аказалася, што ў папярэдніх адносінах дзяўчына наклала сурокі на майго хлопца. Пасля яе ён доўга не мог ні з кім сысціся, і толькі праз 7 гадоў сустрэў мяне.
Пры гэтым празорца сказала, што я здольная зняць з яго гэтыя чары, каб засцерагчы нашае дзіця, на якім яны маглі адбіцца, і дазволіць хлопцу знайсці сабе годную пару ў будучыні.
За два сеансы ў празорцы з гэтай сітуацыяй мы разабраліся. За першы сеанс я заплаціла ёй 50 рублёў, за другі я магла заплаціць, колькі хачу. Калі ў першы раз гэтая жанчына, чытаючы па вадзе, якая ўсю ноч стаяла каля ўзгалоўя нашага з хлопцам ложка, распавядала пра накладзеныя сурокі, то на другі раз у нас была падрыхтоўка да іх зняцця.
Для зняцця сурокаў я павінна была выкінуць яго вопратку на пэўным раздарожжы з пэўнымі словамі і яшчэ спаліць некаторыя яго рэчы. І ён на гэта пагадзіўся.
Але як у выніку склаўся лёс у хлопца пасля нашага растання, я не ведаю. Мы зусім спынілі зносіны, а сам ён не выяўляе жадання даведацца, як расце яго дачка. Яго маці таксама не хоча.
Сурокі я паспрабавала своечасова прыбраць, але ці адбіліся яны ў выніку на дзіцяці, я не ведаю. Пакуль прыкмет няма. Калі што, я буду падтрымліваць кантакт з гэтай жанчынай. Выглядала яна, дарэчы, як звычайная жанчына прыкладна 40 гадоў. Ведаю яшчэ, што яна выхоўвае дзіця-інваліда».
Фота з сацыяльных сетак.
Наша наступная гераіня, мінчанка Вікторыя Русак, пераконвае, што псіхолаг і нумаролаг з дапамогай малітваў дапамагла жанчыне зацяжарыць і нарадзіць:
«За жыццё ў мяне было чатыры цяжарнасці. Ад першага мужа здарылася замерлая цяжарнасць. Ад другога — пазаматкавая і выкідыш. Але пасля таго, як я праляжала столькі ў бальніцах, у мяне была боязь цяжарыць і я пачала панікаваць. Дайшло да такой ступені, што была жудасная агрэсія, функцыянаваць нармальна было проста немагчыма.
Спецыяльна я не шукала ніякіх бабак і варажбітак. Я разумела, што трэба было звяртацца да псіхолага, які б прывёў мой эмацыянальны стан у парадак, каб я далей магла жыць паўнавартасным жыццём.
У інтэрнэце я натыкнулася на сайт жанчыны-псіхолага. Мы дамовіліся аб сустрэчы. Я не ведала, што яна, акрамя псіхалогіі, яшчэ і нумаралогіяй займаецца. Пры першай сустрэчы толькі па даце нараджэння яна ўжо сёе-тое пра мяне расказала. І ўсё было праўдай.
Я расказала ёй пра сваю праблему, што я хворая. А яна гэта абвергла, сказала: «Ты абсалютна здаровая, усе праблемы ў цябе ў галаве».
Нумаролаг распавяла мне, што калі я першы раз была замужам, то на мае дзетародныя органы былі накладзеныя сурокі праз валасы. Я ў гэта паверыла, таму што раней я звярталася да яшчэ адной жанчыны, і яна таксама казала пра нейкія чары на валасах, якія былі зробленыя асяроддзем майго былога мужа.
Наступныя пяць-сем сеансаў мы займаліся са свечкамі і абразамі. Нумаролаг хадзіла вакол мяне з імі і прамаўляла малітвы. Пры гэтым мне і самой трэба было чытаць шмат малітваў, рабіць працэдуры, купляць свечкі.
Праз тры-чатыры месяцы я зацяжарыла і потым нарадзіла абсалютна здаровае дзіця. Пасля яе сеансаў мне стала так лёгка дыхаць, што да яе хацелася прыходзіць зноў і зноў. Таму, калі ў майго мужа праз некаторы час пачаліся праблемы на працы, ён таксама да яе звярнуўся. Яна і яму дапамагла».
Фота з сацыяльных сетак.
А вось Настассі Качмарук са Светлагорску «правераная» сваякамі і знаёмымі бабка не змагла дапамагчы супакоіць маленькую дачку, якая моцна плакала па начах:
«Гэта было гады два таму ў Светлагорску, дзе я жыла з бацькамі. Мая дачка не спала ні днём, ні ноччу. Знаёмыя і сваякі сталі раіць адвесці яе да знаёмай бабкі. Далі нумар тэлефона.
Выглядала гэтая бабка як звычайная бабуля: гадоў 75-80, паўнаватая, з павязанай хустачкай. Аднак наш сеанс у гэтай бабулі доўжыўся не больш за дзве хвіліны. Пры сустрэчы яна нічога мне не сказала, а толькі нешта там пашаптала хвілінку над дачкой. І ўсё — сказала прыходзіць да яе зноў на наступны дзень.
На наступны дзень яна таксама нешта пашаптала не больш за хвіліну і сказала зноў прыходзіць заўтра. Што шэпча — не чуваць і не зразумела. Я ў яе спрабавала папрасіць хаця б што-небудзь мне расказаць, а яна толькі адказвала: «Трэба лячыць». А ад чаго лячыць? Што лячыць? Дачцэ паўтара года, яна плача, нічога не мяняецца.
Прыйшлі мы да яе на трэці дзень: тыя ж самыя маніпуляцыі, якія доўжацца роўна хвіліну. І зноў кажа: «Прыходзьце заўтра яшчэ раз».
Мне ўжо самой стала цікава, колькі яшчэ яна мяне будзе так ганяць, нічога толкам не кажучы. Таму мы ўсё ж такі прыйшлі да яе ў чацвёрты і апошні раз. У гэты раз яна мне сказала, што хадзіць трэба да таго часу, пакуль дачка не перастане плакаць. Ну так зразумелая справа, чаму плача мая Ліза: прывялі яе да нейкай бабкі, якая махае над ёй рукамі і нешта там шэпча. Больш мы да яе не прыходзілі.
Грошай шмат за сваю працу гэтая бабка не прасіла. Проста намякала, што пажадана ёй нешта пакінуць: можа, грошы, а можа, нешта іншае. Ну, я ёй і пакінула чыста сімвалічную суму: па-мойму, 10 рублёў за першы сеанс і 10 за апошні.
З дачкой тады нічога не памянялася. Канечне, праз нейкі час у яе нармалізаваўся сон, цяпер усё нармальна. Калі я сама пачала чытаць пра дзіцячыя плачы, то зразумела, што ў аднагадовых дзяцей гэта цалкам нармальная практыка — так плакаць. У бабак і варажбітак я і тады асабліва не верыла, пайшла хутчэй ад безвыходнасці. Праз тое, што дачка не спала і пастаянна рыдала, я сама ўжо ўвесь час нервовая хадзіла».
«Калі чалавек доўга не можа разабрацца са сваёй праблемай, вядома, ён знаходзіцца ў роспачы і часта гатовы на ўсё. Аднак траціць час на варажбітак і знахароў не трэба, — упэўнівае акушэр-гінеколаг мінскай 1-й гарадской клінічнай бальніцы Кацярына Папковіч. — Іх метады лячэння не дапамогуць, а проста аддаляць момант вырашэння праблемы. Напрыклад, калі вашая праблема заключаецца ў складанасці зацяжарыць і вынесці дзіцяці, то ў такой сітуацыі варта даверыцца ўрачам у бальніцах, якія ведаюць алгарытмы дыягностыкі і лячэння бясплоддзя ці звыклага невыношвання цяжарнасці».
Ксенія Вядзмедзь