Праект партала
Стасункі Зорка Шчучыншчыны Алена «Жалудок» і купалавец Міхась Зуй — вялікая гутарка пра сям'ю, выхаванне дзяцей і патрыятызм
25.04.2021 / 20:09

«Тата, паехалі глядзець цягнікі!» Так мы апынуліся на чыгуначным мосце ў кампаніі купалаўца Міхася Зуя, зоркі «Шчучыншчыны» Алены Зуй-Вайцяхоўскай і іх дзяцей — Петрыка і Марыйкі. Пакуль малеча з захапленнем праводзіла вагоны і піла какаву, пагутарылі з дарослымі пра сям’ю. Пра тое, як акцёры збягалі ад пандэміі ў вёску, чым цяпер зарабляюць і як выхоўваюць дачку і сына.

«Нарадзіліся ў адным раддоме»

«Наша Ніна»: Вы ж самі з нетэатральных сем’яў?

Алена: Так. Мая мама па прафесіі выкладчыца французскай мовы, але настаўніцай амаль не была. Хаця часта працавала з рознымі мовамі — і перакладчыкам, і ў консульстве. Мама любіла тэатр, хацела стаць рэжысёрам, у свой час скончыла ліцэй мастацтва, але ёй не дазволіў яе тата, і таму яна пайшла ў педагогі.

Тата мой таксама педагог — ён быў настаўнікам музыкі ў школе.

Міхась: У мяне тата інжынер па адукацыі, маці працавала ў Беларускім цэнтры моды канструктарам адзення. 

«НН»: Не адгаворвалі бацькі ісці ў акцёры?

Міхась: Не. Хаця калі паступаў, яны пыталіся: «Ты разумееш, што гэта ні грошай, ні статусу? Ну тады ідзі».

Алена: Мяне таксама не адгаворвалі. Адзінае, што я паступіла з другой спробы. Калі я першы раз не паступіла, мама казала: давай паспрабуй у іншае месца. А я вырашыла, што альбо буду вучыцца ў Акадэміі мастацтваў, альбо не буду атрымліваць вышэйшую адукацыю.

«НН»: Як наогул праходзіла ваша дзяцінства?

Алена: Мы нарадзіліся з Мішам у адным раддоме, як высветлілася пазней.

Міхась: У адзін дзень, у адной палаце, ад адной маці, а потым нас раздзялілі (смяецца). У мяне было звычайнае дзяцінства. Мінск, Фрунзенскі раён, школа №136 з тэатральным ухілам. Часцяком ездзіў на вёску да дзеда і бабы. Дзядуля быў дырэктарам школы, бабуля настаўніцай, заўсёды па-беларуску размаўлялі і мяне прывучалі. А я ні ў зуб нагой. Не разумеў, што такое «слоік», гарадскі прыехаў.

Чытаць любіў, кніжкі краў, кароў пасвіў. Хацеў стаць юрыстам — знайшоў у дзядулі кніжку «Чалавек і закон», а там цікавыя следчыя гісторыі былі. Я ўдзельнічаў у алімпіядах па правазнаўстве, нават недзе перамагаў.

Алена: Я з чатырох год шмат часу праводзіла за кніжкамі. Мама любіла вандроўкі і мяне да іх прывучыла. Я шмат дзе была, бо мама працавала ў МЗС, потым у консульстве ў Польшчы (мы два гады жылі ў Гданьску). У 6 год мяне адправілі з групай дзяцей у Аўстралію. Была магчымасць вандраваць па Еўропе, і гэта было вельмі цікава для мяне — знаёміцца з рознымі людзьмі, рознымі культурамі. А на лета я часта ездзіла да бабулі ў Берасце.

«Пасля канцэрту Міша аказваў мне першую дапамогу»

«НН»: Вы пазнаёміліся на канцэрце гурта «Дзеці дзяцей» (Міхась Зуй выступаў у яго складзе. — «НН»). Раскажыце, як гэта было.

Алена: Я сачыла за творчасцю «Дзеці дзяцей». Быў нейкі форум, на якім мы пісалі. Там у мяне была мянушка «мурашка». Я, дарэчы, так у Мішы ў тэлефоне і запісана да сёння.

Калі я падышла пасля канцэрту да Ані Хітрык падпісаць дыск, а потым да Мішы, ён заўважыў яе подпіс і сказаў: а, дык гэта ты мурашка. Ён заўсёды чытаў форум. І ў гэты ж вечар пасля канцэрту нехта выпусціў з рук бутэльку, яна разбілася на асфальце, маленькі кавалачак шкла трапіў мне ў нагу, і Міша аказваў першую дапамогу.

«НН»: Падаецца, што вы абое вельмі спакойныя па характары.

Алена: Я больш спакойная, чым Міша. Ён імпульсіўны. Мы розныя па тэмпах: я павольная, а Міша больш спрытны, падганяе мяне.

Міхась: Як муха, якая лётае, над чалавекам, што на яе замахваецца. І ты такі: ну, ну давай. Я час адчуваю інакш, мне трэба хутчэй.

«НН»: Канфлікты як дома вырашаеце, праз гумар?

Міхась: Што пад руку прыляціць, тым і супакойваемся (усміхаецца). Галоўнае — разумець, што мы ўсе розныя людзі.

Алена: Міша, трэба аддаць належнае, заўсёды за справядлівасць. Калі ён не меў рацыю, ён гэта прызнае, яму гэта няцяжка зрабіць. Міша ўспыхвае, але і хутка пераключаецца, у адрозненні ад мяне.

Міхась: Я веру, што чалавек можа змяняцца, няма канстанты. Калі трэба быць хуткім ці спакойным, ён можа такім быць. Хаця я адразу павінен сказаць, што я зразумеў, што не маю рацыю (усміхаецца).

Марыйцы 5 год, Петрыку — 8.

«НН»: Як акцёры канкуруеце паміж сабой?

Алена: Насамрэч не. Толькі за час, бывае, змагаемся. «У мяне сёння спектакль» — «А мне што рабіць? У мяне рэпетыцыя!»

«НН»: А зайздрасць ёсць, калі ў кагосьці лепш складаецца?

Алена: Я не памятаю такога. Не так шмат у нас у Беларусі праектаў тэатральных і кіно, каб з’явілася нейкая зайздрасць: ах, ты з такім класным рэжысёрам працуеш.

Міхась: Наадварот гэта добра. Усе грошы ў сям’ю ідуць.

Алена: Кветкі Міша мне прыносіў пасля выступленняў. Таму ведайце: калі хто дарыў яму кветкі, яны заўсёды былі мае.

«НН»: Да каранавіруса і выбараў атрымлівалася зарабляць на жыццё тэатрам? Або ў вас, як і большасці акцёраў, грошы прыносіла расійскае кіно?

Міхась: Апошні год у тэатры было лепш, Пал Палыч зрабіў шмат для таго, каб мы больш зараблялі. Але ўсё адно ніколі не бывае дастаткова.

Алена: Тым больш, калі ёсць дзеці. Нейкія падпрацоўкі ўвесь час былі і зараз ёсць.

Міхась: Акрамя Купалаўскага, у мяне раней быў Сучасны мастацкі тэатр, «Дзеці дзяцей», заняткі музыкай. Нават у тэатры з Дзімам Есяневічам, Пашам Яскевічам мы прыдумлялі песні. У рэпертуарным тэатры ж можна хутка заснуць, згубіць імпэт. У Купалаўскім у нас былі ўтульныя грымёркі, і там была канапа, якую мы называлі канапай, на якой паміраюць мары. Бо ты хочаш штосьці папрыдумляць, да спектакля яшчэ дзве гадзіны, а потым на канапку ляжаш і — «а давайце заўтра».

«НН»: У серыялах якія вам ролі звычайна дастаюцца?

Алена: У поўнаметражных працах і серыялах больш Міша здымаўся. Я часцей у кароткаметражных ці студэнцкіх праектах.

Міхась: Я граў інтэрна, напрыклад. Шмат хто з акцёраў здымаўся ў серыяле «Мухтар», і я там у адным эпізодзе быў цыганам, якога сваякі апазналі па талісмане. Алена ў іншым эпізодзе грала жонку зняволенага.

Алена: А другі раз у «Мухтары» трапілася роля жанчыны, якую падазраюць у тым, што яна нешта скрала.

Міхась: Талісман у цыгана? (смяецца)

«НН»: А як цяпер круціцеся?

Міхась: Адстрэльваемся. Я працую на радыё, займаюся каналам «ЧынЧынЧэнэл», удзельнічаю ў спектаклях незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы». Зараз у мяне працы меней, але затое працы, якую не хочацца рабіць, амаль няма.

Алена: У Маладзёжным тэатры ў мяне чатыры спектаклі. Таксама я шмат часу праводжу ў тэатры БДУ «На балконе» — там ёсць месца для эксперыменту, творчага пошуку. Мне падабаецца наш імправізацыйны спектакль у фармаце Гаральд — ён ствараецца на вачах у гледачоў, мы не ведаем загадзя, якая сёння будзе тэма і што мы будзем рабіць на сцэне. 

У Сучасным мастацкім тэатры я грала ў «Тарцюff», але ўжо колькі часу ім не выпісваюць гастролькі, і мы не маем магчымасці гэты спектакль паказваць.

«Сумую па вёсцы, у горадзе ты шмат часу марнуеш ні на што»

«НН: Летась праз пандэмію вы некалькі месяцаў жылі на лецішчы. Як вам жыццё за горадам?

Алена: Гэта нешта зусім іншае. Калі мы апынуліся за 50 кіламетраў ад Мінска, некалькі дзён я не магла прызвычаіцца. Выходзіш — тут твая зямля, на ёй можна нешта пасадзіць. Дзецям было таксама добра — столькі часу праводзіць на свежым паветры, назіраць за раслінамі, жучкамі, лавіць жабак, слімакоў. Але мы абмяркоўвалі, што жыць за горадам пастаянна мы не змаглі б.

Міхась: Мне вельмі спадабалася. Я купіў лобзік, паўтара кубаметры дрэва і зрабіў плот, дзіцячую пляцоўку, стол. У мяне быў такі графік: а 7-8-й устаеш, каву п’еш, чытаеш кнігу на вуліцы, пакуль усе спяць, а 9-й у хляве нешта майструеш і а 12-й ужо стомлены адпачываеш. Я сумую па вёсцы. У горадзе ты шмат часу марнуеш ні на што. Садочкі, школы, можа, і патрэбныя, але часам успамінаеш фільм «Капітан Фантасцік», дзе бацька з дзецьмі жыў у лесе і яны ўсё ведалі. Проста ёсць звычка, больш просты шлях, якім мы зараз ідзём, але гэта не адзінае выйсце. Раней да дамашняй адукацыі я так сабе ставіўся — патрэбна ж сацыялізацыя. А зараз думаю: нармальна і ў лесе.

«НН»: Вы дзецям шмат свабоды даяце?

Алена: Можа, часам і зашмат. Петрык зараз у другім класе, і што тычыцца ўрокаў, ён збольшага усё робіць сам. Калі ён не разумее нешта, можа падысці запытацца, але стараемся данесці да яго, што школа — гэта яго адказнасць, ён сам павінен пільнаваць, ці сабраў усе сшытачкі. Нам хацелася б, каб ён быў самастойным чалавекам. У Петрыка клас з музычным ухілам, ён вучыцца на гітары граць. Ён ходзіць таксама ў музычную школу — на ўдарныя інструменты.

«НН»: А прычоскі дзеці самі сабе абіраюць?

Алена: Так. Мы толькі прапаноўваем нешта, бо яны не ведаюць, з чаго абіраць. Марыя ў гэтым сэнсе вельмі самастойная, яна заўсёды сама апранаецца, ведае, што да чаго пасуе. Мне наогул падаецца, што яна ўмее прыслухоўвацца да сябе, добра разумее, што ёй падабаецца па жыцці, а што не.

Петрык — можа, таму што хлопчык — не такі самастойны. Можа на лецішчы стаяць з агурком пасярод кухні і пытацца, дзе яго памыць.

«НН»: Калі дзеці не слухаюцца, прыбягаеце да «спецсродкаў»?

Міхась: На жаль, бывае.

Алена: Часам цяжка стрымацца — калі ты стомлены, у цябе ўжо няма рэсурсу ніякага. Але нават калі дазваляем сабе такое, чаго быць не павінна, то стараемся адразу выбачыцца, патлумачыць дзіцяці: мы цябе любім, але твае паводзіны нам не падабаюцца. Гэта датычыцца старэйшага сына, бо з Марыяй менш клопатаў. Яна больш дыпламатычная асоба. А Петрык часам не адчувае сітуацыю, і атрымліваецца канфлікт.

«НН»: А якое самае страшнае пакаранне ў вашай сям’і?

Алена: Мы можам прыгразіць, што дзеці застануцца без планшэтаў і без мультыкаў на пару дзён. І часам такое практыкуем, слова стараемся стрымаць. А так асабліва пакаранняў няма.

«На партнёрскіх родах вучыў тэкст Дзеда Мароза»

«НН»: Наогул як да бацькоўства рыхтаваліся? 

Алена: У нас былі партнёрскія роды і першы, і другі раз, мы хадзілі на курсы. Кніжак даволі многа дома, я час ад часу пачытваю нешта па дзіцячай псіхалогіі. Мішы магу падсунуць, але ён тады просіць: перакажы мне змест, што там самае галоўнае?

«НН»: На партнёрскіх родах хто больш перажываў?

Міхась: Не скажу, каб моцна хваляваліся. На другіх родах я наогул сядзеў і вучыў тэкст Дзеда Мароза.

Алена: Яго не пусцілі проста на пачатак, ён быў на другой фазе. А першыя роды мы былі ўвесь час разам — асобная палата, асобная радзільная зала.

Міхась: Мне ў паліклініцы казалі: «Што, партнёрскія роды? Навошта табе, вы ж разведзяцеся!»

Алена: Але ні разу я не пашкадавала, што ў нас яны былі. Па-першае, ёсць падтрымка, адчуванне, што ты не адзін сярод чужых людзей. Па-другое, магчымасць для сям’і пабыць разам утрох. Гэта быў цудоўны час. У мяне засталіся цёплыя ўспаміны пра першую сустрэчу, як Міша стаіць з маленькай Марыяй, якая толькі што нарадзілася.

«НН»: Ёсць нейкія класныя лайфхакі, якія вы вычыталі ў кніжках?

Алена: Час ад часу нешта трапляецца. Напрыклад, ёсць кніжка «Браты і сёстры. Як дапамагчы вашым дзецям жыць дружна» Фабер і Мазліш — там разглядаецца з пазіцыі дзіцяці, як гэта, калі ў сям’і з’яўляецца другі малы. Або «Самая важная кніга для бацькоў» Гіпенрэйтар. Цяпер чытаю «Школьнікі «лянівай мамы» Быкавай.

Міхась: Я вось такую параду памятаю. Звычайна кажуць дзіцяці: не плач. Але каб супакоіць, лепш дапамагчы яму назваць яго пачуцці. «Ты зараз абураны, злуешся на мяне з-за таго, што я не даў табе машынку». Не проста: ай, усё, перастань. І часта гэта працуе.

«НН»: Дзеці задаюць вам пытанні наконт таго, што цяпер у краіне адбываецца?

Міхась: Яны ўсё разумеюць самі. У іх ужо на падсвядомасці: гэта добрыя, а гэта нядобрыя. І для гэтага мы нічога не рабілі. Мы пры дзецях не абмяркоўваем сітуацыю.

Алена: Часам пытаюцца: а чаму міліцыянтаў так шмат, а што яны робяць? І я бачу, што Марыйка баіцца гэтых людзей у чорным. 

Міхась: Петрык таксама баяўся: а мяне міліцыя не забярэ? Кажу: дзяцей не забіраюць, пакуль.

«НН»: Цяпер патрыятызм спрабуюць выхаваць вывешваннем чырвона-зялёных сцягоў і песнямі кшталту «Любімую не аддаюць». Які ваш спосаб навучыць любіць краіну?

Міхась: Не трэба наогул ніяк вучыць. Проста паказваць краіну, вучыць мове.

Алена: Мне здаецца, вельмі важна навучыць дзіця любіць таго, хто побач, шанаваць прыроду.

Міхась: Патрыятызм — прынамсі так, як яго падаюць — наогул для мяне збольшага пусты гук. Кажуць жа, што калі размова ідзе пра патрыятызм, то справа дрэнь. Калі трэба вучыць любіць радзіму, то нешта тут не так. Хаця я адчуваю гонар, калі бачу наш сцяг, «Пагоню».

Алена: Лепш клапаціцца пра тое, каб дзяцінства было шчаслівае. Тады чалавек будзе любіць тую краіну, у якой ён быў шчаслівы.

Міхась: Так, трэба клапаціцца пра тое, каб жыць у нас было добра. 

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні