Праект партала
Рост Хіпхопера, піяніна замест гітары і антыпазітыў. Топ-10 альбомаў мая7
02.06.2018 / 17:28

Знаёмім вас з дзясяткай найбольш значных музычных навінак месяца. Слухайце і каментуйце!

The Glitch Mob - See Without Eyes (ЗША)

Амерыканскія электроншчыкі ў сваім трэцім альбоме здолелі вельмі арганічна сплесці атмасферны эмбіент з танцавальнымі матывамі.

Атрымалася стылёва, прыхільнікі могуць спаць спакойна, хаця такая музыка, хутчэй, адганяе сон.

Little Big - Antipositive, Pt.1 (Расія)

Расійскі гурт часта называюць касплэем Die Antwoord, але, на нашу думку, Little Big — ужо дастаткова даўно сфарміраваліся ў самадастатковую адзінку на рэйв-сцэне.

Першая частка антыпазітыўнага альбома спалучае ў сабе неспалучальнае: панк ды рэп, гітары ды рэйв. І ў гэтым смачным вінегрэце знайшлося месца нават для лірычнага трэка.

Arctic Monkeys - Tranquility Base Hotel & Casino (Вялікабрытанія)

Алексу Цёрнэру надакучыла гітара. Авалодаўшы ёй амаль дасканала, франтмэн AM пераключыўся на піяніна для пошуку новых гарызонтаў у творчасці.

Вынікам стаў шосты альбом Arctic Monkeys. Камусьці ён падаецца незразумелым, камусьці не стае бадзёрых трэкаў, пад якія можна патанчыць летнім часам. А некаторыя кажуць, што Цёрнэр проста апярэдзіў час, і хутка ад электроншчыны ўсе кінуцца да запыленых фартэпіяна за натхненнем.

Beach House - 7 (ЗША)

Сёмы альбом аднаго з самых вядомых дрым-поп калектываў. 

Амерыканскі дуэт прыклаў шмат намаганняў, каб не гучаць надакучліва. У выніку атрымаўся ўсё той жа Beach House, але крыху пасталелы. 

De-Phazz - Black White Mono (Германія)

Нямецкі джазавы гурт новай кружэлкай адзначыў сваё 20-годдзе. У далёкім 1997-м калектыў стварыўся пад назвай, у якой была зашыфраваная фраза «будучыня джаза».

Калі разглядаць літаральна ў праекцыі на Black White Mono, то за будучыню джаза можна быць спакойным. Вось чаго-чаго, а спакою хопіць на ўсіх.

Five Finger Death Punch - And Justice for None (ЗША)

Са спакойнымі альбомамі скончылі, прыйшоў час для цяжкай музыкі. Новы альбом металістаў з Five Finger Death Punch быў гатовы яшчэ ў 2016-м, але ці то праз праблемы з лэйблам, ці то праз недазволеныя рэчывы пабачыў свет толькі цяпер.

Амерыканцы, як заўсёды, уздымаюць надзённыя праблемы грамадства. Пераходзячы ад словаў да справы, 5FDP хутка адправяцца ў тур, дзе з кожнага прададзенага квітка будуць адлічваць сродкі сем'ям загінулых паліцэйскіх.

Сплін - Сустрэчная паласа (Расія)

У сеціве можна сустрэць абсалютна процілеглыя рэцэнзіі на пятнаццаты альбом культавага расійскага гурта. Ад «Васільеў спісаўся, горшы альбом спліноў» да «выдатны працяг папярэдняга альбома».

Як бы тое ні было, Васільеў і кампанія зноў не пакідаюць нікога абыякавым.

Jonathan Davis - Black Labyrinth (ЗША)

Першы сольнік франтмэна Korn, над якім той працаваў больш за 10 гадоў. 

Час ідзе, Дэвісу ўжо пад 50, таму такі сольны альбом выглядае досыць лагічным. Такі вось прыклад асэнсавання жыцця ва ўсіх яго праявах. Тут і філасофскія разважанні пад усходнія інструменты, і жорсткія метал-кампазіцыі а-ля апошнія альбомы Korn. На шчасце, дабстэпу на кружэлцы вы не знойдзеце. Пакуль не варта чакаць нашэсця Дэвіса ў гарадах былога СССР, як ягоных шматлікіх калег.

Манетачка - Размалёўкі для дарослых (Расія)

Ведаеце гурт Flёur? Дык вось, падалося, што гэты праект, як лайт-Flёur для міленіялаў. Пра тыя ж праблемы, але больш простай мовай і менш меладычна.

Песенкі з музычным налётам дзевяностых для тых, хто дзевяностых мог і не заспець.

Noize MC - Хіпхопера: Арфей & Эўрыдзіка (Расія)

Па сваім маштабе — гэта патэнцыйны рэліз года. Нойз некалі заяўляў, што хайп і батлы яму не цікавыя, яму цікавая творчасць, і новы рэліз — таму сцвярджэнне.

Іван Аляксееў перайначыў класічную гісторыю пра Арфея ды Эўрыдыку, перанёс яе ў рэаліі сучаснага шоубізу і стварыў новы музычны жанр — хіпхоперу. Абмінуць увагай проста немагчыма.

А што слухалі вы ў маі? Пішыце ў каментах!

Піліп Каваленка

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні