Праект партала
Стасункі «Гэта пекла — выбіраць помнік свайму 8-месячнаму дзіцяці». Шчыры маналог Карыны, чый муж выкінуўся з дачкой з 24 паверха на Грыбаедава
28.03.2021 / 15:04

«Я лічыла сваёй самай вялікай стратай смерць таты. Ён памёр 10 год таму, і я думала, з гэтым не спраўлюся. Але я сябе супакойвала, што чалавек пражыў доўгае жыццё, зрабіў з мяне тую, кім я ёсць. Калі не стала дачкі, я абышла псіхатэрапеўтаў, паспрабавала ўсё, што толькі магчыма, — не дапамагала нічога. Сэнсу няма. Ідзе жыццё — а ты на абочыне стаіш».

Пра трагедыю ў канцы мінулага чэрвеня гаварыў увесь Мінск. Дом на вуліцы Грыбаедава. Малады хлопец выкінуў з 24-га паверха сабаку, маленькую дачку, а пасля скокнуў сам. Усе загінулі на месцы. Карына Кугель — мама той дзяўчынкі. Толькі цяпер яна вырашыла падзяліцца сваёй гісторыяй і запусціць праект дапамогі жанчынам, якія таксама страцілі дзяцей.

«Калі нарадзілася Лагерда, я адчула прыліў сіл»

Карыне 30, яна эканаміст з адукацыі. Мае ліцэнзію медыятара. Яркая, стылёвая. Захаплялася модай і трымала свае пункты продажу адзення, але праз эканамічную сітуацыю давялося закрыцца. 

Яна распавядае няпростую гісторыю сваіх адносін, дзе было і моцнае каханне, і палкія сваркі. Усміхаецца, калі ўспамінае маленькую дачку. І спадзяецца, што іншыя жанчыны, якія перажылі падобнае, убачаць, што яны не адны.

З грамадзянскім мужам Карына была разам 12 год.

«Мы пазнаёміліся, калі я сканчвала каледж, а ён — універсітэт. Рома мяне заваяваў. Мы сябравалі, і тут у мяне памёр сабака, той-тэр’ер. Я Рому тэлефаную, плачу. Праходзіць дзве гадзіны, ён набірае: «Выходзь да пад’езда». І прыносіць мне ёрка. Тады такіх парод яшчэ было мала, і калі мы гулялі, я часта казала, якія яны класныя. Пасля гэтага я падумала: чалавек робіць для мяне такія ўчынкі! І мы пачалі сустракацца.

Я ім вельмі захаплялася. Ён крэатыўна думаў. Вёў вебінары па стаўках — у Ромы ўсё было звязана з футболам. Ён ім жыў, ведаў з дзяцінства. Я таксама любіла футбол, памятаю, як мы з татам глядзелі чэмпіянат свету. Па прыкладзе таты я заўзела за «Баварыю». Але калі рабіла стаўкі, яны заўсёды прайгравалі.

У адносінах я шмат чаго цярпела і даравала. Сыходзіла, Рома абяцаў, што зменіцца, на месяц станавіўся ідэальным мужчынам, пасля зноў… Мы рэдка размаўлялі. Сесці ўвечары, абмеркаваць планы, падтрымаць — нічога. Мы быццам разам, але пяшчоты не было.

Але я не хачу яго вінаваціць — я яго кахаю дагэтуль».

Нараджэнне дачкі для Карыны стала цудам. Ёй казалі, што яна не можа зацяжарыць, і раптам тэст паказаў дзве палоскі.

«У той момант мы чарговы раз рассталіся з Ромам. Пасля навіны пра цяжарнасць, натуральна, сышліся — быў каласальны ціск сваякоў: «Дзіця павінна жыць з бацькам». Я адчувала інакш. А жанчынам трэба давяраць сваёй інтуіцыі. Не жыць з тым, з кім не хочаш. Калі ёсць нейкія званочкі — сыходзіць. Верыць у сябе, што ў цябе ўсё атрымаецца, ты дасі рады. Я пракручвала ў галаве розныя варыянты. Калі б тады мы не сышліся зноў, я б выратавала сваё дзіця…

Дачка проста копія мяне была. Гэтак жа перабівала маіх сябровак, як і я. Я старалася сябе стрымліваць у фота, але было каласальнае жаданне ўсім скідаць яе здымкі. Гэтыя фацінавыя спаднічкі, заколачкі… Калі нарадзілася Лагерта, я адчула такі прыліў сіл! Дзеля яе я магу ўсё, зраблю так, каб яна была самай шчаслівай, ганарылася сваімі бацькамі. Увечары пасля кармлення дачка засынала на спецыяльным крэсліцы, і найлепшае адчуванне — гэта пераносіць у ложачак яе цёплае цела, якое смачна пахне. Божа, я кожны дзень чакала гэтага моманту! 

Чаму Лагерта? Мы калісьці збіраліся з’ехаць у Швецыю — былі там у знаёмых і ўлюбіліся ў тое месца, зразумелі, што гэта краіна з усімі ўмовамі. Падселі на серыял «Вікінгі». Мяне зачапіла, што жанчына можа быць і гаспадыняй, і ваяўніцай. Ну і наша дачка — маленькі воін.

Памятаю, як яна першы раз засмяялася. Мы валяліся з ёй на падлозе, слухалі «Рукі ўверх», я здымала відэа — і тут яна залівіста пачынае рагатаць. Ёй месяцаў пяць было. Я гэта відэа пераглядала з ранку да вечара. А цяпер не магу.

Рома ад яе не адыходзіў. Ён любіў дачку. Мы калі першы раз выходзілі на шпацыр (вельмі яго чакалі!), ледзь не пабіліся, хто будзе ісці з каляскай (усміхаецца). Кацілі яе ўдвух. Ён уставаў ранкам, каб пакарміць дачку, размаўляў з ёй».

«Пасля 12 год разам разрыў для нас абаіх быў балючы»

За месяц за трагедыі Карына і Раман рассталіся, на гэты раз канчаткова. Карыну пужалі яго перапады настрою. 

«Я з ім рассталася не дзеля кагосьці іншага. Тут пытанне толькі ў нас траіх — мне, Лагердзе і Роме.

Шчыра, апошнім часам я яго баялася. Я яму так і казала: не ведаю, на што ты здольны. Я разумела, што гэта не жыццё — ты задыхаешся ў адносінах. З’явілася куча агрэсіі, пагроз, шмат недасказанасцяў. Але я баялася за сябе — не за дачку. Калі б у мяне хоць на 1% былі сумненні ў яго стаўленні да яе, я б ніколі ў жыцці іх адных не пакінула.

Мы працягвалі жыць на здымнай кватэры. Рома свае рэчы не забіраў, перыядычна сыходзіў. Дзень мы нармальна размаўлялі, на наступны мне прыляталі прэтэнзіі ў духу «пазбаўляеш дзіця сям’і, усё жыццё мне сапсавала». Я прапаноўвала хадзіць да сямейнага псіхолага. «Што за глупства, ні ў якім разе», — такая была рэакцыя. Пасля 12 год гэты разрыў для нас абаіх быў балючы, шквал эмоцый.

Мы дамовіліся, што будзем з дзіцём сядзець па чарзе праз дзень. Увечары перад трагедыяй я з’ехала за горад. Мы пасварыліся, але нічога незвычайнага ў гэтым не было. А 9-й раніцы Рома даслаў мне фатаграфію Лагерты і ёрка Рэвы, усё з імі было добра. А потым пачаліся абразы, ён пярсцёнак змыў ва ўнітаз. Я пішу: «Рома, што адбываецца? Ты ўсё адно яе тата, гэта нікуды не дзенецца». У адказ: «Я толькі цяпер зразумеў, якая ты бессардэчная. Хутка даведаешся». І смайлік. Адзінае, ад чаго мяне скаланула, — той апошні сказ. Я еду з-за горада ў Мінск — і тут мне тэлефануе міліцыя, суседзі, гаспадыня кватэры, і пачынаецца пекла.

Гэта пекла — калі ты хаваеш сваё 8-месячнае дзіця, выбіраеш помнік. Калі разумееш, што сіл няма. Ты за нешта бярэшся і думаеш: а навошта гэта трэба? Нічога не мае сэнсу. Толькі калі ты штосьці для яе можаш зрабіць — паехаць на могілкі, купіць цацкі. Быў вельмі цяжкі кастрычнік. 9-га мне 30, 17-га — дачцэ годзік. Мог бы быць.

Немагчыма было глядзець на іншых дзяцей. Немагчыма было выходзіць з дому, уставаць з ложка, элементарныя рэчы рабіць — задыхаешся, пачынаюцца панічныя атакі. Я дагэтуль не магу распраміць плечы, у мяне як нешта заціснулася ўнутры.

Рома ніякай запіскі не пакінуў. Маме ён нават не казаў, што мы рассталіся, каб не хвалявалася лішні раз.

Я заходзіла ў тую кватэру — каб пахаваць дзіця, мне патрэбна было пасведчанне аб нараджэнні. Майго там не засталося нічога — Рома ўсё спаліў у ваннай: адзенне, абутак, сумкі. Нават заначку. Рэчы дачкі ён не чапаў. Там уся кватэра было ў куродыме. Хоць я гэту кватэру надзвычай любіла, стварала там утульнасць, у ёй адчувалася столькі злосці, што проста немагчыма было там знаходзіцца. Пасля здарэння я там ужо не жыла».

«З пяці псіхатэрапеўтаў са мной пагадзілася працаваць два»

Карына ўспамінае, што пасля той трагедыі ў яе бок прыляцела шмат бруду.

«У каментарах пісалі, што я кідала дзіця, сыходзіла ў загулы. Маўляў, чаму мяне не было той раніцай дома? Мне нават блізкія Ромы казалі, што я яго давяла. У яго бацька застрэліўся тры гады таму. Мама вініць мяне ў смерці Ромы. Я як жанчына яе разумею, думала, што мы разам зможам з гэтым змагацца. Першы час мне таксама хацелася разарваць усіх, пасля я ўзважыла і зразумела, што і яна страціла сваё дзіця. Плюс з кім мне яшчэ Рому абмяркоўваць? У мяне ўсё жыццё з ім звязана, я пастаянна згадваю яго ў гісторыях. Я патэлефанавала яго маме — нічога з гэтага не вышла.

Натуральна, за гэтыя 9 месяцаў у мяне самаацэнкі ніякай. Я сябе разлюбіла. Мне здавалася, што я ўжо дастала ўсіх сяброў сваім ныццём, што я адна і нікому не патрэбна. Я сядзела на падлозе, паліла царкоўныя свечкі, раўла і проста крычала ў акно».

Як спраўляцца з такім болем? Карына і цяпер да канца не ведае. Раіць спрабаваць усё, бо камусьці палёгку прынясе ёга, а камусьці — вера ў містыку.

«У першыя ж дні я пачала перапісвацца з дзяўчатамі з падобнымі гісторыямі. З адной мы абмяркоўвалі, як пакончыць з сабой. У мяне пастаянна былі такія думкі. Дзён, калі я адчувала сябе шчаслівай, не было. Я не ведаю, як я жывая дагэтуль. Гэта, напэўна, заслуга сябровак, якія не адыходзілі ад мяне ні на крок, баяліся пакінуць мяне адну. 

Я пагаджалася на любыя сустрэчы. Мяне адна сяброўка вадзіла па тэатрах. Я не памятаю ніводнага спектакля, але я разумела, што мне трэба нафарбавацца, выйсці, і яшчэ адзін дзень мой пройдзе. Нехта ў Макдональдс выцягваў, нехта да сябе ў госці забіраў.

Вельмі складана было знайсці псіхатэрапеўта. Мне скінулі пяць нумароў тэлефона. З гэтых пяці са мной пагадзіліся працаваць двое. Астатнія адмовіліся: з такімі стратамі мы не працуем. Я прыйшла да псіхатэрапеўткі: яна добрая, але выгаварываць мне было нечага. Я хацела аднаго — каб мая дачка была са мной. Былі разы, што я проста плакала. Але гэтыя візіты былі карысныя, бо я выходзіла з дому.

Тут задзейнічаеш усё — бабкі, экстрасэнсы. Самае галоўнае, што хочацца ў гэтыя моманты, — хоць неяк знайсці сваё дзіця. Містыка не містыка, але гэта шанс ведаць, што тваё дзіця з табой і з ім ўсё добра. Без веры не пражывеш. Як казала адна дзяўчына: я прачынаюся і кажу сабе, што цяпер на адзін дзень бліжэй да свайго сына. Бо ўсе мамы пішуць пра тое, што нельга скончыць жыццё самагубствам, інакш не сустрэнешся са сваім дзіцем. 

Канечне, калі табе кажуць, што дачка вернецца нейкім чынам, гэта дапамагае. Я зрабіла татуіроўку з яе імем на раменніцы — хаджу, дакранаюся да яе. Бо гэта кавалачак мяне.

Тут рэальна трэба спрабаваць усё. Але асноўнае — прысутнасць. Калі пытаюцца, чым дапамагчы, — проста прыедзьце і будзьце побач. Абдыміце, вазьміце за руку.

Цяпер кніжкі ратуюць. Я прачытала таўсценны «Шантарам» і перайшла на кнігі па псіхалогіі. «Што можна зрабіць, калі зрабіць ужо нічога нельга» Алавердавай, «Калі ўсё разбураецца» Чодран, «Пачынанні, якія перапыніліся» (пра вылячэнне страт, звязаных з дзетанараджэннем). Яны паўплывалі на мае думкі, падказалі, як трэба дзейнічаць. Гляджу розныя дакументалкі пра забойствы, дэтэктывы. Прачынаюся і адразу ўключаю, бо калі цішыня — страшна. 

Я заўсёды з сабой нашу каўпачок ад любімай соскі дачушкі. Сама соска на могілках. Пакінула дома пару нашых любімых камбінезонаў для сну, некалькі сукенак, каляску, абутак, які для яе быў падрыхтаваны — яна яшчэ нічога з яго не паспела панасіць. Спачатку хацела ўсё захаваць, але праз паўгода адвезла частку рэчаў у дом міласэрнасці».

«Я разумею, што магу быць прыкладам — няхай і ўнутры я ўся разарвана-разбіта»

Ідэя па падтрымцы жанчын, якія страцілі сваіх дзяцей, у Карыны з’явілася пасля размоў з дзяўчатамі, што перажылі падобныя трагедыі. З праектам «Выжыць» яна падалася на конкурс Social Weekend.

«Тэрмін «бядуючыя бацькі» ёсць у многіх псіхалагічных кнігах. Калі засноўвацца на амерыканскай мадэлі, там ёсць калектыў валанцёраў — гэта людзі, якія перажылі нешта падобнае і прайшлі курс па аказанні дапамогі. Ты можаш ім пазваніць, яны прыйдуць да цябе дадому і проста будуць сядзець побач. Левыя людзі становяцца блізкімі ў такія моманты. У мяне ўжо сабралася каманда — юрысты, псіхолагі, коўчы.

Важныя групы падтрымкі: я ведаю, як гэтага будзеш чакаць — месца, куда ты прыходзіш і цябе ўсе разумеюць. Мне пісалі мамы, у якіх трагедыя 20 гадоў таму адбылася, і ім такая падтрымка патрэбна дагэтуль», — дзеліцца дзяўчына. Пост у інстаграме, дзе Карына распавяла сваю гісторыю, імгненна разляцеўся.

Карына па сабе ведае, якія словы прыносяць толькі боль і раздражненне, а не палёгку.

«Нельга казаць: у цябе яшчэ будуць дзеці, трэба ўзяць сябе ў рукі. Немагчыма — на цябе накатвае дэпрэсія. Мне сяброўка тэлефануе: хачу лета. А я не хачу лета, у мяне ў носе той пах, калі я сядзела ў хуткай, а побач ляжала накрытае цела дачкі. У Парк перамогі, дзе мы часта гулялі, я не магу заходзіць.

Хацелася пачуць: «Ты малайчына, ты выжыла ў гэтай сітуацыі, тое, што ты адчуваеш, нармальна». 

У далейшым Карына плануе прыцягваць увагу і да іншых тэм — стаўленне да жанчын у радзільнях, сямейны гвалт, людзі, чые блізкія здзейснілі суіцыд. Праз грамадскую дзейнасць яна спадзяецца выцягваць з варонкі і саму сябе.

«На працу я не выходзіла — у любы момант можаш выпасці, — прызнаецца дзяўчына. — Ты быццам трымаешся, а пасля цябе выбівае — і ўсё. Плюс калі па маёй эканамічнай спецыяльнасці працаваць, гэта жаночы калектыў, ва ўсіх сем’і, спатканні. А што я? Я незалежны чалавек, але слухаць гэта пакуль вельмі балюча.

Я завяла сабе сабаку. Ёрк Ролтан — ён занадта прыгожы, трэба было недарэчнае імя даць (усміхаецца). Я яго ўзяла, бо разумела, што так мне трэба будзе пра кагосьці клапаціцца — карміць, выводзіць на вуліцу. Спрабую да сабакі прывыкнуць. Канечне, ён не можа мне замяніць усіх блізкіх.

Тое, што я цяпер адкрылася, гэта найлепшае маё рашэнне. Я рэальна ажыла, я ўсміхаюся. Такой падтрымкі не адчувала ніколі ў жыцці. Я таю ад таго, што мне цяпер пішуць, што столькі людзей у мяне вераць.

Я разумею, што магу быць прыкладам. Няхай я ўнутры ўся разарваная-разбітая, але калі можна перажыць такую трагедыю… Няхай бачаць, што можна знайсці сэнс жыцця зноў. Для мяне сэнсам стане дапамога. Мне напісала родная дзяўчынкі, якую збілі каля гандлёвага цэнтра «Замак», і пасля закрылі пераход. І мая гісторыя адышла на задні план.

Я не бачыла далейшага жыцця. Мне нічога не трэба без дачкі, не ведаю, як можна пакахаць кагосьці яшчэ. Але ў плане праекта я загараюся. Я за жанчын. З нашым менталітэтам, дзе «абы муж быў, а які няважна», не ўсё ў парадку. Павінна быць раўнапраўе, павага ў сям’і, калі гэтага няма — сыходзьце. Без фанатызму, але хачу, каб жанчыны ў гэтай краіне былі шчаслівыя. Бо занадта шмат болю».

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні