Праект партала
Стасункі «Ён спрабуе раздзяліць рахунак пароўну ў кавярні». Бізнэсмен пра тое, што не так з беларускімі мужчынамі37
15.03.2020 / 12:10

Раману Кубаркову з Мінска 39 гадоў. Мужчына двойчы быў у шлюбе, перажыў два складаныя разводы. І ў пэўны момант зразумеў, што калі цябе не задавальняе чалавек, які побач, значыць трэба пашукаць прычыну ў сабе самім.

«Быў доўгі перыяд пазнання самога сябе. Я наведваў псіхолага, удзельнічаў у трэнінгах, разбіраўся ў сваіх адносінах. І толькі калі зразумеў, што мне аднолькава хораша і з сабой самім, і з чалавекам, які побач, тады адчуў сябе абсалютна шчаслівым», — распавядае Раман.

Цяпер Раман не толькі займаецца бізнэсам, але з'яўляецца ментарам па эфектыўных камунікацыях, ён дапамагае іншым разабрацца ў сабе, вядзе курсы, на якіх расказвае пра тое, як мець гарманічныя адносіны са сваім партнёрам, а таксама як дамагчыся фінансавага дабрабыту.

І сцвярджае, што беларускія мужчыны не ўмеюць заляцацца да жанчын.

«Я, бывае, звяртаю ўвагу на некаторыя парачкі. І ў мяне амаль ніколі не ўзнікае думкі пра тое, што мужчына знайшоў у гэтай жанчыне, затое вельмі часта думаю: «Божа, што яна ў ім знайшла!» Мужчына дазваляе сабе прыходзіць на спатканне ў памятай кашулі, у брудным абутку. Дазваляе сабе ныць, спрабуе раздзяліць рахунак пароўну ў кавярні, а жанчына гэта прымае. Чаму»? — задаецца пытаннем Раман.

І тут жа адказвае:

«У нашым грамадстве яшчэ вялізную ролю адыгрываюць стэрэатыпы: жанчыне сорамна быць адной. Сорамна не быць замужам, сорамна да пэўнага ўзросту не нараджаць дзяцей. І што атрымоўваецца? Жанчына сама сабе стварае карцінку шчаслівага жыцця. Пасля ўсё жыццё імкнецца яе абслугоўваць, падтрымліваць гэтую ілюзію. Навошта? Мне хочацца задаць пытанне жанчынам:

Калі з вамі побач мужчына без мэтаў, мужчына, у якога адна радасць у жыцці папіць піва пасля працы і пагуляць у танчыкі, які не заўважае вас, не дорыць падарункаў. Навошта ён вам?» — разважае Раман Кубаркоў.

Яшчэ адзін недахоп у мужчынах Раман бачыць у тым, што любую просьбу сваёй жанчыны той успрымае як «вынас мазгоў».

«Я не апраўдваю жанчын, якія насамрэч могуць падоўгу капаць на мазгі, але ўсё ж мужчыны схільныя да таго, каб вінаваціць ва ўсім жанчыну. Просты прыклад з майго асабістага жыцця. Мая дзяўчына неяк папракнула мяне тым, што я ёй не дару кветак. Ведала б яна, якія працэсы адбываліся ў маёй галаве адразу пасля гэтага. Я думаў пра тое, прычым тут кветкі, калі я праводжу з ёй увесь свой вольны час? Што рабіць? Бегчы па кветкі, тым самым паказаць, што я падабцаснік? А што калі яна цяпер будзе думаць, што я буду выконваць кожны яе капрыз? А калі не бегчы за кветкамі? Яна будзе думаць, што мне ўсё роўна? У выніку купіў кветкі. І ведаеце што? Усе прэтэнзіі скончыліся», — расказвае Раман.

З гэтага ён зрабіў выснову, што трэба проста разумець мову кахання свайго партнёра, як гэта раюць рабіць псіхолагі. Для кагосьці гэта час, праведзены разам, для кагосьці падарункі, для кагосьці словы.

«Мы не ўмеем размаўляць адно з адным. Раскажу простую прытчу. Жывуць муж з жонкай разам дваццаць год. Яна яго кахае. І разважае: «Я пяку хлеб, у мяне атрымліваецца мяккая сярэдзіна і чэрствая скарынка. Я буду сама есці скарынку, а мужу аддаваць лепшае». І неяк яны пасварыліся. Жонка думае: «Раз ты такі, то душыся ты скарынкай». А муж ёй адказвае: «Любая мая, дзякуй. Я цябе так кахаю, што дваццаць гадоў баяўся прызнацца, што люблю толькі скарынку, каб цябе не пакрыўдзіць». Вось і ўвесь сакрэт. Трэба размаўляць».

Зараз Раман Кубаркоў прызнаецца, што цалкам гатовы для трэцяга шлюбу.

«Жанчына, якая спадабаецца мне, павінна быць самадастатковай асобай. Наўрад ці я зразумею жанчыну, каторая будзе слаць мне па 30 паведамленняў у дзень, каб спытацца, дзе я і чым займаюся. Жанчына, якая спадабаецца мне, павінна разумець, што мая мова кахання — гэта мой час. Для мяне задавальненне адвесці жанчыну на вячэрняе спатканне, напрыклад, у Рым. Ці важная знешнасць для мяне? Напэўна, але жанчына на мой густ павінна быць натуральнай і дагледжанай. Хаця я нічога не маю супраць так званай камерцыйнай знешнасці», — кажа Раман.

Пад «камерцыйнай» знешнасцю жанчыны Раман Кубаркоў мае на ўвазе выгляд жанчын, якія самі зрабілі сабе знешнасць: напампаваныя вусны, сіліконавыя грудзі і азадак, павекі і валасы, якія штучна нарасцілі.

«Калі я бачу такіх дзяўчын, я разумею, што перада мной жанчына-прадавец. Яна ўклала ў сябе шмат інвестыцый, каб больш выгадна сваю знешнаць «прадаць». Не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Такія жанчыны заўсёды сустрэнуць мужчын, якія дзякуючы ёй закрыюць свае «хацелкі». Але такія жанчыны асабіста мне не падабаюцца», — упэўнены Раман Кубаркоў.

Раман лічыць беларускіх жанчын самымі прыгожымі ў свеце.

«Гэта праўда, я восем гадоў не жыў у Беларусі, і гэтага часу было дастаткова, каб зразумець гэта. Беларускія жанчыны ўмеюць натхняць. Дзеля іх хочацца мяняцца, хочацца рабіць учынкі. Толькі хочацца, каб нашы дзяўчаты давалі мужчынам такую магчымасць. Мне сумна, калі жанчына не дазваляе адкрываць перад ёй дзверы, падаваць ёй паліто. Я ўпэўнены, што жанчына побач з мужчынам павінна адчуваць сябе ў бяспецы», — лічыць Раман.

Раман папракае жанчын толькі ў тым, што яны часам страшныя ўласніцы.

«Сапраўды, гэта частая памылка некаторых жанчын. Калі жанчына нарэшцэ займела мужчыну, яна робіць усё, каб іншыя дзяўчаты нават не паглядзелі на яго», — усміхаецца Раман.

На пытанне, што павінна адбыцца, каб беларускія мужчыны нарэшце навучыліся заляцацца да жанчын, Раман адказаў:

«Як спецыяліст у гэтай галіне, дакладна скажу, што кожны павінен дайсці да гэтага самастойна. Пакуль жанчыны будуць цярпець спажывецкія адносіны да сябе з боку мужчын, мужчыны будуць ленавацца нешта мяняць у сабе. Чаму кожная канкрэтная жанчына такое трывае — гэта трэба разбірацца ў кожным канкрэтным выпадку, і часам тэрапія можа заняць некалькі гадоў. А мужчынам, якіх «усё задавальняе», калі жанчына закрывае яго бытавыя пытанні, даглядае за ім, я скажу, што гэты варыянт не вядзе вас да развіцця, у тым ліку і да фінансавага. Жадаеце больш грошай — адыдзіце ад «зручных» варыянтаў, пачніце звяртаць увагу на жанчын іншага ўзроўню. Калі жанчына вас натхніць, то вы заўважыце, што цікавасць да піва і танчыкаў ссоўваецца ў бок таго, што раней было недаступна. Не кажучы ўжо ад кайфу, які вы атрымаеце, скараючы жанчыну», — падсумаваў Раман Кубаркоў.

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні