У нядзелю, 27 жніўня, у адным з рэстаранаў Курган-Цюбе адсвяткавалі вяселле Марджона і Саідша, што жывуць у Бахтарскім раёне, паведамляе «Радио Озоди».
За гэтым вяселлем і падрыхтоўкай да яго назіралі і журналісты, і чыноўнікі, і простыя жыхары, бо яно адбылося па даручэнні прэзідэнта краіны.
Яшчэ месяц таму Марджона і Саідша — маладая медсястра і сельскі настаўнік гісторыі — уявіць не маглі, што хутка абмяняюцца заручальнымі пярсцёнкамі. Больш за тое, яны, можна сказаць, і пазнаёміліся на сваім вяселлі.
А ўсё пачалося з таго, што 16 жніўня прэзідэнт краіны Эмамалі Рахмон падчас сваёй рабочай паездкі па Хатлонской вобласці заехаў у кішлак Заргар Бахтарскага раёна. У час сустрэчы з актывістамі да мікрафону падышоў 23-гадовы настаўнік гісторыі сярэдняй школы №39 Бахтарскага раёна Саідша Асрораў. Ён сказаў, што шчаслівы ўбачыць на свае вочы кіраўніка дзяржавы, падзякаваў яму за старанні ў сферы адукацыі і выхаванні маладога пакалення, і нават прачытаў паэтычныя радкі ў гонар лідара.
Эмамалі Рахмон пацікавіўся, ці жанаты Саідша. Пасля сустрэчы ўлады Бахтарскага раёна атрымалі даручэнне знайсці спадарожніцу жыцця для настаўніка гісторыі і дапамагчы яму ў арганізацыі вяселля.
Пасля таго, як мясцовыя ўлады ўзяліся выконваць даручэнне прэзідэнта і сталі думаць, каго ж выдаць за Саідша, малады чалавек заявіў, што хоча рукі і сэрца Марджоны — дачкі яго калегі, настаўніка фізкультуры. Хлопец сказаў, што бачыў дзяўчыну толькі аднойчы, калі яна вучылася ў медыцынскім каледжы Курган-Цюбе. Марджона яму шалёна спадабалася.
Nina.nn.by