Штотыдзень мы дзелімся з вамі талковымі профілямі. Для натхнення і не толькі. Кожную сераду — новая гераіня ці герой!
Фатограф і феміністка з Гомеля (зараз жыве ў Варшаве) Даша Бубен у 2016 годзе пад хэштэгам #everydayifindnewpussy пачала посціць у інстаграме рэчы і прадметы, якія сваім выглядам нагадваюць вульву (жаночыя палавыя органы).
Навошта? Дзяўчына сцвярджае, што такім чынам яна падымае пытанне прыкметнасці жанчын у грамадстве: «Ці бачныя мы так, як мужчыны? Ці не атрымліваецца, што нашы праблемы застаюцца схаванымі, незаўважнымі для большасці?».
З моманту, калі яна ўпэўнілася ў актуальнасці гэтых праблем, у яе профілі былі апублікаваныя дзясяткі фотаздымкаў са зморшчанай тканінай, дзіркамі ў асфальце, адкрытымі сумкамі, фруктамі і бруднымі сурвэткамі. Зададзеную ёй тэму падхапілі і іншыя людзі. А праект нават трапіў на вокладку гарадскога часопіса «Большой».
Нядаўна Даша дала інтэрв’ю парталу «Birdinflight», якому паведаміла, што ў будучыні з задавальненнем збярэ ўвесь гэты матэрыял для свайго глабальнага праекта пра жанчын, бо «нам столькі яшчэ ўсяго трэба будзе сказаць».
КК