У Вірджыніі трансгендар і прадстаўнік Дэмакратычнай партыі Даніка Роэм упершыню стала членам Палаты дэлегатаў штата. Яна выйграла выбары ў шматгадовага члена Палаты дэлегатаў Вірджыніі Роберта Маршала, які называў сябе «галоўным гамафобам» штата. Пра гэта піша The Washington Post.
32-гадовая былая журналістка Даніка Роэм стала членам Палаты дэлегатаў Вірджыніі, перамогшы рэспубліканца Роберта Маршала, які займаў гэтую пасаду больш за 20 гадоў. Яна стане першым адкрытым трансгендарам на дзяржаўнай пасадзе ў ЗША. Раней кандыдат-трансгендар быў абраны ў Нью-Гэмпшыры ў 2012 годзе, але ён не ўступіў у пасаду, таксама трансгендар працаваў у парламенце штата Масачусэтс у пачатку 1990-х, але ён не заяўляў пра сваю трансгендарнасць падчас агітацыі.
Маршал быў самым кансерватыўным заканадаўцам штата Вірджынія, піша выданне, а Роэм увасабляе большасць з таго, з чым змагаўся Маршал у Палаце дэлегатаў. 73-гадовы палітык адмовіўся ад дэбатаў з Роэм і выказваўся пра яе ў мужчынскім родзе. У сваім фэйсбуку ён напісаў, што «мае намер працягваць барацьбу за вас [жыхароў штата] у будучыні, але ў іншай ролі».
Роэм атрымала 54,6% галасоў, а Маршал — 45,4%. Былой журналістцы ўдалося сабраць на сваю кампанію амаль у 3 разы больш грошай, чым Маршалу — $500 тысяч. Большая частка ахвяраванняў паступіла ад прыхільнікаў ЛГБТ. Работнікі штаба Роэм правялі агітацыю ў 75 тысячах дамоў, а работнікі штаба Маршала — у 49 тысячах дамоў.
Nina.nn.by